Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзень 16-ы: Наваполацкія прадпрымальнікі працягваюць страйкаваць


Вінцэсь Мудроў, Наваполацак У іншых рэгіёнах прадпрымальнікі паволі вяртаюцца на рынкі, але ў Наваполацку па-ранейшаму віруюць страйкавыя жарсьці.

На наваполацкім рэчавым рынку былія разгорнутыя ўсяго дзевяць гандлёвых намётаў. І гэта нягледзячы на тое, што кантрольныя органы, каб прыцягнуць гандляроў на рынкі, практычна спынілі фінансавыя праверкі тых, хто выходзіць на працу.

Як і папярэднімі днямі, наваполацкія прадпрымальнікі зьбіраліся сёньняшнім ранкам на цэнтральным гарадзкім пляцы. Па іх перакананьні, увядзеньне падатку на даданую вартасьць перасьледуе дзьве мэты: абмежаваньне завозу ў краіну расейскіх тавараў і ліквідацыю дробнага бізнэсу. Зрэшты, многія з тых прадпрымальніц, якія сабраліся на пляцы і якіх надоечы пазбавілі гандлёвых месцаў, ужо разьвітваюцца з кірмашовым гандлем. Цяпер яны плянуюць прыйсьці да гарвыканкаму зь іншым патрабаваньнем: даць ім хоць якую працу:

(Першая прадпрымальніца: ) “Калі я не магу працаваць на рынку, дакладней, калі мне ствараюць такія ўмовы, хай дадуць мне іншую працу. Мне засталося два гады да пэнсіі. Дайце мне любую працу! Вось я з вышэйшай адукацыяй: дайце мне працу дворніка, магу мыць падлогу на якім-заўгодна прадпрыемстве. Дайце мне працу!”

(Другая прадпрымальніца: ) “Баліць сэрца ад таго, што няма ніякай працы. Мы працавалі на рынку з сынам, у якога вышэйшая адукацыя. Зарабляў ён 100 тысяч на месяц. І калі я з-за ПДВ не змагла выйсьці на працу, сын таксама пазбыўся працы. Вось і атрымалася, што ўся наша сям’я апынулася за бортам”.

(Трэцяя прадпрымальніца: ) “Ды ў нас добрая палова ўжо б сышла з гэтага рынку, не стаялі б і ня мерзьлі, калі б была нейкая праца. У Наваполацку працы няма ніякай. Валёнкі набываем, гарэлку п’ем… З дыплёмамі стаім тут…”

Сёньня ж на Полаччыне пачаўся збор подпісаў пад патрабаваньнем тэрміновага вызваленьня з-пад варты старшыні рэспубліканскага грамадзкага аб’яднаньня “Пэрспэктыва” Анатоля Шумчанкі. Як паведаміў нашаму радыё лідэр страйкавага руху на Полаччыне Валер Шаўчэнка, бліжэйшым часам у рэгіёне будзе створаны грамадзкі камітэт у абарону Анатоля Шумчанкі.
XS
SM
MD
LG