Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фальшываманэтчыкі старадаўняй Беларусі


Вячаслаў Ракіцкі, Менск (Эфір 10 сакавіка 2005 г.) Новая перадача сэрыі “Беларуская Атлянтыда”. Удзельнічае гісторык Ірына Колабава.

(Вячаслаў Ракіцкі: ) “Наяўныя грошы традыцыйна існуюць як у папяровым, так і ў мэталёвым варыянце – у выглядзе манэтаў. Мэталёвы (манэтны) варыянт грошаў мае болей працяглую гісторыю існаваньня. Манэты могуць выпускацца з рознымі мэтамі і мець розныя кірункі выкарыстаньня – ад сродку грашовага абарачэньня да мэмарыяльных, памятных. Але чалавецтва мае ня толькі гісторыю грашовага абарачэньня, але і гісторыю падробак грошай. Асабліва цікавай падаецца гісторыя фальшывых манэтаў –. вырабленых незаконна дзеля абарачэньня ў якасьці грошаў і атрыманьня пэўнай выгады”.

(Ірына Колабава:) “Зьнешне, на першы погляд, фальшывыя манэты, як правіла, практычна не адрозьніваюцца ад сапраўдных, але маюць больш нізкую пробу, ці ўвогуле выраблены зь некаштоўнага мэталю з далейшай пазалотай ці срабрэньнем. Пры вытворчасьці фальшывых манэтаў магла праводзіцца адліўка, рэзацца новы ці незаконна выкарыстоўвацца стары штэмпэль.

Вытворцамі фальшывых грошаў магла быць як прыватная асоба, так і дзяржава. Напрыклад, перад француска-расейскай вайной 1812 году Напалеон пусьціў у абарачэньне на тэрыторыі Расеі падробныя расейскія папяровыя грашовыя знакі. Гітлер у часе другой усясьветнай вайны фабрыкаваў савецкія папяровыя грошы.”

(Ракіцкі: ) “Зразумела, самі фальшываманэтчыкі не афішавалі сваёй дзейнасьці, і таму ў бальшыні сваёй іхныя імёны зьніклі ў вечнасьці, але некаторыя ўсе ж дайшлі да нашага часу аж ад самага пачатку гэтай крымінальнай дзейнасьці. Калі пачынаецца гісторыя падробкі грошаў і якія першыя імёны фальшываманэтчыкаў фіксуе ўсясьветная гісторыя?”

(Колабава: ) “Як толькі ўзьніклі грошы, дык адразу знайшліся і людзі, якія захацелі і змаглі іх падрабляць. У гэтым сэнсе мы павінны быць удзячнымі сьведчаньням старажытных аўтараў і судовай дакумэнтацыі, што захавалася. Так, вядомы старажытна-грэцкі філёзаф Дыяген, працягваючы падпольную дзейнасьць бацькі – мянялы Гікесія, таксама займаўся вырабам фальшывых манэтаў.”

(Ракіцкі: ) “А ці можна казаць пра нейкія краіны, дзе фальшаваньне манэтаў найболей было пашыраным, дзе яно, так бы мовіць, дасягнула высокага узроўню? І якое месца ў Эўропе ў справе гэтай крымінальнай дзейнасьці магла займаць старадаўняя Беларусь?”

(Колабава: ) “Практычна ва ўсіх краінах Эўропы падрабляліся манэты. І старадаўняя беларуская дзяржава займала далёка не апошняе месца ў Эўропе ў гэтай крымінальнай справе, як паводле колькаснага, гэтак і паводле якаснага паказчыкаў. Падрабляліся як значныя, гэтак і дробныя наміналы.

Вось некалькі прыкладаў. Як у скарбах, так і ў пісьмовых крыніцах неаднаразова сустракаюцца згадкі пра фальшывыя шэлягі (мясцовая назва агульнаэўрапейскай дробнай срэбранай манэты – соліда). У 1682 годзе зьяўляецца Указ Яна Сабескага, у якім гаворыцца наступнае:

“Дайшло да нашага ведама, што шэляжная манэта падрабляецца і як купляючым, так і прадаючым прыносіць настолькі вялікія пакуты,што нярэдка на кірмашах справа даходзіць да праліцьця крыві па віне гэтых шэлягаў, якія ня гледзячы на жорсткія законы, патаемна чаканяцца і распаўсюджваюцца”.

