Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадпрымальнікаў не задаволілі ініцыятывы Лукашэнкі пра ПДВ і арэнду


Міхал Стэльмак, Менск Захаваньне падатку на даданую вартасьць і зьмяншэньне арэнднай платы для прадстаўнікоў дробнага бізнэсу, абяцанае сёньня Аляксандрам Лукашэнкам, ня вырашыць прадпрымальніцкіх праблемаў. Пра гэта заяўляюць многія ўдзельнікі распачатага 1 сакавіка агульнабеларускага страйку. Нагадаем, мэта акцыі беларускіх бізнэсоўцаў — пратэст супраць падатковага новаўвядзеньня.

Аляксандар Лукашэнка на сёньняшняй нарадзе, прысьвечанай праблемам прадпрымальніцтва, заявіў пра захаваньне для дробных бізнэсоўцаў падатку на даданую вартасьць. Як вынікае зь яго тлумачэньня, гэта прадыктавана неабходнасьцю стварэньня цывілізаваных умоваў працы прадпрымальнікаў. Іхныя страты ў выніку ўвядзеньня падатку Лукашэнка паабяцаў у новым дакумэнце, які пабачыць сьвет днямі, кампэнсаваць ільготамі ў арэндзе. Многія дробныя бізнэсоўцы лічаць такія меры ўладаў непрымальнымі. Гаворыць лідэрка прадпрымальнікаў Слуцку Соф’я Міцяшова:

(Міцяшова: ) “Яны хочуць даць грашы, а ўзяць мора. Напрыклад, я плачу арэнду 90 тысяч рублёў. Яны здымуць зь мяне 20 тысяч. Але пры гэтым падатак на даданую вартасьць, памер якога 18% на кожны тавар, павялічвае мае выдаткі ў тры разы ў параўнаньні з тымі выдаткамі, якія я нясу цяпер. Таму гэта ход канём, каб абхітрыць прадпрымальнікаў і прыняць тую схему, якая забярэ грошы ў малога бізнэсу і збанкрутуе яго”.

Лічыць прадпрымальніца Софія Міцяшова са Слуцку. Дарэчы, мясцовыя гандляры сёньня працягвалі акцыю пратэсту, спадзеючыся на зусім іншае рашэньне ўладаў. Гэткае ж нэгатыўнае стаўленьне да агучаных ініцыятываў Лукашэнкі і ў бізнэсоўцаў іншых рэгіёнаў. У прыватнасьці, вось што зазначыў на гэты конт лідэр прадпрымальнікаў Лепеля Алег Тычына:

(Тычына: ) “Гэта нічога ня дасьць. У нас арэнда вялікая толькі ў Менску і, магчыма, у абласных цэнтрах. Для астатніх, а гэта каля 80% прадпрымальнікаў, арэнда не адыгрывае вялікай ролі. Тым больш, што арэнда ідзе ня ў бюджэт, а паступае ў кішэні ўладальнікаў рынкаў, выставаў і павільёнаў. Дзяржава ў такім выпадку нічога не прайграе. Вынікам будзе чарговая хваля акцыяў пратэсту: з Шумчанкам ці бяз Шумчанкі, але будзе”.
XS
SM
MD
LG