Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму беларусы ня езьдзяць будаваць у Казахстан?


Уладзімер Глод, Менск Амбасадар Казахстану ў Беларусі Газіз Алдамжараў тэрмінова шукае для сваёй краіны замежных будаўнікоў. Пра гэта ён заявіў учора падчас сваёй прэсавай канфэрэнцыі, прысьвечанай пэрспэктывам сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Казахстану і казахска-беларускаму супрацоўніцтву. Амбасадар паабяцаў, што на ягонай радзіме беларускім будаўнікам будуць плаціць ня менш, чым ў Нямеччыне. Спадар Алдамжараў паведаміў, што ён ужо накіраваў у Казахстан некалькі будаўнічых фірмаў з Польшчы і Нямеччыны. А вось беларусаў пакуль сярод іх няма. Чаму так адбываецца?

Я быў у Нацыянальным прэсавым цэнтры і задаваў пытаньне пра беларускіх будаўнікоў. Справа ў тым, што на папярэдняй прэсавай канфэрэнцыі, у сьнежні 2004 году, амбасадар Казахстану ўпершыню распавёў пра трохгадовую праграму ўзьвядзеньня жыльля, якая пачынаецца сёлета, пра неабходнасьць мноства працоўных рук, пра вялікае жаданьне бачыць на будаўнічых пляцоўках беларусаў. І, зразумела, мне было цікава даведацца, ці застаецца гэтае запрашэньне такім жа актуальным і ці адгукнуліся на яго беларускія майстры. І вось што адказаў амбасадар Газіз Алдамжараў:

(Алдамжараў: ) “Я яшчэ раз пацьвярджаю (і гэта ня толькі мае словы, але й даручэньне мне ад імя маёй дзяржавы), што Казахстан чакае беларускіх будаўнікоў. Нам патрэбныя будаўнікі, будаўнічыя брыгады, майстры, прарабы, інжынэры... Я ня думаю, што ў Казахстане цяпер заробіш менш, чым, прыкладам, у Нямеччыне. Умовы нармальныя ў нас ёсьць, абароненасьць людзей і іх інтарэсаў на тэрыторыі Казахстана таксама ёсьць. Але мне кажуць, што беларускія будаўнікі вельмі занятыя, што ў іх шмат працы на тэрыторыі Беларусі”.

Добра вядома, што беларусаў ахвотна бяруць на працу ў розных краінах сьвету. Я вывучаў геаграфію паездак беларускіх будаўнікоў. Атрымліваецца так, што найбольш распаўсюджаныя маршруты – у Расею, Польшчу, Літву, Чэхію і, як гэта не дзіўна, у Злучаныя Штаты Амэрыкі. Там беларусы, так бы мовіць, прычапляюцца да польскіх брыгадаў.

А як працуецца за мяжой? Я прапаную паслухаць добра вядомага чалавека – былога журналіста, былога дэпутата Вярхоўнага Савету Вячаслава Герасіменку. У Вярхоўным Савеце 13-ага скліканьня ён падпісаў імпічмэнт Аляксандру Лукашэнку, пасьля чаго да гэтага часу не мае сталай працы. І вось што ён мне распавёў:

(Герасіменка: ) “Летась і пазалетась я, як і сотні маіх землякоў-петрыкаўцаў, як сотні тысячаў беларусаў, езьдзіў працаваць у Маскву й Падмаскоўе. Я скажу, што сама праца там ня мёд. Некалькі ёсьць прычынаў. Першая, што, як правіла, там стараюцца не заплаціць альбо не даплаціць. Па-другое – адносіны з боку міліцыянтаў, якія стараюцца абабраць ня толькі беларусаў, украінцаў ды малдоўцаў, але нават і сваіх, расіянаў.

Можа, памятаеце, у канцы мінулага году ў будаўнічым вагончыку згарэлі пяць маіх землякоў. Скажу, што падобную сытуацыю я перажываў на сабе, таксама думаў, чым можа скончыцца начное паленьне альбо ўключаны калярыфэр. Таму, калі нашыя беларусы будуць ведаць, што будзе добры кантракт – добрыя ўмовы працы, пражываньне, харчаваньне ды 100% аплата – дык, я глыбока перакананы, паедуць ня толькі спэцыялісты, але і падсобнікі”.

Вернемся зноў да прэсавай канфэрэнцыі амбасадара Казахстану. Спадар Алдамжараў казаў, што афіцыйныя беларускія ўлады на ягоныя запыты адказвалі так: маўляў, беларускія будаўнікі вельмі занятыя на ўласнай тэрыторыі. Наколькі гэта адпавядае рэчаіснасьці? Прапаную зноў паслухаць спадара Герасіменку:

(Герасіменка: ) “Прыватных будаўнічых фірмаў на Беларусі вельмі мала. Асабіста я за ўвесь час працаваў чатыры месяцы ў адной прыватнай менскай фірме. Але яна, як высьветлілася, проста “прысмакталася” да Кіраўніцтва справамі прэзыдэнта, да сумна вядомай Жураўковай. А дзяржаўныя фірмы? Прыкладам Петрыкаўская ПМК-110 ужо два гады езьдзіць вахтавым спосабам у Маскву на паўтара месяца. Але я лічу, што навошта кіраўнікам нашых будаўнічых арганізацыяў дадатковая адказнасьць? Маленькую, невялічкую працу можна знайсьці і ў нас, на Беларусі – дзесьці, напрыклад, домікі пабудаваць. ПМК-110 раней мела 300-400 працаўнікоў, а цяпер – менш за 100. А кіраўніку больш і ня трэба. У яго аклад ёсьць – і добра”.
XS
SM
MD
LG