Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Народная воля”: у “зьбітага” Шумчанкам праблемаў са здароўем няма


Падрыхтавала Галіна Абакунчык Агляд незалежнага друку

Супрацьстаяньне ўлады з прадпрымальнікамі працягвае заставацца ў цэнтры ўвагі незалежных рэгіянальных і цэнтральных выданьняў краіны. Так, “Газэта Слонімская” у артыкуле “Грошы любяць падлік, а прадпрымальнікі справядлівасьць” надрукаванае інтэрвію зь мясцовай прадпрымальніцай Верай Таршыс. Яна абвяргае выказваньне Аляксандра Лукашэнкі пра нібыта нежаданьне дробных бізнэсоўцаў плаціць падаткі, прапанаваўшы да ўвагі чытачоў свой пэрсанальны рахунак штомесячных выплатаў.

Газэта “Бабруйскі кур’ер” паведамляе, што праблемы ў зьвязку з новым падаткам узьніклі ня толькі ў прадпрымальнікаў, але і ў гарадзкіх уладаў. Так, многія прадпрыемствы Бабруйску, якія набываюць сыравіну ў Расеі, ня здолелі своечасова пералічыць падаткі ў гарадзкі бюджэт. У гэтым зьвязку зьявіліся праблемы з выплатай заробку настаўнікам і мэдыкам. Старшыня гарадзкой вэртыкалі заявіў, што гэтая сытуацыя нармалізуецца, але зараз трэба “падцягнуць паясы” – гэткую назву атрымаў і газэтны артыкул.

“Кур’ер з Барысава” нагадвае, што бестэрміновы страйк працягваецца й да ягонага шчасьлівага завяршэньня яшчэ далёка, бо прадпрымальнікі патрабуюць ня толькі адмены падатку, а таксама спыніць перасьлед лідэраў прадпрымальніцкага руху. Гэта працягвае адбывацца па ўсёй краіне, і газэта прыводзіць прыклады ў сваім рэгіёне.

Гэты аспэкт страйку працягвае “Народная воля”. Газэта высьветліла лёс чалавека, нібыта, зьбітага лідэрам прадпрымальніцкага руху Анатолем Шумчанкам. Высьветлілася, што таго чалавека за п’янку й бойку ўжо выпісалі са шпіталю, і што ніякіх сур’ёзных праблемаў са здароўем у яго няма. Тым часам, самому Анатолю Шумчанку пагражаюць два гады зьняволеньня.

Яшчэ ў адным артыкуле “Народная воля” тлумачыць, чаму дэпутаты двойчы адхілялі праект закону аб карупцыі й чым пагражае гэты дакумэнт чыноўнікам.

Газэта “Камсамольская праўда ў Беларусі” ў рубрыцы “скандал” паведамляе, што будучая ўдзельніца Эўрабачаньня Анжаліка Агурбаш заявіла, што ня будзе выконваць на конкурсе песьню, за якую ўжо прагаласавалі тэлегледачы, а намерваецца прапанаваць на выбар тры новыя. Для Эўрабачаньня зь ягонай 50-гадовай гісторыяй замена выбранай песьні па жаданьню выканаўцы – выпадак беспрэцэдэнтны, піша “Камсамолка”.
XS
SM
MD
LG