Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомельскай вобласьці “хімія” актыўна пашыраецца на вёску


Казімер Яноўскі, Гомельская вобласьць У паселішчы Мышанка Петрыкаўскага раёну адкрываецца восьмая на Гомельшчыне папраўча-працоўная калёнія адкрытага тыпу — так званая “хімія”. Каляністы будуць дапамагаць тым калгасам і саўгасам, дзе бракуе працаўнікоў. Наагул, Беларусь займае 5-е месца ў сьвеце па колькасьці зьняволеных на душу насельніцтва.

У свой час на “хіміі” адбывалі пакараньне за нібыта паклёп на Аляксандра Лукашэнку журналісты: Мікалай Маркевіч — у Асіповічах, Павал Мажэйка — у Жлобіне, Віктар Івашкевіч — у Баранавічах. Цяпер у Гомельскай вобласьці “хімія” актыўна пашыраецца на вёску.

Папраўча-працоўная ўстанова на сто асуджаных у Мышанцы разьмесьціцца ў былым вайсковым гарадку, што застаўся тут пасьля вываду расейскіх войскаў. Рашэньне пра яе адкрыцьцё прыняў дэпартамэнт выкананьня пакараньняў Міністэрства ўнутраных справаў на падставе прапановы мясцовых уладаў. Сродкі выдаткоўвае Гомельскі аблвыканкам. Зацікаўленасьць органаў улады ў арганізацыі падобных установаў зьвязана з прыцягненьнем у праблемныя калгасы і саўгасы пабочнай працоўнай сілы.

Гаворыць начальнік управы каардынацыі адміністрацыйныў органаў аблвыканкаму Рыгор Івончык:

(Івончык: ) “Мы адкрываем падобныя ўстановы там, дзе адсутнічае працаздольнае насельніцтва. У гарадах асуджаным цяжка знайсьці працу, яны шукаюць яе і ў гандлі, і ў прыватнікаў. Навошта гэта рабіць, калі ў шэрагу раёнаў у вёсках бракуе і мэханізатараў, і даглядчыкаў жывёлы. Цяпер мы падбіраем дзеля патрэбаў калгасаў неабходных спэцыялістаў зь ліку асуджаных. Калі сёньня, напрыклад, зваршчык патрэбны ў сельгаспрадпрыемстве “Мышанка”, мы яго возьмем у Гомелі, Мазыры альбо ў іншым месцы рэспублікі і накіруем сюды”.

Цяпер у рэгіёне ў адкрытых працоўна-папраўчых установах, празваных у народзе “хіміяй”, пакараньне адбывае паўтары тысячы чалавек. Шмат іх занята менавіта ў сельскай гаспадарцы. Заканадаўчае паслабленьне пакараньняў для людзей за няцяжкія злачынствы стала ў рэгіёне своеасаблівай працоўнай рэзэрвай дзеля падтрыманьня калгасна-саўгаснай сельскай гаспадаркі.

У хуткім часе папраўчая ўстанова будзе зарганізавана і вёсцы Чамярысы Брагінскага раёну — адным з найбольш заражаных радыяцыяй. Мяркуецца, што ў навакольных калгасах будуць працаваць асуджаныя на “хімію” жыхары Хойнікаў, Лоева ды самога Брагіна.

***

Цягам апошніх гадоў Беларусь займала 3-5 месца ў сьвеце паводле паказчыку колькасьць зьняволеных на 100 тысячаў насельніцтва. Напрыклад, у 2003 годзе ў лідэра паводле гэтага паказчыка – Злучаных Штатаў Амэрыкі – было 710 вязьняў на 100 тысячаў насельніцтва. У Расеі, якая на другім месцы, гэты паказчык складаў 605 чалавек, у Казахстане – 598, у Беларусі – 505 зьняволеных на 100 тысячаў насельніцтва.

Калі казаць пра абсалютныя лічбы, то паводле МУС Беларусі на сакавік мінулага году ў папраўчых калёніях краіны ўтрымлівалася каля 35 тысячаў чалавек, у сьледчых ізалятарах – 10 тысячаў чалавек. Так званы ліміт напаўняльнасьці ў калёніях быў перавышаны прыкладна на 4 тысячы месцаў, у СІЗА – на 2 тысячы.
XS
SM
MD
LG