Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Зь сямі вёсак сабак зьбяры – не перабрэшуць


Георгі Ліхтаровіч, Менск Новая перадача сэрыі “Магія мовы”

Аднойчы з акадэмічнай экспэдыцыяй давялося нам заначаваць у вёсцы – надта ўжо гаспадары гасьцінныя напаткаліся. Спачатку ў адной з хат зладзілі для нас агульную вячэру: зьнесьлі з розных двароў процьму ўсялякай смакаты. Паміж вясковых жыхароў вылучаўся і паводзінамі, і выглядам адзін мужычок няўцямнага ўзросту. Пасьля першай чаркі яму не налівалі, як ён ні прасіў. На нашыя недаўменныя позіркі гаспадыня хаты, у якой ладзілася застольле, адказала: “Гэнаму, калі дасі другую чарку, дык хоць зь сямі вёсак сабак зьбяры – не перабрэшуць”.

Але празь нейкую паўгадзіну наш герой пачаў паводзіць сябе, мякка кажучы, дзіўнавата: напэўна, усё ж неяк схітрыўся дабавіць. Застольле з гэтага моманту ператварылася ў суцэльны балаган. Спыніць гэты струмень хваравітай сьвядомасьці было проста немагчыма: ён спрачаўся, аддаваў загады, ушчуваў – кіраваў, адным словам. Скончылася гэта тым, што некалькі мажных вясковых мужчын скруцілі яго і некуды вывалаклі з-за стала.

Даўнавата ўсё гэта было, але добра запомнілася, напэўна, дзякуючы той прыказцы: зь сямі вёсак сабак зьбяры – не перабрэшуць. А можа, помніцца яшчэ й таму, што надта ўжо вясковы той небарака да аднаго сучаснага падобны. Гэты, праўда, цьвярозы, але такога дыхту дае, што хоць сьвятых вынось. Карацей кажучы: зь сямі вёсак сабак зьбяры – не перабрэшуць.
XS
SM
MD
LG