(Ракіцкі: ) “Вось жа і працытаваны гістарычны дакумэнт пацьвярджае таксама сучасны досьвед: жорсткія законы не заўсёды ёсьць плённымі ў змаганьні з такім крыміналам. Якія захады яшчэ рабілі тагачасныя ўлады?”

(Колабава:) “Так, нават самыя жорсткія законы не вырашалі гэтую праблему, і фальшывыя шэлягі працягвалі сустракацца ў скарбах і тагачасных дакумэнтах, часам такія шэлягі называлі “злымі”, супрацьпастаўляючы іх манэтам “добрым”. Прывяду некалькі прыкладаў, як Магілёўскі магістрат у 17-м стагодзьдзі змагаўся з фальшаваньнем манэтаў. 30 лістапада 1685 году магілёўскі магістрат выпраўляе ў Воршу свайго прадстаўніка са зьвесткамі аб знойдзеных падробленых шэлягах. У лютым 1687 году ўліковыя кнігі магілёўскага магістрату зноў рэгіструюць знойдзеныя падробленыя шэлягі.

Адным са спосабаў папярэджваньня насельніцтва пра манэтныя фальсыфікаты, была дэманстрацыя іх у людных мясьцінах (як правіла, каля ратушы). Вось жа 30 траўня 1686 году магілёўскі магістрат зафіксаваў суму, страчаную на прыбіцьцё ўзораў “злых” і “добрых”шэлягаў на гарадзкой браме.”

(Ракіцкі: ) “Вы ўвесь час кажаце пра шэлягі. А хіба іншыя манэты не падрабляліся? У абарачэньні ж былі і болей, і меней каштоўныя грашовыя адзінкі.”

(Колабава: ) “У дакумэнтах сустракаюцца згадкі аб прысутнасьці на грашовым рынку і іншых падробных манэтаў. Так, 13 траўня 1690 году ў гарадзкую казну Магілёву паступаюць фальшывыя пулторакі (мясцовая назва паўтараграшовікаў). Ня быў абыдзены ўвагай фальсыфікатараў сродкаў грашовага абарачэньня і самы каштоўны са срэбраных наміналаў – таляр. Адбіткі іх дзейнасьці фіксуюцца ўліковымі кнігамі магілёўскага магістрату за 6 студзеня 1689 году – сярод атрыманых ад лаўніка Яўхіма Кашэнкі “таляраў бітых 680... знайдавалася паўтара таляра бітага фальшаванага (мабыць, тры манэты па паўталяра ці дзьве манэты наміналам ў таляр і яго палову)”.

(Ракіцкі: ) “А ці судзілі фальшываманэтчыкаў? Якія пакараньні прадугледжвала заканадаўства?”

(Колабава: ) “26 сьнежня 1755 году была адкрыта судовая справа паводле абвінавачваньня ў фальсыфікацыі манэты магілёўца Мацьвея Храмцовіча, які “фальшывыя манэты тынфы з волава і цынку рабіў..., а потым у торгу выдаваў на ашуканьне народу паспалітага”. Ягоныя старэйшыя браты – Антон і Пётар, таксама арыштаваныя, прыводзілі словы іх маці, якая казала малодшаму сыну –“сынку, лепей у попел амачыўшыся жыць, а таго не чыніць”.

(Ракіцкі:) “У сучасным сьвеце, калі рынак напаўняецца і замежнымі валютамі, вельмі часта ўладам даводзіцца сутыкацца і зь іх падробкамі. А вось у тым жа 18 стагодзьдзі, на якім мы з вамі сёньня фіксуем сваю ўвагу, ці падраблялі замежныя грошы? А мо ўжо фальшывымі яны траплялі на беларускія землі з-за мяжы?”

