Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Страйк прадпрымальнікаў працягваецца і ў Берасьці


Алег Супрунюк, Берасьце У часе сустрэчы з прадстаўнікамі гарадзкой і абласной уладаў гандляры заявілі, што мясцовыя чыноўнікі ўводзяць іх у зман, калі кажуць, што асноўныя праблемы прадпрымальнікаў вырашаныя і тыя мусяць выйсьці на працу.

16 сакавіка пераважная большасьць берасьцейскіх прадпрымальнікаў, што гандлююць на рэчавых рынках гораду, працягвалі страйк. Ізноў зачыніліся нават тыя кірмашы, якія вырашылі распачаць працу ў апошнія дні.

Гандляры кажуць, што насуперак абяцаньням уладаў зноў пачаліся праверкі (у прыватнасьці, з боку супрацоўнікаў мытні). Пра гэта прадпрымальнікі распавялі на сустрэчы ў будынку адміністрацыі Маскоўскага раёну Берасьця. На гэты сход прыйшло больш як паўтысячы чалавек, у тым ліку прадстаўнікі падатковай інспэкцыі і ўпраўленьня гандлю гарвыканкаму. Аднак вынікі сустрэчы расчаравалі гандляроў. Гаворыць адзін з актывістаў прадпрымальніцкага руху Віктар Чайкоўскі:

(Чайкоўскі: ) “Ніводнае пытаньне ня вырашанае. Былі зачытаныя інструкцыі, пастановы, дэкрэты. Паралізаваная ўся лёгіка гэтых людзей. Яны ня хочуць думаць, баяцца выказваць сваю думку. Адзінае, што кажуць: вы абавязаныя плаціць. А плаціць з заробленага рубля рубель сорак… Прадпрымальнікі ўсе абураныя”.

Прадстаўнік абласной падатковай інспэкцыі Ігар Рудакоў вырашыў не драматызаваць сытуацыю і чарговы раз супакойваў прадпрымальнікаў:

(Рудакоў: ) “Яны ўпэўненыя, што падатковая нагрузка вялікая. Мы ім патлумачылі, што будуць прынятыя нейкія захады. Можа, зьменшацца стаўкі, а можа, і падатак на даданую вартасьць адменяць. Такі варыянт малаверагодны, але гэта ня выключана”.

Але большасьць прадпрымальнікаў ня верыць абяцаньням мясцовых чыноўнікаў. Вось што адказаў на пытаньне “Як доўга можа працягвацца страйк у Берасьці?” прадпрымальнік з рынку “Юбілейны” Яўген Вальфовіч:

(Вальфовіч: ) “Людзі баяцца, каб не атрымалася так, што яны згубяць, груба кажучы, свае анучы і яшчэ пасьля гэтага іх аштрафуюць і могуць апісаць кватэры. Атрымліваецца, таньней сядзець дома, не гандляваць, чым выйсьці і чакаць, зь якога боку да цябе прыйдзе канфіскацыя альбо штраф”.

Чарговы сход берасьцейскіх прадпрымальнікаў прызначаны на 17 сакавіка.
XS
SM
MD
LG