Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Пэрспэктыва” спыняе перамовы, патрабуе вызваленьня Шумчанкі


Ул. інф. Грамадзкае аб’яднаньне прадпрымальнікаў “Пэрспэктыва” спыніла перамовы з урадам аб мэханізьме спагнаньня ПДВ да вызваленьня лідэра аб’яднаньня Анатоля Шумчанкі. Пра гэта паведаміў сёньня намесьнік Шумчанкі Аляксандар Лапотка.

Кіраўнік “Пэрспэктывы” павінен быў выйсьці на волю 11 сакавіка, пасьля 10-сутачнага адміністрацыйнага арышту за арганізацыю акцыі пратэсту прадпрымальнікаў 1 сакавіка. Аднак гэтага не адбылося. Супраць Шумчанкі была распачатая крымінальная справа, ён абвінавачваецца ў зьбіцьці сукамэрніка, яму пагражае пазбаўленьне волі на 2 гады.

Паводле Аляксандра Лапоткі, прадпрымальнікі на сваіх сходах вырашылі ня весьці перамоваў да вызваленьня Шумчанкі, яны ўпэўненыя, што справа сфабрыкаваная. Спадар Лапотка падкрэсьліў, што дагэтуль невядома, у якім шпіталі ўтрымліваецца Алег Хвастоў, нібыта зьбіты Шумчанкам.

Паводле намесьніка старшыні “Пэрспэктвы”, спадара Хвастова (якога нібыта зьбіў Шумчанка) дастаткова характарызуе той факт, што той мае некалькі судзімасьцяў і агулам адсядзіў у турме 19 гадоў.
XS
SM
MD
LG