(Колабава: ) “Папулярнасьць на ўсходне-беларускіх грашовых рынках набыла і руская манэтная медзь (капейка, палова капейкі – дзенга і чвэрць капейкі – палушка) – выпадкі яе падробкі, зафіксаваныя на Гомельшчыне і Магілёўшчыне. 27 студзеня 1711 году ў Пасольскі Прыказ Масквы паступіў данос селяніна Маркава аб тым, што ў мястэчках Ветка, Холмічы і вёсцы Ізбынь (маёмасьць гетмана Сапегі на Гомельшчыне) фабрыкуюцца “маскоўскія вараўскія (фальшывыя) дробныя грошы”.Аналягічны выпадак зафіксаваны 8 ліпеня 1720 году, калі магілёўскі суд распачынае справу паводле абвінавачваньня месьціча Мацьвея Стэфановіча ў падробцы маскоўскай манэты. Пасьля прылюднага допыту ля слупа на рынку напаленай шынай абвінавачаны паведаміў аб сваім паплечніках – нейкіх Барысу Пятровічу і Стаську, а таксама аб тым, што медную капейку фабрыкавалі габрэі-магілёўцы, а сам ён вучыўся гэтай справе ў немца ў Шклове сем гадоў назад. Мацьвей спрабаваў апраўдацца, зьвяртаючы ўвагу судзьдзяў на тое, што падробленая манэта выраблялася не пад імем караля Аўгуста ІІ. Гэтыя зьмякчаючыя абставіны зьмянілі першапачатковы вырак – “зажыва быць спаленым” на адсячэньне галавы. Але ў выніку фальшываманэтчык быў нечакана выратаваны ксяндзамі бэрнардынамі і кармэлітамі, якія прарвалі варту і адправілі Мацьвея да свайго кляштару, што ў сваю чаргу, наводзіць на думку аб іх магчымым незаконным супрацоўніцтве.”

(Ракіцкі: ) “Вы хочаце сказаць, што фальшаваньне грошаў мела інтэрнацыянальны, міждзяржаўны характар?”

(Колабава: ) “Так. Вось прыклад. 28 студзеня 1724 году Пецярбурская калегія замежных справаў нават накіроўвае Аўгусту ІІ пратэст у сувязі з вырабам у Рэчы Паспалітай медных расейскіх капеек.”

(Ракіцкі:) “Дагэтуль мы з вамі гаварылі пра дакумэнтальныя сьведчаньні гэтага злачынства. А ці ёсьць таму матэрыяльныя, альбо археалягічныя сьведчаньні, зьвязаныя са знойдзенымі скарбамі?”

(Колабава: ) “Часам на тэрыторыі Беларусі знаходзяць і ўнікальныя скарбы, цалкам складзеныя з фальшывых манэтаў. У нумізматычным кабінэце Белдзяржунівэрсытэту захоўваюцца часткі двух дэпазытаў, прадстаўленых фальшывымі манэтамі. Адзін зь іх знойдзены ў 1971 годзе ў Рагачове, другі – ў Полацку ў 1997 годзе. Гісторыя першага скарбу фальшывых манэтаў зьвязаная з падзеямі польскага паўстаньня 1830/31 гадоў, у ходзе якога прымаецца рашэньне аб выпуску манэтаў новага тыпу з выявай герба Рэчы Паспалітай. Пасьля падаўленьня паўстаньня ў верасьні 1831 году расейскі ўрад абвясьціў аб забароне абарачэньня «мяцежнай» манэты. Сапраўдныя манэты паўстаньня 1830/1831 гадоў сустракаюцца рэдка. На тэрыторыі Беларусі вядомыя ўсяго тры такія выпадкі. Скарб фальшывых манэтаў–паўфабрыкатаў, сярод якіх і падробныя 10-грашовікі часоў польскага паўстаньня, быў знойдзены ў Рагачове ў 1971 году ў часе будаўнiчых працаў каля аўтобуснага вакзалу. Да адкрыцьця рагачоўскага скарбу – унікальнага помніку гісторыі грашовага абарачэньня на тэрыторыі Беларусі – у нумізматычным сьвеце не было вядома фактаў падробак манэтаў польскага паўстаньня.”

(Ракіцкі: ) “Рагачоўскі скарб фальшывых манэтаў зьвязаны з важнай гістарычнай падзеяй. Якія падзеі ці акалічнасьці зьвязаныя з Полацкім скарбам?”

