Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Напад на Анатоля Чубайса – варонка ад выбуху бомбы 5 мэтраў


Юры Дракахруст, Прага Сёньня ў Падмаскоўі адбыўся замах на вядомага расейскага палітыка, кіраўніка энэргетычнага канцэрну “РАО ЕЭС” Анатоля Чубайса.

Калі Анатоль Чубайс разам з машынай суправаджэньня ехаў на працу, на ўзбочыне дарогі на выезьдзе на Менскую шашу выбухнула бомба. Адразу пасьля гэтага два чалавекі ў камуфляжы адкрылі па картэжу агонь з аўтаматаў. Ахова Чубайса адкрыла агонь у адказ.

Ніхто не пацярпеў, на машынах засталіся сьляды ад куляў, ад бомбы – варонка 5 мэтраў у дыямэтры.

Пасьля замаху Анатоль Чубайс заявіў, што чакаў нечага падобнага. Ён таксама паведаміў, што мае пэўныя падазрэньні, хто мог замовіць гэты замах ня ягонае жыцьцё.

(Чубайс: ) “Шчыра кажучы, былі падставы апошнім часам чакаць нечага падобнага. Менавіта таму была ўзмоцненая ахова. Меры аказаліся правільнымі і своечасовымі. У мяне ёсьць разуменьне наконт патэнцыйнага замоўніка, я маю намер зараз у шчыльным ўзаемадзеяньні са спэцслужбамі – МУС і ФСБ весьці працу, каб не пакінуць гэтую падзею беспакаранай”. Анатоль Чубайс – архітэктар расейскай прыватызацыі, якая выклікала і выклікае негатыўныя пачуцьці ў вялікай колькасьці расейцаў. Разам з тым нават ягоныя ворагі лічаць яго вельмі эфэктыўным і валявым палітыкам і адміністратарам, пасада кіраўніка адной з найбуйнейшых манаполіяў Расеі робіць яго надзвычай уплывовай асобай, на леташніх парлямэнцкіх выбарах ён ўзначальваў сьпіс партыі “Саюз правых сілаў”, якая пацярпела паразу на выбарах. На думку расейскага палітычнага аналітыка Паўла Фэльгэнгаўэра сёньняшняе здарэньне не было замахам на забойства. (Фэльгэнгаўэр: ) “Зусім відавочна, што зроблена было вельмі непрафэсійна. Мэтай не было забойства. Тое, што там адбылося, не магло зрабіць Чубайсу аніякай шкоды”.

Павал Фэльгэнгаўэр гаворыць, што ў Расеі дастаткова спрактыкаваных прафэсійных забойцаў і калі б хацелі забіць, то забілі б. Паводле яго такія замахі-папярэджаньні ня рэдкасьць ў практыцы расейскага бізнэсу.

На думку аналітыка, прычына сёньняшняга нападу ў справах кіраванай Чубайсам “РАО ЕЭС”, у рэформе энэргетычнай галіны, ініцыяванай Чубайсам , якая закранае сур’ёзныя інтарэсы вялікіх грошай.

На думку іншага экспэрта кіраўніка цэнтра палітычных тэхналёгіяў Аляксея Макаркіна напад быў не інсцэніроўкай ці папярэджаньнем, а менавіта спробай забіць Чубайса. Аднак спадар Макаркін таксама мяркуе, што прычына замаху – дзеяньні Чубайса на пасадзе кіраўніка энэргетычнай манаполіі.

Аналітык прыгадвае, што кіраўнік “РАО ЕЭС “ зьяўляецца адной з самых нялюбых асобаў у Расеі з часу правядзеньня прыватызацыі ў Расеі, аднак паводле Аляксея Макаркіна “заказалі” Чубайса, так бы мовіць, ня бедныя, а багатыя.

(Макаркін: ) “Тыя, хто ня любіць Чубайса за наступствы прыватызацыі, не закладаюць бомбы на дарогах, яны гэта проста не ўмеюць рабіць. Каму ён перабег шлях за гэтыя гады – шмат каму, таму гадаць, хто зь ягоных сёньняшніх ворагаў наняў кілераў, пакуль бессэнсоўна”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG