Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікалай Аўтуховіч зноў абвясьціў галадоўку


Сяргей Астраўцоў, Горадня Другі дзень працягвае галадоўку ваўкавыскі прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч. Ён выказвае нязгоду зь дзеяньнямі падатковых і фінансавых установаў. Заяву аб сваёй галадоўцы ён паслаў кіраўнікам Гарадзенскага аблвыканкаму Саўчанку і Ваўкавыскага райвыканкаму Савельеву.

Мікалай Аўтуховіч мае таксоўкі, на якіх працуюць кіроўцы, якія знаходзяцца на ўліку ў фірме "Нікатранс", зь якой супрацоўнічае прадпрымальнік. За апошнія два гады кіроўцы зарабілі на машынах Аўтуховіча 670 мільёнаў рублёў выручкі. Падатковыя органы вырашылі, што з гэтай сумы фірма "Нікатранс" павінна заплаціць 445 мільёнаў рублёў падаткаў, хаця гэтыя грошы не належалі фірме.

(Аўтуховіч: ) “Сёньня па гэтым факце ўпраўленьне фінансавых расьсьледаваньняў Гарадзенскай вобласьці распачала крымінальную справу супраць кіраўнікоў прадпрыемства, галоўнага бугальтара і дырэктара Нікатранс”.

Сёньня ж у Ваўкавыск прыехаў сьледчы з абласной управы фінансавых расьсьледаваньняў. Ён пачаў апытваць кіроўцаў, якія працуюць на таксоўках Аўтуховіча.

Кіраўнік абласной управы Аляксандар Новікаў патлумачыў сытуацыю:

(Новікаў: ) “Там была схема тыпу камэрцыйнае прадстаўніцтва. Гэта значыць людзі “Нікатрансу” як быццам бы здаваліся ў арэнду”.

Аказваецца, беларускае заканадаўства такое дапускае, але гэткая форма супрацоўніцтва ў законах дакладна не распрацаваная. Наагул, яна сустракаецца ня часта, а на Гарадзеншчыне, паводле спадара Новікава, гэта толькі адзін выпадак.

Спадар Новікаў сказаў, што ўправа правядзе сьледчую экспэртызу, каб вызначыць, ці былі дапушчаныя парушэньні фірмай "Нікатранс".

Тым часам, спадар Аўтуховіч працягвае галадоўку пратэсту.
XS
SM
MD
LG