(Колабава: ) “Гісторыя другога скарбу фальшывых лівонскіх шылінгаў, знойдзеных у 1997 годзе ў Полацку, ускосна зьвязаная з граматай магістра Лівонскага Ордэну Ёгана Фрайтаг фон Лёрынгхофэна (1483-1494), які паведаміў рэвельскаму (талінскаму) магiстрату:

«…Нейкія рускія прыехаіi ў Рыгу з Полацку, які ў Літве, маючы пры сабе фальшывыя манэты... будучы папярэджанымі засьцеражыце сваіх месьцiчаў i гандляроў. Узоры гэтых манэтаў у запячатаным выглядзе дасылаем вам, каб вы іх аглядзелі i змаглі засьцерагчыся. Калі вам стане вядома, што нехта мае цi збывае фальшывыя манэты, прыцягвайце яго да адказнасьці»

На калекцыянэрскiх рынках Беларусi ўлетку 1997 году зьявілася значная колькасьць фальшывых манэтаў, якія мелі, паводле зьвестак, паходжаньне са знойдзенага «на беразе ракі ў Полацку» (верагодней за ўсё ракі Палаты) скарбу. 14 падробак пад ордэнскія шылінгі Рэвеля з полацкага скарбу паступілі ў Нацыянальны музэй гісторыі i культуры Беларусі, Нацыянальны Полацкі гісторыка-культурны запаведнік, Нумізматычны кабінэт пры БДУ і прыватныя калекцыі.”

(Ракіцкі:) “Вось жа зараз не магу ўстрымацца ад спакусы задаць і такое пытаньне: у даўнія часы падраблялі манэты індывідуальна або існавалі нават падпольныя майстэрні?”

(Колабава: ) “Супастаўленьне шэрагу фактаў – сьведчаньне пісьмовых крыніцаў, канцэнтрацыя на тэрыторыі Полаччыны і Віцебшчыны беларускіх знаходак ордэнскіх манэтаў, зьвесткі аб знойдзеным у Полацку скарбе фальшывых манэтаў – дазваляе зрабіць выснову аб існаваньні ў Полацку падпольнай майстэрні фальшываманэтчыкаў, якую паводле аб’ёму вытворчасьці, можна лічыць першым манэтным дваром на тэрыторыі Беларусі. Пры вызначэньні дакладнага месца знаходкі скарбу і правядзеньні адпаведных археалягічных дасьледаваньняў, адкрываецца магчымасьць цікавых знаходак.”

(Ракіцкі: ) “Дзейнасьць фальшываманэтчыкаў падрывае эканамічныя падставы існаваньня любой краіны. Якім чынам праходзіла барацьба з падобнай зьявай на дзяржаўным узроўні?”

(Колабава: ) “Пакараньні фальшываманэтчыкаў заўсёды і ўсюды былі вельмі жорсткія. У Старажытнай Грэцыі іх каралі сьмерцю. У Старажытным Рыме за падробку манэты свабодныя грамадзяне высылаліся на катаржныя працы, а ў далейшым для іх устанаўлівалася пакараньне сьмерцю, прычым за падробку залатых манэтаў палілі зажыва. Рабоў расьпіналі на крыжы ці аддавалі драпежнікам ў цырку. Адначасна рабу, які данёс на фальшываманэтчыка, дараваліся свабода і правы свабоднага чалавека.

У 17 стагодзьдзі ў Нямеччыне, у Гамбургу, фальшываманэтчыкаў адпаведна заканадаўству каралі паступовым апусканьнем на канаце ў кацёл зь кіпячым алеем. У Англіі за фальсыфікацыю грошаў выколвалі вочы, а ў 1125 годзе 94-ом трымальнікам манэтных двароў, якія былі западозраны ў па-за законнай дзейнасьці, адсеклі правыя рукі. У Расея 16 стагодзьдзя за падробку манэты секлі рукі, кляймілі шчокі словам “вор”, ссылалі, “вараўскія грошы” маглі плавіць і заліваць ў горла. У 1721 годзе Пётар І “зьмякчыў” заканадаўства, дазволіўшы, злачынцаў, не памерлых адразу пасьля такога катаваньня, застрэліць. У Вялікім княстве Літоўскім Статутам 1566 і 1588 гадоў фальсыфікатары манэты адназначна караліся сьмерцю – спаленьнем зажыва “без міласэрнасьці.”

(Ракіцкі: ) “Пакараньне сьмерцю. І тым ня меней, падрабляць грошы працягвалі. Напэўна ж, гэтае злачынства, якое ўзьнікла практычна адразу са зьяўленьнем грошаў, адамрэ, мабыць, толькі са зьнікненьнем апошніх.”
XS
SM
MD
LG