Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Марыніча перавезьлі ў менскі турэмны шпіталь, міліцыянты прызналі факт інсульту


Алег Грузьдзіловіч, Менск Міхаіла Марыніча перавезьлі з аршанскай калёніі ў Менск і зьмясьцілі ў рэспубліканскі турэмны шпіталь. Аднак сваякоў да Міхаіла Марыніча па-ранейшаму не дапускаюць, спасылаючыся на турэмныя правілы.

У дэпартамэнце выкананьня пакараньняў Радыё Свабода паведамілі, што ўвечары 15 сакавіка Міхаіла Марыніча на рэанімацыйным аўтамабілі прывезьлі з аршанскай калёніі ў рэспубліканскі турэмны шпіталь, які знаходзіцца на тэрыторыі менскай калёніі на вуліцы Кальварыйскай.

Кіраўнік дэпартамэнту Ўладзімер Коўчур прызнаў, што Міхаіл Марыніч перанёс інсульт.

Нагадаю, спачатку міліцыянты казалі пра арытмію, потым выкарыстоўвалі дыягназ “мікраінсульт”. Уладзімер Коўчур паведаміў, што рашэньне аб пераводзе Марыніча ў Менск было прынятае паводле рэкамэндацыі нэўрахірургаў, якія агледзелі хворага ў аршанскай калёніі 15 сакавіка. “У менскім шпіталі Марынічу гарантавана ўся патрэбная дапамога”, — заявіў Уладзімер Коўчур.

16 сакавіка старэйшы сын Марыніча Ігар сустрэўся з начальнікам менскай калёніі і лекарамі, якія назіраюць за бацькам. Вось як, паводле іхных словаў, адчувае сябе Міхаіл Марыніч пасьля пераезду з Воршы:

(Ігар Марыніч: ) “Лепш. Дактары кажуць, што цягам месяца становішча можа палепшыцца альбо пагоршыцца, але пакуль сытуацыя стабільная. Яшчэ ўражаньне, што я пагаварыў зь людзьмі, у якіх хоць твары нармалёвыя, чалавечыя”.

Сваякі Марыніча працягваюць настойваць на пракурорскай праверцы дзеяньняў адміністрацыі аршанскай калёніі. Паводле сваякоў, ненаданьне мінімальнай мэдычнай дапамогі мела вынікам тое, што 7 сакавіка ў Міхаіла Марыніча ў калёніі здарыўся інсульт. У яго дагэтуль замаруджаная мова і відаць прыкметы паралюшу левай паловы цела.

У дэпартамэнце выкананьня пакараньняў ніяк не камэнтуюць абвінавачаньні сваякоў Марыніча што да дзеяньняў адміністрацыі 8-й аршанскай калёніі. Сыноў Марыніча да бацькі не дапускаюць і цяпер, калі ён знаходзіцца ў Менску. Паводле Ігара Марыніча, міліцыянты спасылаюцца на турэмныя парадкі й асаблівасьці ўмоваў у турэмным шпіталі. Дактары запэўнілі Ігара Марыніча, што Міхаіл Марыніч будзе заставацца пад іх наглядам у шпіталі прынамсі месяц.

Тым часам вядомыя расейскія палітыкі Ірына Хакамада і Барыс Нямцоў, а таксама журналіст ОРТ Павал Шарамет зьвярнуліся да беларускіх уладаў з заклікам тэрмінова вызваліць Міхаіла Марыніча і аказаць яму ўсю неабходную мэдычную дапамогу.
XS
SM
MD
LG