Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ахвяры Халакосту ў Беларусі


Вячаслаў Кулік, Менск У гады Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Беларусі было створана больш як 150 гета. Гісторыкі сьведчаць, што фашысты зганялі ў іх сотні тысяч габрэяў – жыхароў Савецкага Саюза, Нямеччыны, Польшчы, Чэхіі, Аўстрыі, Францыі і іншых эўрапейскіх краінаў. Але да сёньняшняга часу дасьледчыкі ня маюць дакладных зьвестак аб колькасьці ахвяраў Халакосту ў Беларусі.

Слова “халакост” паходзіць ад старажытнагрэцкага Holokaustos, што азначала ўсёспаленьне, зьнішчэньне агнём. Тэрмін упершыню выкарыстаў будучы ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру пісьменьнік Элі Вэзэль. Паводле яго, халакост – гэта агульная назва тых мясьцін, дзе гітлераўскі фашызм рабіў свае лютыя злачынствы супраць мірнага насельніцтва ўсяе Эўропы, сымбаль газавых камэраў і крэматорыяў. А што ведаюць пра гэта цяперашнія жыхары Беларусі?

(Спадар: ) “Гэта ж вядома кожнаму дзіцяці: зьнішчэньне габрэяў нацыстамі”.

(Юначка: ) “Ня чула, нават не ўяўляю, што гэта такое”.

(Юнак: ) “Халакост – ведаю, што такое, але гэта мяне ня тычыцца. Гэта масавае зьнішчэньне габрэяў у канцэнтрацыйных лягерах у часе мінулай вайны. Па ўсёй Эўропе: і ў Асьвенціме, і ў Беларусі шмат габрэяў было зьнішчана”.

(Юначка: ) “Халакост – гэта шавінізм. Да прыкладу, у адносінах да габрэяў”.

(Спадарыня: ) “Чаму ж ня ведаю? Усе людзі павінны ведаць, асабліва нашае пакаленьне, бо нашыя бацькі – нехта на фронце быў, нехта ў канцлягер патрапіў. Я лічу, што гэта для ўсіх страшная трагедыя, і забывацца пра гэта проста недапушчальна. Я лічу, што павінна быць нададзена шмат увагі ўсім загіблым, а тым, хто выжыў – для іх трэба зрабіць усё, што можна. Гэтых жа людзей зусім мала засталося. Але ж гэта залежыць ад нашага ўраду, а не ад нас. Але ў нас проста забываюцца на гэта”.

Гэта былі меркаваньні мінакоў на вуліцах Менска. Паводле старшыні Суполкі беларускіх габрэяў Леаніда Левіна, тэма Халакоста ў Беларусі недастаткова вядомая ў грамадзтве, асабліва сярод моладзі.

(Левін: ) “Мы арганізавалі конкурс. Не для габрэяў, а сярод вясковых школьнікаў. Тэма – Халакост. Ім было так цікава! Яны з болем у сэрцы гавораць: “Як жа так? У нашай вёсцы жылі такія людзі! Але ж мы нічога пра гэта ня ведалі”. Ну, што мы можам казаць, калі моладзь ня чула, што было на нашай зямлі?”

Акадэмік Леанід Левін – аўтар гарадзкога мэмарыялу “Яма” ў Менску. Нядаўна, 2 сакавіка, была 63-я гадавіна таго, як фашысты зьнішчылі 5 тысяч габрэяў у гэтым месцы.

(Левін: ) “Яма” стала для нас сьвятым месцам. Гэта сымбаль зьнішчэньня ўсяго Менскага гета, тая рана, якую не засыплеш лістотай ці сьнегам. Тут ляжаць нашыя людзі, нашыя менчукі. Мы жылі разам, кахалі, працавалі, хадзілі ў госьці адно да аднаго. Усе мы і сёньня павінны адчуваць, што Бог даў волю й жыцьцё чалавеку не для таго, каб зьнішчаць габрэяў ці каго іншага”.

