Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэлегацыя беларускай апазыцыі сустрэлася ў Вашынгтоне з прадстаўнікамі ўраду ЗША


Алесь Дашчынскі, Менск У Вашынгтоне працягваецца візыт дэлегацыі беларускай апазыцыі, якая праводзіць сустрэчы з прадстаўнікамі выканаўчай і заканадаўчай галінаў улады Злучаных Штатаў Амэрыкі. Дэлегацыю прыняў дырэктар аддзелу Цэнтральнай, Усходняй і Паўночнай Эўропы ў радзе нацыянальнай бясьпекі ЗША Дэйман Уілсан, каардынатар дапамогі рэгіёнам Эўропы і Эўразіі дзярждэпартамэнта ЗША Томас Адамс, прадстаўнік Бюро дзярждэпартамэнта па справах Эўропы і Эўразіі, намесьнік дзяржаўнага сакратара Бёрнс й іншыя афіцыйныя асобы. Апроч таго, апазыцыя сустракаецца з амэрыканскімі сэнатарамі і кангрэсмэнамі, сярод якіх Джон Маккейн і Гордан Сміт. Шэраг важных мерапрыемстваў заплянаваныя на бліжэйшыя дні.

Паводле апазыцыянэраў, мэта іхнага візыту – знаёміць з сытуацыяй у Беларусі. Да прыкладу, пытаньню правоў чалавека прысьвечаны даклад старшыні партыі БНФ Вінцука Вячоркі ў сэнацкім падкамітэце па правох чалавека. Дэлегацыя прэзэнтуе свой сцэнар абраньня адзінага кандыдата і стратэгію дзеяньняў, якія могуць прывесьці да перамогі дэмакратыі ў 2006 годзе. Гэты візыт разглядаецца ў сэрыі падобных візытаў, прысьвечаных будучай палітычнай кампаніі ў Беларусі.

Нагадаю, што 20 кастрычніка мінулага года прэзыдэнт ЗША падпісаў “Акт аб дэмакратыі ў Беларусі”, які прадугледжвае ўвядзеньне санкцыяў супраць найвышэйшай улады ў Беларусі і падтрымку дэмакратычных свабодаў у краіне. Сэнатар Джон Маккейн, з якім сустракаецца дэлегацыя, зрабіў раней заяву аб намеры дамагацца адхіленьня Аляксандра Лукашэнкі ад улады. Кандаліза Райс, цяперашні дзяржсакратар ЗША, назвала Беларусь “апірышчам тыраніі”. Нарэшце, у Браціславе прэзыдэнт ЗША Джордж Буш адзначыў, што грамадзяне Беларусі павінны выкарыстаць свой шанец і па прыкладу іншых эўрапейскіх краінаў зрабіць крок да свабоды на бліжэйшых выбарах.

Ці вядома, як будзе практычна рэалізаваная амэрыканская палітыка адносна Беларусі? Паводле сябра дэлегацыі, каардынатара аргкамітэту па стварэньні Хрысьціянска-дэмакратычнай партыі Паўла Севярынца, у Злучаных Штатах ідзе сур’ёзная праца па Беларусі.

(Севярынец: ) “Тут зразумела, што Беларусьсю ў Злучаных Штатах будуць займацца вельмі сур’ёзна, але пытаньне цяпер тэхнічнае, калі вось гэтыя заяўленыя рашэньні дойдуць да рэалізацыі, якія формы яны прымуць, ці будзе гэта ў асноўным палітычны, дыпляматычны ціск, ці будуць ужыты ўсе рычагі ўплыву на Расею і на Эўропу, ці будзе ўжытая такая мера як павелічэньне фінансавай дапамогі тым, хто працуе ў Беларусі на дэмакратыю. Мы спадзяемся, што гэта ўсё набудзе нейкія рэальныя абрысы”.

Сябра дэлегацыі, лідэр Народнай грамады Мікола Статкевіч адзначае той факт, што амэрыканскаму боку вельмі добра вядома тое, што адбываецца ў Беларусі.

(Статкевіч: ) “Вельмі кепская рэпутацыя ў нашай краіны. Тое, што адбываецца ў Беларусі, не абыходзіцца без увагі дэмакратычных дзяржаў і такой вялікай дзяржавы як ЗША. Я хацеў бы працытаваць сэнатара Гордана Сміта, які падчас сустрэчы сказаў, што “вы павінны ведаць, што вы на правільным баку, а Лукашэнка на няправільным баку. Вы таксама павінны ведаць, што раней ці пазьней вы пераможаце, і што ўсе дыктатары вельмі кепска канчаюць”.

Вядома, што шэрагу высокапастаўленых чыноўнікаў з Беларусі забаронены ўезд у ЗША, таму афіцыйны Менск можа толькі марыць пра тыя сустрэчы, якія праводзіць у Вашынгтоне апазыцыя. Як жа рэагуе афіцыйны Менск на гэты візыт?

У праграме візыту – абед у літоўскай амбасадзе, дзе будуць прысутнічаць літоўцы, якія працуюць у Вашынгтоне, цікавяцца сытуацыяй у Беларусі і вельмі дапамагаюць у ейным паляпшэньні. Затое беларуская амбасада ніяк сябе пакуль не праявіла, робіць выгляд, што нічога не адбываецца. У дэлегацыі не было ніякіх перашкодаў пры перасячэньні мяжы.

Намесьнік старшыні міжнароднай камісіі Палаты прадстаўнікоў Анатоль Красуцкі называе палітыку апазыцыі контрапрадуктыўнай, якая наўрад ці будзе выніковай на выбарах 2006 года.

(Красуцкі: ) “Зразумелыя мэты і задачы гэтай групы – атрымаць перш за ўсё фінансавую падтрымку пад тыя праекты, якія зьвязаныя з маючымі адбыцца выбарамі прэзыдэнта Беларусі. Проста так грошы Захад ужо не дае, таму трэба прэзэнтаваць праграмы, сваё бачаньне вырашэньня гэтай праблемы. Вырашыць гэтую праблему ніколі ня зможа гэтая група людзей. У любым выпадку, гэта не надае гонару апазыцыі, паколькі пытаньні павінны вырашацца ўнутры краіны, і працаваць трэба тут, на сваёй аснове, а не разьлічваць на падтрымку нейкага дзядзькі ці цёткі”.

Дырэктар Незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў прафэсар Алег Манаеў лічыць, што візыт дэлегацыі апазыцыі ў Вашынгтон вельмі важны для Беларусі. Захад ужо сфармуляваў сваю лінію адносна Беларусі – памяняць краіну і вярнуць яе на шлях дэмакратыі. Цяпер гэтыя заявы пачынаюць ажыцьцяўляцца. Дэлегацыя прэзэнтуе найбольш эфэктыўныя структуры ў Беларусі.

(Манаеў: ) “Гаворка ідзе не пра вузкапрафэсійныя, асабістыя ці карпаратыўныя інтарэсы – гэта інтарэсы краіны прэзэнтаваны ў гэтым візыце і ў дэлегацыі, якую запрасілі. Гаворка ідзе пра рэалізацыю канкрэтнага пляна. Так што пасьля гэтага візыту ў беларускіх уладаў праблем прыбавіцца, а ў той часткі беларускага грамадзтва, якая пастаянна пашыраецца і якая гатовая да пераменаў, павялічваюцца шансы”.
XS
SM
MD
LG