Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Куку ў руку


Георгі Ліхтаровіч, Менск Новая перадача сэрыі “Магія мовы”

Ёсьць у беларусаў цікавая прыкмета: вясной, калі пачуеш зязюльчыны куваньні, трэба хуценька пазьвінець дробнымі грашыма ці ў кулаку, ці ў кішэні. Гадочкі можна таксама падлічваць, але гэта ўжо іншая размова. Ёсьць меркаваньне, што менавіта ад гэтай прыкметы й бярэ пачатак выраз куку ў руку.

Пару разоў у сваім жыцьці я чуў яго ад розных людзей, ды ўсё пры нейкіх дзіўных акалічнасьцях. Наўпрост запытацца неяк не выпадала, і толькі пазьней у нейкай разумнай кніжцы знайшоў тлумачэньне, што гэта, кажучы навуковай мовай – эўфэмізм, так бы мовіць, лагодная назва хабару. Кажуць: дай чыноўніку куку ў руку, і справа на лад пойдзе. Крымінальны артыкул, калі сур’ёзна, а гучыць так мілагучна й паэтычна.

Бытаваў і такі выраз: грошы на зязюльку. Але тут, на першы погляд, іншы сэнс. Грошы на зязюльку прыхоўваліся ў надзейным месцы, а назапашваліся яны на шлюб ці на іншую шчасьлівую нагоду. Калі параўнаць ўсё гэта, атрымліваецца, як ні круці, а хціваму чыноўніку трэба даць ня проста грошы, а кавалачак свайго шчасьця. Вось табе й “Кукавала зязюля ў зялёным лесе...” Ведала б тая зязюля, да чаго яна з дапамогай людзей дакукавалася, мала б нам не падалося!..

Сёньняшні час менш паэтычны, але чынавенства не зьмяняецца, бярэ. Вось толькі значна часьцей можна пачуць прыперці ў канвэрце, а не куку ў руку.
XS
SM
MD
LG