Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму сілавыя ведамствы супраць скасаваньня ў пашпартах адзнакі дазволу на выезд?


Ігар Карней, Менск Нягледзячы на рашэньне Канстытуцыйнага суду аб скасаваньні ў нацыянальных пашпартах запісу дазволу на выезд у іншыя краіны, штамп можа застацца абавязковым яшчэ на неакрэсьлены тэрмін. Шэраг зацікаўленых ведамстваў, перадусім МУС, КДБ і Камітэт памежных войскаў, заяўляюць, што не гатовыя адмовіцца ад дазвольнага запісу, паколькі нібыта не існуе мэханізму, які гэтак жа эфэктыўна дазваляе кантраляваць перамяшчэньне грамадзянаў. Якія наступствы прадугледжаныя ў тым выпадку, калі рашэньне Канстытуцыйнага суду ня будзе выкананае?

Да канца году супярэчнасьці паміж Канстытуцыйным судом і ведамствамі, якія ад пачатку 2006 году мусяць падпарадкавацца судоваму рашэньню, будуць толькі ўзмацняцца. Пра гэта кажа судзьдзя Канстытуцыйнага суду ў пытаньнях скасаваньня дазвольнага запісу Валянцін Шуклін:

(Шуклін: ) “Два гады таму яны ўжо прасілі час на выкананьне рашэньня. Цяпер просяць яшчэ гадоў дзесяць... Я ня думаю, што гэта яны вырашаюць такія праблемы; яны гатовыя хоць заўтра падпарадкавацца, калі будуць выдаткаваныя сродкі. Дзеля гэтага трэба прыняць адпаведныя законы, фінансаваць усталяваньне ўсіх неабходных сыстэмаў”.

У папярэднім складзе Палаты прадстаўнікоў скасаваньне штампаў дазволу на выезд ініцыяваў сябра парлямэнцкай групы “Рэспубліка” Ўладзімер Парфяновіч. Дэпутат кіраваўся тым, што падобныя абмежаваньні парушаюць канстытуцыйныя правы грамадзянаў Беларусі на свабоду перамяшчэньня. Пазыцыю Парфяновіча прыняў і Канстытуцыйны суд. Летась рашэньнем суду штампы дазволу на выезд былі прызнаныя нямэтазгоднымі, і старшыня Канстытуцыйнага суду Рыгор Васілевіч абвесьціў: адзнакі ў пашпарце могуць быць скасаваныя ў апошні дзень 2005 году.

Але адразу ж пасьля гэтага прадстаўнікі шэрагу сілавых ведамстваў заявілі, што ў найбліжэйшай пэрспэктыве гэта зрабіць немагчыма. Так, у Дэпартамэнце грамадзянства і міграцыі МУС, а таксама ў Дзяржаўным памежным камітэце кажуць, што ня створаная аўтаматызаваная сыстэма кантролю за перамяшчэньнем асобаў, якім з розных прычынаў выезд за мяжу абмежаваны. Каб усталяваць такія сыстэмы на ўсіх памежных пераходах, запатрабуецца шмат часу і сродкаў. Экс-дэпутат Уладзімер Парфяновіч на такія аргумэнты рэагуе наступным чынам:

(Парфяновіч: ) “Усё гэта хлусьня, няхай яны казак не расказваюць. Яны гэта маглі зрабіць яшчэ тры–чатыры гады таму. Я перакананы, бо вельмі добра ведаю гэтую праблему. А ім проста выгадна зьбіраць з людзей грошы. Няхай працуюць над тым, каб выканаць рашэньне Канстытуцыйнага суду!”

Якія санкцыі верагодныя ў выпадку, калі рашэньне суду застанецца толькі на паперы? У адказ на гэтае пытаньне ў Канстытуцыйным судзе адсылаюць да артукулу 59 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь: “Дзяржаўныя врганы і адказныя асобы, якім даверана выкананьне дзяржаўных функцыяў… у межах сваёй кампэтэнцыі нясуць адказнасьць за дзеяньні, якія парушаюць правы і свабоды чалавека”. А судзьдзя Канстытуцыйнага суду Валянцін Шуклін у гэтым зьвязку дадае:

(Шуклін: ) “Паглядзім... Апроч таго, што ёсьць такі запіс, такі артыкул Канстытуцыі, у нас жа ёсьць і гарант Канстытуцыі”.

Тым часам у АВІРах кажуць, што рашэньне Кантытуцыйнага суду ніяк не паўплывала на мэтады працы з наведнікамі. Адзнаку афармляюць паводле ранейшай схемы, беручы ў якасьці дзяржаўнай пошліны адну базавую велічыню за кожны “дазвольны” год — 24 тысячы рублёў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG