Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

16 сакавіка 1890 году ў Дзьвінску нарадзіўся тэатральны дзеяч Саламон Міхоэлс


Ул. інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 16 сакавіка

16 сакавіка 1946 году Ўладзімер Караткевіч піша першы свой артыкул па-беларуску: “Некалькі слоў пра Францішка Багушэвіча як вялікага песьняра Беларусі і прадстаўніка крытычнага рэалізму ў беларускай літаратуры 2-й паловы ХIХ стагодзьдзя”. Гэта быў час, калі пра Багушэвіча толькі пачыналі гаварыць станоўча, адкідаючы ранейшыя зьвінавачаньні ў буржуазным нацыяналізьме. Самому Караткевічу тады было 16 гадоў.

16 сакавіка 1988 году на загад Садама Хусэйна ірацкая авіяцыя выкарыстала хімічную зброю супраць жыхароў курдзкага гораду Халабаджа. У выніку гэтай нялюдзкай атакі загінула больш за 5 тысячаў мірных жыхароў, пераважна жанчын і дзяцей.

16 сакавіка 1787 году нарадзіўся нямецкі фізык Георг Сымон Ом, які ўстанавіў асноўны закон электрычнага ланцуга. Кожны са школы ведае гэты закон, а таксама адзінку вымярэньня электрычнага супраціву, якая так і называецца – ом.

16 сакавіка 1839 году прыйшоў на сьвет францускі паэт Франсуа Арман Сюлі-Прудом, першы ў сьвеце літаратар, які быў уганараваны Нобэлеўскай прэміяй у галіне літаратуры. А 16 сакавіка 1883 году нарадзіўся выдатны арабіст і ўсходазнаўца Ігнат Крачкоўскі, які быў родам зь Беларусі.

16 сакавіка 1890 году ў Дзьвінску прыйшоў на сьвет Саламон Міхоэлс, тэатральны актор і рэжысэр. У часы другой сусьветнай вайны Міхоэлс узначаліў Габрэйскі антыфашыстоўскі камітэт, які апынуўся ў самым эпіцэнтры сусьветных падзеяў, зьвязаных з габрэямі. З аднаго боку, адбыўся генацыд габрэяў на акупаваных немцамі тэрыторыях, з другога – выношваліся пляны стварэньня Ізраіля, з трэцяга – рабіліся праекты габрэйскай аўтаноміі за Байкалам і ў іншых месцах Савецкага Саюзу. Вось жа ў 1948 годзе на ўрачыстым габрэйскім сходзе Міхоэлс радасна паведаміў пра шырокія магчымасьці, якія савецкая ўлада дае для стварэньня габрэйскай дзяржавы. Сталін расцаніў гэтыя словы як заклік да эміграцыі ў Ізраіль і адразу ж даў загад забіць Міхоэлса. На той момант актор знаходзіўся ў Менску. Тут, на адной менскай вуліцы і быў інсцэніраваны аўтамабільны наезд. Міхоэлс загінуў. А праз два месяцы пасьля гэтага было абвешчана пра стварэньне дзяржавы Ізраілю.
XS
SM
MD
LG