Паводле словаў Леаніда Левіна, у Менскім гета было забіта 100 тысяч габрэяў – найбольш, чым у якім іншым горадзе Эўропы. Усяго ў Беларусі ў пэрыяд так званага вырашэньня фашыстамі “габрэйскага пытаньня” ў 1942-1943 гадох было зьнішчана больш як 800 тысяч чалавек. Гэта афіцыйныя дадзеныя. Але, паводле меркаваньня гісторыкаў, у Беларусі да сёньняшняга дня няма дакладнага падліку ахвяраў Халакосту. Расказвае кандыдат гістарычных навук Ірына Яленская:

(Яленская: ) “Першыя масавыя акцыі зьнішчэньня габрэйскага насельніцтва пачаліся на тэрыторыі Заходняй Беларусі летам 1941 году. Найбольш вялікія страты былі ў Беластоку, Берасьці, Пінску. Паводле інфармацыі розных крыніцаў, лічбы вагаюцца ад 3 да 10 тысяч чалавек у кожным населеным пункце. Такая розьніца ў дадзеных тлумачыцца супярэчлівымі зьвесткамі, якія захаваліся ў нямецкіх дакумэнтах і матэрыялах савецкага паходжаньня. Сучасным дасьледчыкам даволі цяжка разабрацца ў гэтых лічбах”.

Гісторык Ірына Яленская разам з навукоўцам Яўгенам Разэнблятам правяла дасьледаваньне, якое ўдакладніла колькасьць зьнішчаных габрэяў на тэрыторыі заходніх абласьцей Беларусі.

(Яленская: ) “У Пінску, напрыклад, нам удалося зрабіць рэканструкцыю дэмаграфічных дадзеных, у выніку чаго стала вядома, што колькасьць зьнішчанага габрэйскага мужчынскага насельніцтва ў жніўні 1941 году склала каля 5 тысяч 800 чалавек. Аднак у кожным асобным горадзе такую працу зрабіць цяжка, бо не хапае зьвестак. Тым ня менш, спробы існуюць. Па нашых падліках, за гады Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі заходніх абласьцей Беларусі загінула ад 528 да 569 тысяч габрэяў. На сёньняшні дзень гэтым зьвесткам можна давяраць”.

Ірына Яленская гаварыла пра тое, што ў Беларусі пакуль няма дакладнага падліку колькасьці ахвяраў Халакосту. Па інфармацыі з рэгіёнаў, за больш як 60 пасьляваенных гадоў не абазначаныя нават пункты масавага забойства габрэяў. Паведамляе супрацоўнік упраўленьня культуры Берасьцейскага аблвыканкама Леанід Несьцярчук.

(Несьцярчук: ) “У нас ёсьць мясьціны, дзе няма знакаў. У Івацэвіцкім, у Баранавіцкім, іншых раёнах. Пакуль да іх, як гаворыцца, не дайшлі рукі”.

Як мяркуе спадар Несьцярчук, увекавечаньне памяці ахвяраў генацыду іншы раз затрымліваецца з прычыны залішняй засьцярогі мясцовай улады. Без стосу папераў з КДБ і архіваў цяжка атрымаць афіцыйны дазвол на будаўніцтва мэмарыялаў. 62 гады, напрыклад, чакалі справядлівасьці што да памяці землякоў жыхары пасёлка Гарадзея. Расказвае тамтэйшы жыхар Леанід Качановіч.

(Качановіч: ) “Нашае карэннае насельніцтва мае прозьвішчы неславянскага паходжаньня: Чучман, Чэкман, Шварцман, Герман... Частка людзей помніць, як адбылася расправа. Старых, дзяцей, жанчын зганялі на прывакзальны пляц. Калі хто ня мог ісьці, то білі прыкладам па галаве і кідалі на павозку, везьлі на край вялізарнай ямы і кідалі зьверху ўніз”.

Доўгімі гадамі мясцовы калгас араў глебу і сеяў жыта. І толькі ў мінулым годзе ад гэтай закінутай магілы да вясковага пагосту праклалі ланцуг з каменных валуноў.

(Качановіч: ) “У нас 1137 ахвяраў, і задума была, каб менавіта такую колькасьць валуноў сабраць у памяць пра кожнага загіблага жыхара мястэчка Гарадзея”.

Па традыцыі свайго старажытнага народа, габрэі прыносяць на магілы ня кветкі, а камяні й каменьчыкі. Паводле архітэктара Леаніда Левіна, сёлета ў Беларусі такія адзнакі памяці зьявяцца яшчэ на шэрагу выяўленых месцаў пакуты.

(Левін:) “Мы атрымалі дазвол на будаўніцтва мэмарыялаў у Слуцку, Ракаве, Новабеліцы, Заслаўі”.

Але гэтага вельмі мала, бо, па словах Леаніда Левіна, на тэрыторыі краіны застаюцца не ўвекавечанымі больш як 100 месцаў пахаваньня ахвяраў Халакосту ў Беларусі.
XS
SM
MD
LG