Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Брэсцкі кур’ер”: “Прышчэпкі ад палітыкі зрабіў прыватнаму бізнэсу кіраўнік краіны”


Падрыхтавала Галіна Абакунчык Агляд незалежнага друку

У сёньняшнім нумары тыднёвік “Брэсцкі кур’ер” на першай паласе зьмяшчае артыкул пад назваю “Кайданкі для старшыні”. У паведамленьні падаюцца падрабязнасьці арышту кіраўніка Івацэвіцкага райвыканкаму Віталя Дзьмітраніцы. А менавіта: што вайскоўцы спэцслужбы “Алмаз” затрымалі яго ў момант перадачы 5 тысячаў даляраў, які дзяржаўны чыноўнік вымагаў у прыватнага прадпрымальніка. Менавіта Віталь Дзьмітраніца напярэдадні свайго арышту намагаўся зачыніць Івацэвіцкае незалежнае выданьне пад назваю “Газэта для вас”.

Тэму ўзаемаадносінаў улады й прадпрымальнікаў “Брэсцкі кур’ер” працягвае ў артыкуле “Прышчэпкі ад палітыкі зрабіў прыватнаму бізнэсу кіраўнік краіны”. Гэта аналітычны матэрыял паводле выказваньняў Аляксандра Лукашэнкі на адрас дробных гандляроў і рэальнае становішча прыватнага бізнэсу.

“Кур’ер з Барысава” ў артыкуле “Ці стане лягчэй плаціць?” уздымае пытаньне неадпаведнасьці тэрмінаў выплаты заробкаў і аплаты камунальных паслугаў. На сёньня, дзяржава выплачвае працоўным заробкі калі можа, а выплатаў патрабуе ў дакладны тэрмін – піша газэта. Як вядома, Канстытуцыйны суд прапанаваў кіраўніцтву краіны ўрэгуляваць гэткае становішча. Але ці пойдзе на гэта беларускі ўрад? Эканамічныя развагі на гэтую тэму ў “Кур’еры з Барысава”.

“Віцебскі кур’ер” у артыкуле “Адмучыліся” паведамляе аб працэдуры ліквідацыі стратных калгасаў на Віцебшчыне. Так, у адной з такіх гаспадарак “Ельня” на момант далучэньня да сельгаскаапэратыву “Мяжаны” заставалася толькі два трактары, а заробкі працаўнікоў складалі 97 тысячаў рублёў. На чарзе рэфармаваньне шэрагу аналягічных сельгасаб’яднаньняў, у выніку чаго да 2005 году ў вобласьці застануцца толькі 303 гаспадаркі, у той час як у 2000 на тут было 512 калгасаў.

“Камсамольская праўда ў Беларусі” ў артыкуле “Болей плаціш – далей едзеш” паведамляе, што ў Менскім мэдунівэрсытэце адбылося разьмеркаваньне студэнтаў. У выніку студэнты-платнікі з шэрагу гінэколягаў і хірургаў паедуць тэрапэўтамі ў вёску. Гэткім чынам, “Камсамолка” шукае адказу на пытаньне: ці ёсьць правамоцным разьмеркаваньне студэнтаў-платнікаў?
XS
SM
MD
LG