Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейцы разбурылі дом, дзе быў забіты Аслан Масхадаў


Юры Дракахруст, Прага Расейскія ўлады адмаўляюцца аддаваць цела лідэра чачэнскіх паўстанцаў Аслана Масхадава родным забітага. Улады лічаць яго тэрарыстам і спасылаюцца на антытэрарыстычнае заканаўства, паводле якога целы тэрарыстаў хаваюцца ў сакрэтным месцы. Фэдэральныя сілы таксама разбурылі дом, дзе 8 сакавіка быў забіты Масхадаў. Некаторыя экспэрты мяркуюць, што гэтыя дзеяньні будуць мець цяжкія наступствы для Расеі.

На думку праваабаронцаў публічнай дэманстрацый аголенага цела забітага Масхадава расейскія ўлады паказалі, што не зьбіраюцца адступаць ад сваёй жорсткай палітыкі ў Чачні. Гаворыць прадстаўнік арганізацыі Human Rights Watch Аляксандар Пятроў.

(Пятроў: ) “Той факт, што цела Масхадава было паказана ў такім аголеным выглядзе, прычым па ўсіх тэлеканалах, не выклікае нічога, акрамя шкадаваньня і агіды. Гэта абсалютна ня той спосаб, якім дасягаецца мірнае ўрэгуляваньне, тым больш у такім рэгіёне, як Чачня”.

Расейскія ўлады адмаўляюцца выдаць родным цела Масхадава, спасылаючыся на антытэрарыстычнае заканадаўства. Масква абвінавачвала Масхадава ў датычнасьці да шматлікіх тэрарыстычных нападаў, у тым ліку да леташняга захопу школы ў Бэслане.

Сам лідэр супраціву заўсёды адвяргаў падобныя абвінавачваньні, Расейскія ўлады ніколі не абнародвалі важкіх доказаў на карысьць гэтых абвінавачваньняў.

Усам Байсаеў з Інгушэціі, які супрацоўнічае з арганізацыяй “Мэмарыял”, падкрэсьлівае, што шмат чачэнцаў памятаюць Масхадава як чалавека, якога яны законна абралі прэзыдэнтам у 1997 годзе.

Для іх рашэньне Масквы не аддаваць цела Масхадава для пахаваньня – абраза – гаворыць Байсаеў. Ён мяркуе, што расейскія ўлады спрабуюць такім чынам дэмаралізаваць чачэнцаў, але насамрэч гэта можа прывесьці да зусім іншых наступстваў.

(Байсаеў: ) “Гэта мэтад псыхалягічнага ўзьдзеяньня на людзей, уціснуць і зьняважыць. Праўда, гэта мае крыху адваротны эфэкт, у Чачні зараз вельмі нэгатыўна ўспрынялі тое, што зараз адбываецца з трупам. Яны адкрыта выказваюць сваё абурэньне. Няма сумневу, што пасьля таго, што адбылося, шмат маладых людзей – людзей, якія зараз адчуваюць сябе пакрыўджанымі і зьняважанымі – пойдуць у горы”.

Учора расейскія ўлады паведамілі, што разбурылі дом, дзе быў забіты Масхадаў, паводле афіцыйных тлумачэньняў таму, што будынак быў замінаваны. Аднак гэта ня першы выпадак, калі фэдэральныя сілы разбураюць дамы асобаў, падазраваных у тэрарызьме. Гэта было зроблена падчас захопу тэрарыстамі тэатру на Дуброўцы ў 2002 годзе.

Дарэчы, падобныя ж разбурэньні дамоў абвінавачаных у тэрарызьме практыкуюць і ізраільцяне. Аднак заканадаўства наконт целаў забітых тэрарыстаў у Ізраілі больш мяккае, чым ў Расеі. Часам тэрарыстаў, што зьдзейсьнілі напады ў самім Ізраілі, таксама хаваюць у часовых магілах, аднак целы тых, хто робіць тэракты ў паласе Газа ці на Заходнім беразе Ярдану звычайна перадаюць палестынскім дактарам. Некалькі год таму ў Кнесэт быў унесены законапраект, які прадугледжваў забарону на перадачу целаў тэрарыстаў родным, але ён быў адхілены.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG