Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Давыбары на Магілёўшчыне: кандыдаты ад АГП ходзяць “ад дзьвярэй да дзьвярэй”


Марыя Ўсьціновіч, Магілёўская вобласьць У наступную нядзелю, 20 сакавіка, на Магілёўшчыне адбудуцца давыбары ў абласны савет. У дзьвюх выбарчых акругах на мандат дэпутата прэтэндуюць прадстаўнікі Аб’яднанай грамадзянскай партыі.

У Крычаўскай сельскай акрузе балятуецца прадпрымальнік і рэдактар недзяржаўнай газэты “Вольны горад” Сяргей Няроўны. Яго суперніца – кіраўнік раённага прафсаюзу работнікаў сельскай гаспадаркі. Сяргей Няроўны гаворыць, што гэтую кандыдатку падтрымлівае ўлада, і барацьбу за мандат ураўнаважвае толькі папулярнасьць у раёне газэты “Вольны горад”. Гаворыць Сяргей Няроўны:

(Няроўны: ) “Кампанія, я лічу, праходзіць як і звычайна у беларускіх умовах. Камісія не садзейнічае, каб дэпутат, асабліва ад апазыцыі, мог бы данесьці палажэньні сваёй праграмы і паразмаўляць з выбаршчыкамі. Так і цяпер адбываецца ў Крычаўскім раёне”.

Прыкладна такая ж сытуацыя з агітацыйнай кампаніяй Уладзімера Шанцава – яшчэ аднаго кандыдата ад апазыцыі ў дэпутаты Магілёўскага аблсавету. Кіраўнік абласной арганізацыі АГП абіраецца ў Магілёўскай Мірнай акрузе.

(Шанцаў: ) “Я адчуваю, што ўлада ад выбараў да выбараў становіцца больш жорсткай у супраціве апазыцыі. І гэта зразумела, хутка прэзыдэнцкія выбары, і трэба ўладу ўтрымаць у руках. Яны баяцца аранжавага колеру, вельмі баяцца”.

Сам Уладзімір Шанцаў, дарэчы, носіць аранжавы гальштук і гаворыць, што робіць гэта для таго, каб людзі прызвычаіліся да гэтага асаблівага колеру.

Кандыдат мае цяпер шмат прэтэнзіяў да выбарчых камісіяў: паводле яго, нягледзячы на абяцаньні, яму не спрыяюць арганізацыі сустрэчаў з выбаршчыкамі, і нават наадварот. Хаця ў абласной выбарчай камісіі іншае меркаваньне на гэты конт: там мне сказалі, што кандыдат сам павінен шукаць сваіх выбаршчыкаў і пераконваць іх, што ён будзе добрым дэпутатам.

Так ці інакш, але абодва кандыдаты ад апазыцыі вымушаныя разьлічваць на свае сілы, атаму аддаюць перавагу мэтаду “ад дзьвярэй да дзьвярэй”. І Сяргей Няроўны, і Ўладзімер Шанцаў лічаць гэта найбольш дзейснай агітацыяй.

Што чакаюць выбаршчыкі ад дэпутатаў? Яны распавядаюць кандыдатам у абласны савет пра вострыя сацыяльныя праблемы. Мэдычнае абслугоўваньне, камунальныя паслугі і іх кошт, нізкія заробкі, беспрацоўе – асабліва ў сельскай мясцовасьці, дзе абанкруціліся гаспадаркі. Кандытаты гавораць, што многія іх выбаршчыкі ўпэўнены: дэпутаты толькі абяцаюць, але нічога не робяць для народу. Але апазыцыянэры абяцаюць, што яны маўчаць не будуць.

Ці ведаюць выбаршчыкі пра выбары 20 сакавіка? Шырокай рэклямы давыбараў у абласны савет няма. Некалькі кароткіх інфармацыяў у прэсе ды аб’явы пра выбары на будынках адміністрацыяў і выканкамаў. На цікавасьць да выбараў, верагодна, паўплывала тое, што ў трох акругах давыбары будуць безальтэрнатыўныя.

Але якраз спадзяваньні Сяргея Няроўнага і Ўладзімера Шанцава – на тое, што ў Крычаве і Магілёве, дзе яны складаюць альтэрнатыву кандыдатам ад улады, 20 сакавіка людзі прыйдуць, каб аддаць голас за свайго кандыдата.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG