Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адкрыцьцё гіпэрмаркету BIGZZ – першы крок да экспансіі гіпэрмаркетаў?


Юлія Шарова, Менск 17 сакавіка ў Менску афіцыйна адчыняецца першы беларускі гіпэрмаркет BIGZZ. Для Беларусі гэта прынцыпова новы від гандлю, хоць ва ўсіх суседніх краінах гіпэрмаркеты даўно сталі звычайнай зьявай. У Расеі наагул цяпер кажуць пра экспансію гіпэрмаркетаў – іх стала гэтулькі шмат, што невялікія крамы не вытрымліваюць канкурэнцыі й пачынаюць несьці страты. Як гіпэргандаль будзе разьвівацца ў Беларусі?

З такой праблемай як экспансія гіпэрмаркетаў у свой час сутыкалася ня толькі Расея, але й некаторыя іншыя краіны. Напрыклад, у Францыі ў пачатку 1970-х гадоў нават быў прыняты адмысловы закон, які так ці іначай абараняў невялікія гандлёвыя цэнтры.

У Менску плянуецца пабудаваць ажно 11 гіпэрмаркетаў. Ці не абернецца гэта праблемай для іншых крамаў? Начальнік упраўленьня арганізацыі гандлю Міністэрства гандлю Вячаслаў Драгун мяркуе, што ні пра якую экспансію гіпэрмаркетаў пакуль гаворка ісьці ня можа. Маленькія гастраномы ў дварох дамоў ніколі ня страцяць сваіх пакупнікоў, лічыць ён.

(Драгун: ) “Вы паедзеце за 4-5 прыпынкаў па хлеб і па малако ў гіпэрмаркет? Канечне ж не. Той асартымэнт, які неабходны ў спальных раёнах, ён і застанецца. Папросту ў гэтай маленькай краме будзе ня 10 тысяч найменьняў, будзе крыху меней – 5 тысяч. Гэта таксама добра, гэта для пакупніка”.

Цяжэй будзе вялікім унівэрсамам, якіх па 2-3 у кожным мікрараёне сталіцы, і на сёньняшні дзень яны фактычна граюць ролю супэрмаркетаў. Аднак спадар Драгун называе гэта здаровай канкурэнцыяй. Унівэрсамы самі будуць выкарыстоўваць новыя тэхналёгіі й папаўняць асартымэнт, да чаго іх раней давялося прымушаць.

Гіпэрмаркет BIGZZ знаходзіцца на тэрыторыі выставачнага цэнтру “Экспабел” – рынку, дзе працуюць дробныя прадпрымальнікі-гандляры. У кожным мікрараёне таксама ёсьць рынкі. Ці ня стане адкрыцьцё гіпэрмаркетаў падставай для ліквідацыі дробнага прыватнага гандлю й ці ня будуць прадпрымальнікі папросту задаўленыя канкурэнцыяй?

Старшыня Беларускага саюзу прадпрымальнікаў Аляксандар Патупа прыгадвае, як колькі гадоў таму ў Менску адбылася цэлая кампанія па ліквідацыі камэрцыйных шапікаў. Тады зачынілі амаль тры тысячы такіх гандлёвых пунктаў, прычым падавалася гэта як змаганьне за цывілізаваны гандаль, увасабленьнем якога гарадзкія ўлады бачылі менавіта гіпэрмаркеты. Шапікі зачыніліся, а першы гіпэрмаркет зьявіўся толькі цяпер. Ёсьць небясьпека таго, што й рынкі пачнуць зачыняць, хоць, мяркуе спадар Патупа, яны могуць добра існаваць паралельна з гіпэрмаркетамі.

(Патупа: ) “Рынкі пераарыентуюцца і ў крыху іншым напрамку могуць спэцыялізавацца. У нечым яны ня змогуць вытрымліваць сур’ёзную канкурэнцыю з гіпэрмаркетамі, гэта відавочна. А ў нечым гіпэрмаркеты ня змогуць канкураваць зь імі. Каб толькі не было гэтага націску, не было гвалтоўнага падыходу, які вельмі характэрны для нашых чыноўнікаў і для нашага кіраўніцтва наагул”.
XS
SM
MD
LG