Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

З 14 па 19 сакавіка ў Менску праходзіць Тыдзень Швэцыі і швэдзкай мовы


Іна Студзінская, Менск Па традыцыі ў сакавіку менскае аддзяленьне Пасольства Швэцыі ў Маскве, сумесна з БДУ, Лінгвістычным унівэрсытэтам і Цэнтрам швэдзкіх дасьледваньняў, праводзіць Тыдзень Швэцыі і швэдзкай мовы для беларускіх студэнтаў. Студэнты і выкладчыкі, а таксама ўсе зацікаўленыя могуць наведаць лекцыі аб Швэцыі, сэмінары па перакладу, паглядзець і абмеркаваць фільмы швэдзкіх рэжысэраў, паразмаўляць з носьбітамі швэдзкай мовы, бо мова ўсіх імпрэзаў – толькі швэдзкая і ангельская.

У Беларусі больш за 200 чалавек, якія зараз вывучаюць швэдкую мову. 70 – у Цэнтры швэдзкіх дасьледваньняў, амаль паўтары сотні ў якасьці другой і трэцяй мовы ў Лінгвістычным унівэрсытэце, 20 – на факультэце міжнародных адносінаў у БДУ. Раней была яшчэ катэдра швэдзкай мовы ў Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце. Але знаўцаў мовы – значна больш. Ёсьць выдатныя перакладчыкі са швэдзкай – Лявон Баршчэўскі, Валер Буйвал, Алесь Разанаў...

Праграму Тыдню можна падзяліць умоўна на дзьве часткі: агульнаадукацыйную – фільмы, прэзэнтацыі, лекцыі для ўсіх жадаючых – і спэцыяльную: адмысловыя моўныя сэмінары для студэнтаў, выкладчыкаў швэдзкай мовы. Аўдыторыі і там, і тут былі перапоўненыя. Распавядае каардынатар праграмаў у галіне культуры аддзяленьня ў Менску амбасады ў Маскве Алена Касько:

(Касько: ) “Мы вельмі задаволеныя, выдатная “наведвальнасьць”. Быў проста аншляг – вельмі ўдалы сэмінар “Асновы перакладу і пераклад практычных практыкаваньняў”. Вяла наша калега з амбасады ў Маскве. Ня так часта дзеючыя, працуючыя дыпляматы праводзяць прэзэнтацыі, расказваюць пра свае краіны. Учора гэтаму была прысьвечаная прэзэнтацыя”.

А як разьвіваюцца наагул беларуска-швэдзкія стасункі ў галіне літаратуры, культуры? Шчыра кажучы, тут праблем вельмі шмат, нягледзячы на ўсе намаганьні Швэдзкага інстытуту, аддзяленьня ў Менску расейскай амбасады. Але спачатку – пра станоўчае. Распавядае перакладчык са швэдзкай Валер Буйвал:

(Буйвал: ) “Сапраўдны прарыў робіць, закладае падмуркі беларускай скандынавістыкі малады навуковец Андрэй Катлярчук, які працуе ў Швэцыі. Ёсьць у яго і публікацыі – “Швэды ў гісторыі і культуры Беларусі”. Гэта сапраўдная навука, першыя крокі, і трэба спадзявацца, што з гэтай крыніцы выйдзе вялікая зьява швэдзка-беларускіх культурных сувязяў і ўзаемаабагачэньня”.

На беларускую мову яшчэ ў 80-я гады былі перакладзеныя некаторыя творы Лагерквіста, Марцінсана, Стрындбэрга, Лагерлёф, Ліндгрэн. Пра праекты апошніх гадоў распавядае паліглёт, перакладчык і са швэдзкай мовы Лявон Баршчэўскі.

(Баршчэўскі: ) “Праекты, якія былі ў апошнія гады – праект маладой паэзіі, была прэзэнтацыя ў Швэцыі, зборнік “Чатыры плюс чатыры”. Там былі па чатыры паэты з Беларусі і Швэцыі, па два маладых і два сталых. У альманахах, у пэрыёдыцы друкаваліся пераклады таго ж Буйвала – у асноўным, гэта апавяданьні, вершы. А такіх капітальных кніжак у апошнія гады ня было. Дый увогуле, іх на пальцах можна пералічыць”.

Два разы на год, падчас традыцыйных Тыдню швэдзкай мовы ў сакавіку і Дзён культуры Швэцыі ў Беларусі ў чэрвені ў Менску паказваюць швэдзкія фільмы, швэды прывозяць цікавыя выставы. А беларускім бокам робіцца вельмі мала, лічыць перакладчык са швэдзкай Валер Буйвал.

(Буйвал: ) “Робіцца вельмі мала, недапушчальна мала для дзесяцімільённай беларускай нацыі. Выйшла яшчэ ў 80-я гады некалькі твораў швэдзкіх пісьменьнікаў, але зробленыя яны былі з расейскіх арыгіналаў – гэта такі пераклад з “каракскага на раскаракскі” – недапушчальна для культурнага жыцьця самастойнай беларускай нацыі”.
XS
SM
MD
LG