Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пацяпленьне ў Гімалаях можа мець фатальныя наступствы


Вячаслаў Ракіцкі, Прага Усясьветны фонд аховы дзікай прыроды ў сваім апошнім дакладзе папярэджвае, што раставаньне ледавікоў у Гімалаях можа пазбавіць сотні мільёнаў людзей доступу да вады.

Гімалаі – найбуйнейшае ў сьвеце зграмаджэньне ледавікоў па-за межамі Паўночнага і Паўдзённага полюсаў і крыніца фармаваньня вялікіх азіяцкіх рэк – Гангу, Мэконгу, Янцзы і іншых.

Сотні мільёнаў жыхароў Кітаю і Індыі, бальшыня якіх жывуць далёка ад Гімалаяў, залежаць ад вады гэтых рэк. Мяркуюць, што гімалайскія ледавікі адступаюць з хуткасьцю 10-15 мэтраў на год, і ў выніку іх паскоранага раставаньня ўзьнікнуць паводкі ў Індыі, Нэпале і Кітаі. А ўсьлед за воднай стыхіяй празь некалькі дзесяткаў гадоў мажа наступіць моцная засуха.

Прадстаўнік Кітаю ва Ўсясьветным фондзе аховы дзікай прыроды Ган Лінь цьвердзіць, што гэты працэс ужо пачаўся ў асобных месцах Азіі, і што ён будзе мець сур’ёзныя экалягічныя і эканамічныя наступствы.

(Лінь: ) “Галоўны прыбытак мясцовыя людзі атрымліваюць ад сельскай гаспадаркі. Скарачэньне водных рэсурсаў зьменшыць ураджаі і паўплывае на іхны дабрабыт. У іх няма іншага спосабу зарабіць грошы. Напаткаюць іх і іншыя стыхіі. І пад пагрозаю будзе само існаваньне гэтых людзей.”

Навукоўцы з Кітайскай акадэміі навук прыйшлі да той жа несуцяшальнай высновы. Яны прагназуюць, што дзьве траціны кітайскіх ледавікоў могуць зьнікнуць да 2060 году, ператварыўшы ў пустэльню некалькі правінцыяў краіны.

Пагроза ўзьнікненьня новых пустэльняў навісае і над сярэднеазіяцкімі краінамі. Так, паводле Стэфана Гарысана з Оксфардзкага ўнівэрсытэту, у Казахстане болей як 400 пакуль яшчэ наяўных ледавікоў цалкам зьнікнуць ужо ў наступныя 20 гадоў. А праблема ў тым, што 75 адсоткаў рэк, якія там працякаюць і выкарыстоўваюцца дзеля арашэньня, маюць ледавіковае паходжаньне.

Аўтары дакумэнту мяркуюць, што калі прыняць рашучыя захады дзеля абароны навакольнага асяродзьдзя, то можна запаволіць глябальнае пацяпленьне, і ў такім разе зьменшацца і тэмпы раставаньня ледавікоў. Таму Ўсясьветны фонд аховы дзікай прыроды заклікаў да тэрміновага правядзеньня міжнароднай кампаніі ў барацьбе са зьменамі клімату. І асаблівую ролю павінны адыграць вялікія краіны.

Кітай з насельніцтвам у адзін і тры дзесятыя мільярда чалавек і з эканомікай, якая імкліва разьвіваецца, зьяўляецца той краінай, якая моцна ўплывае на зьмену клімату. Ён зьяўляецца другой пасьля ЗША краінай паводле шкодных выкідаў у атмасфэру, якія і ёсьць праўдападобнай прычынай глябальнага пацяпленьня.
XS
SM
MD
LG