Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Доме літаратара пройдзе канфэрэнцыя па новай кнізе з сэрыі “Бібліятэка Свабоды”


Ул. інф. 17 сакавіка ў менскім Доме літаратара а палове 7 вечара пройдзе канфэрэнцыя па новай кнізе сэрыі “Бібліятэка Свабоды”: “Прыгоды АРА ў Беларусі”. Гэта гісторыя найбуйнейшай і самай забытай у ХХ стагодзьдзі гуманітарнай акцыі, якую пад кіраўніцтвам Гербэрта Гувэра ажыцьцяўляла амэрыканская адміністрацыя дапамогі ў 1920-1923 гг.

У часе працы ў архівах Гувэраўскага інстытуту ў Каліфорніі аўтар, наш калега Аляксандар Лукашук, знайшоў сваё прозьвішча сярод атрымальнікаў дапамогі. Героі кнігі – 13 амэрыканцаў, якія кармілі галодных, лекавалі хворых, апекаваліся ўцекачамі і сіротамі, змагаліся з ЧК і камуністычнай бюракратыяй, адбіваліся ад авантурыстаў, знайшлі ў Беларусі жонак і захавалі памяць пра гэтую краіну на многія дзесяцігодзьдзі пасьля вяртаньня дадому за акіян. Пра ўсё гэта – на 500 старонках багата ілюстраванай кнігі.

Аўтар даводзіць, што амэрыканская дапамога ў 1920-х гг. склала каля 80 мільёнаў даляраў у сёньняшніх коштах. А вось як успамінае харчы ад АРА адна з атрымальніцаў дапамогі ў 1921 годзе, вучаніца другой клясы менскай школы на вуліцы Падгорнай (цяпер Карла Маркса) Яніна Каханоўская, якая цяпер жыве ў Ню-Ёрку:

(Каханоўская: ) “Я хадзіла ў школу, і нам давалі абеды. І ўсё аказалі: АРА дае. Але мы ўяўлялі сабе, што АРА гэта нешта такое абстрактнае: дае абеды рука нейкая. А што гэта? Гэта ж былі дзеці. Малако добрае было. Давалі добры кубак какава, булачку, і гэта можна было піць колькі хочаш. Бацька ж мой працаваў і прыносіў прадукты таксама – прадукты АРА. Фасоля была такая смачная. Можа якіх дзесяць гатункаў фасолі. І нават былі фасолькі з пражылкамі, з рознымі рысункамі. А смак – ну надзвычайны...”

Падрабязнасьці – у самой кнізе, канфэрэнцыя па якой пачынаецца сёньня ў 18:30 у менскім Доме літаратара.
XS
SM
MD
LG