Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Прыгоды АРА ў Беларусі” (фотарэпартаж і поўны тэкст кнігі)


Галіна Абакунчык, Менск У менскім Доме літаратара адбылася канфэрэнцыя з нагоды выхаду кнігі Аляксандра Лукашука “Прыгоды АРА ў Беларусі”. Гэта пятае выданьне з сэрыі “Бібліятэка Свабоды”, прысьвечаная амэрыканскай гуманітарнай дапамозе ў Беларусі. “АРА” – гэта абрэвіятура словазлучэньня, якое з ангельскай перакладаецца, як “Амэрыканская адміністрацыя дапамогі”. “АРА” была арганізаваная з ініцыятывы 34-га прэзыдэнта ЗША Гербэрта Гувэра з мэтай падтрымкі жыхароў эўрапейскіх краінаў, пацярпелых у часе першай усясьветнай вайны. Гэтую дапамогу афіцыйныя гісторыкі замоўчваюць і па сёньня. Кніга сталася першым дасьледаваньнем амэрыканскай дабрачыннай прысутнасьці ў Беларусі.

Канфэрэнцыя распачалася на паўгадзіны пазьней ад плянаванага часу, паколькі да апошняга моманту не было пэўнасьці, ці дазволіць адміністрацыя Дома літаратара правесьці сустрэчу ў актавай залі.

Заля была запоўненая людзьмі. Сярод гасьцей – прадстаўнікі амбасадаў іншых краінаў, вядомыя беларускія літаратары, палітыкі й мовазнаўцы, такія, як Рыгор Барадулін, Валянцін Тарас, Генадзь Бураўкін і многія іншыя, а вядзе вечарыну старшыня беларускага ПЭН-цэнтру Лявон Баршчэўскі.

Адной зь першых слова ўзяла прадстаўніца дыпкорпусу ЗША ў Беларусі Констанс Фліпот. Пра ўнікальнасьць дасьледчай працы ў кнізе “Прыгоды АРА ў Беларусі” гаварылі таксама вядомыя ў Беларусі гісторыкі, літаратары й палітыкі, якія прынялі ўдзел у вечарыне. Сярод іншых гісторык, супрацоўнік Нацыянальнага архіву Віталь Скалабан. Вось што ён сказаў у інтэрвію Свабодзе.

(Скалабан: ) “Яна ўнікальная тым, што тут выкарыстаныя дакумэнты, як з амэрыканскага боку, так і дакумэнты беларускіх уладаў. Якраз аўтару, Аляксандру Лукашуку ўдалося іх паяднаць і стварыць вельмі ўражлівую карціну падзей у гэтыя цяжкія для Беларусі гады. Гэта наватарская работа. Фактычна, яна падае мэтодыку для далейшых дасьледаваньняў.”

Іншыя выступоўцы казалі, што “Прыгоды АРА ў Беларусі” ёсьць першая кніга, зь якой можна даведацца пра факт амэрыканскай дабрачыннай прысутнасьці ў Беларусі, які, фактычна, выкрасьлены з гісторыі краны. І ўсе гэтыя, амаль сто гадоў, гісторыя АРА застаецца недаступнай для нашчадкаў тых беларусаў, якія карысталіся гэтай дапамогай і, магчыма, якія гэткім чынам уратавалі сваё жыцьцё.

Да прыкладу, толькі ў Энцыкляпэдыі Беларусі за 1996 год гаворыцца некалькі словаў пра АРА. Прычым, сутнасьць гэтай арганізацыі тлумачыцца ў беларускай энцыкляпэдыі ў стылі часоў “халоднай вайны”, як спробы “амэрыканскага імпэрыялізму” усталяваць у Беларусі эканамічнае й палітычнае панаваньне, што, натуральна, зьяўляецца хлусьнёй, бо гэтыя 13 амэрыканцаў, якія працавалі ў праграме АРА, кармілі галодных, лячылі хворых, апекаваліся ўцекачамі і сіротамі, змагаліся з ЧК і камуністычнай бюракратыяй.

Аўтар даводзіць, што амэрыканская дапамога ў 1920-х гг. склала каля 80 мільёнаў даляраў у сёньняшніх коштах. А вось як успамінае харчы ад АРА адна з атрымальніцаў дапамогі ў 1921 годзе, вучаніца другой клясы менскай школы на вуліцы Падгорнай (цяпер Карла Маркса) Яніна Каханоўская, якая цяпер жыве ў Нью-Ёрку:

(Каханоўская: ) “Я хадзіла ў школу, і нам давалі абеды. І ўсё аказалі: АРА дае. Але мы ўяўлялі сабе, што АРА гэта нешта такое абстрактнае: дае абеды рука нейкая. А што гэта? Гэта ж былі дзеці. Малако добрае было. Давалі добры кубак какава, булачку, і гэта можна было піць колькі хочаш. Бацька ж мой працаваў і прыносіў прадукты таксама – прадукты АРА. Фасоля была такая смачная. Можа якіх дзесяць гатункаў фасолі. І нават былі фасолькі з пражылкамі, з рознымі рысункамі. А смак – ну надзвычайны...”

Аўтар кнігі Аляксандр Лукашук, падчас дасьледаваньня гісторыі АРА, якую ён праводзіў у архівах Гувэраўскага інстытуту ў Каліфорніі, знайшоў там вельмі шмат цікавага пра Беларусь. Вось што ён сказаў у інтэрвію беларускай службе Радыё Свабода за некалькі хвілінаў да пачатку імпрэзы:

(Лукашук: ) “У архівах Гувэраўскага інстытуту захоўваюцца дзесяткі сюжэтаў для дасьледаваньняў гісторыі Беларусі. Я быў, канечне, асабліва ўражаны, калі сустрэў сваё прозьвішча сярод тых, хто атрымліваў амэрыканскую дапамогу на Берасьцейшчыне ў 1920-х гадах. Там шмат прозьвішчаў, якія супадалі зь імёнамі мах берасьцейскіх аднаклясьнікаў, сваякоў, людзей з нашай мясцовасьці. Некалі я спытаў у ўнука Гербэрта Гувэра, што на яго думку можна было бы зрабіць сёньня, праз дзесяцігодзьдзі пасьля завяршэньне працы Гувэра ў Беларусі, што магло бы ўсьцешыць ягонага дзеда. І ён мне сказаў – рабіце, што магчыма, каб гэтая праца майго дзеда стала вядомая людзям.”

Удзельнікі сёньняшняй імпрэзы пачулі голас самога Гербэрта Гувэра, запісанага на магнітафоннай стужцы, якая цяпер захоўваецца ў архівах. Прагучалі таксама ўрыўкі з сэрыі радыёпраграмаў з аднайменнаю назваю “Прыгоды АРА ў Беларусі”, якая гучала на хвалях Радыё Свабода ў 2004 годзе.

Кніга Аляксандра Лукашука “Прыгоды АРА ў Беларусі” паступілі ўжо ў шэраг Цэнтральных бібліятэкаў Беларусі, у тым ліку ў абласных гарадах, у музэі, рэдакцыі газэтаў. Неўзабаве яна таксама будзе распаўсюджаныя ў цэнтральных бібліятэках замежных краінаў.

“Прыгоды АРА ў Беларусі” – напісаная клясычным правапісам, так званай “тарашкевіцай.” Паводле мовазнаўцы Зьмітра Саўкі, гэтая праца адна з нешматлікіх, якую можна браць за ўзор клясычнага правапісу.

(Саўка: ) “Гэта вельмі станоўча сьведчыць пра кнігу й гэта вельмі станоўча сьведчыць пра сытуацыю. Бо русізмы й саветызмы, уласьцівыя мове 70–80-х гадоў, яны паступова адышлі й на сёньня, з гэтай мовай ужо ня сорамна выступіць у сьвеце”.

Гэта быў мовазнаўца Зьміцер Саўка. Старшыня беларускага ПЭН-цэнтру Лявон Баршчэўскі, кнігу “Прыгоды АРА ў Беларусі” назваў каштоўнай з гледзішча ня толькі гістарычнага дасьледаваньня, але таксама й журналісцкай працы аўтара.

(Баршчэўскі: ) “Кніга напісана вельмі прафэсійна: гэта праца й гісторыка, і журналіста адначасна. І гэта захапляльнае чытаньне. А захапляльнае таму, што параўноўваеш з сёньняшнім днём і бачыш, шмат агульнага ў сытуацыі, у той фразэалёгіі, якой карыстаецца ўлада. І гэтым кніга вельмі каштоўная. Нашыя гісторыкі павінныя пісаць вось такім чынам, як гэта зрабіў Алесь Лукашук. Віншую яго з гэтай кніжкай.”

***

“Амэрыканская адміністрацыя дапамогі” была створаная ў 1919 годзе з ініцыятывы будучага 34-га прэзыдэнта ЗША Гербэрта Гувэра з мэтай дапамогі жыхарам эўрапейскіх краінаў, пацярпелых у выніку першай усясьветнай вайны. На гэта Кангрэс ЗША выдзеліў 100 мільёнаў даляраў. Толькі для падсавецкай Беларусі гэтая дапамога склала 14 тонаў харчоў, мэдыкамэнтаў, абсталяваньня, адзеньня коштам амаль 3 мільёны даляраў. Гербэрт Гувэр уратаваў ад галоднай сьмерці каля 20 мільёнаў чалавек – больш за ўсіх у гісторыі чалавецтва. “Прыгоды АРА ў Беларусі” й ёсьць першая кніга, зь якой можна даведацца пра факт амэрыканскай дабрачыннай прысутнасьці ў Беларусі.

Кніга Аляксандра Лукашука “Прыгоды АРА ў Беларусі” – гэта пятая кніга, якая выйшла ў сэрыі “Бібліятэка Свабоды”. Раней былі кнігі “Верш на Свабоду”, “Дарога праз Курапаты”, “Быкаў на Свабодзе” й “Дуліна ад Барадуліна.”

Поўны тэкст кнігі разам зь іншымі публікацыямі таксама даступны на нашым вэбсайце на старонцы “Бібліятэка Свабоды” (PDF).
XS
SM
MD
LG