Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цытаты мінулага – 16 сакавіка


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Беларуская прэса розных гадоў 16 сакавіка

“Беларуская доля”, 1925 год. Пра выступ беларускага прадстаўніка ў ЦВК СССР Нодэля:

“Прадстаўніцтва Радавай Беларусі добра разумее дыпляматычна-мірныя заявы Чычэрына па адрасу Польшчы, але не задаволена тым лішне мяккім тонам, якім урад ССРР наагул размаўляе з Польшчай… Даныя, раскрытыя на працэсе польскіх дыверсантаў у Кайданове, не пакідаюць ужо ніякіх сумліваў. Чычэрын піша дасьціпныя дыпляматычныя ноты ў Варшаву, але польскі ўрад зусім з імі ня лічыцца, бо напады не спыняюцца. У рэзультаце пакрыўджанай, бо рабаванай, застаецца Беларусь”.

“Звязда”, 1975 год:

“Калектыў барысаўскай ордэна “Знак Пашаны” фабрыкі піяніна імя 50-годдзя КПБ адзін з першых у горадзе падтрымаў ініцыятыву перадавых калектываў Масквы правесці 19 красавіка камуністычны суботнік, прысвечаны 105-й гадавіне з дня нараджэння У.І.Леніна. Рабочыя і служачыя фабрыкі ў дзень суботніка вырашылі працаваць з перавыкананнем заданняў. Калектывы многіх участкаў і брыгад будуць працаваць на сэканомленых матэрыялах і сыравіне. 19 красавіка будзе выпушчана 75 піяніна, 20 электрагітар, мэблі на 1,1 тысячы рублёў і шмат іншай прадукцыі — усяго на 55 тысяч рублёў”.

“Добры вечар”, 1995 год. Людміла Саянкова:

“Калі рэжысёр, асабліва мужчына, не ведае, дзе паставіць кропку, дзе скончыць стужку, то гэта абяцае нам быць сведкамі цьмянага відовішча — эпізода нястрыманасці. Відовішча будзе цьмяным. Напрыклад, як у фільме “Аб ёй і без яе” (рэж. І.Лянёў). Не паможа нічога: ні крымінальны сюжэт, ні палкае каханне, ні нават Ліка. Дарэчы, хочацца пажадаць: ну, не здымайце вы прыгажуню Анжэліку Ялінскую на буйных планах менавіта тады, калі яна выконвае драматычную ролю, менавіта тады, калі ёй па сюжэту трэба плакаць. Ну не атрымліваецца з яе драматычная актрыса”.
XS
SM
MD
LG