Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Горадні пачалося датэрміновае галасаваньне


Сяргей Астраўцоў, Горадня Сёньня ў Гарадзенскай-Цэнтральнай выбарчай акрузе N52 пачалося датэрміновае галасаваньне на паўторных выбарах дэпутата Палаты прадстаўнікоў. Гэта адзіная ў Беларусі акруга, выбары ў якой не адбыліся увосень. У ёй балятуюцца тры кандыдаты, у ліку якіх два прадстаўнікі апазыцыі. Сёньня ў гарадзкім доме культуры адбылася сустрэча з выбаршчыкамі, на якой не зьявіўся аніводзін з трох кандыдатаў.

У доме культуры, дзе адбылася сустрэча, віселі толькі партрэты кандыдата ад улады — рэктара Гарадзенскага унівэрсытэту Сяргея Маскевіча. Праўда, сам ён захварэў. Але адсутнічалі і іншыя кандыдаты — кіраўнік Незалежнага прафсаюзу абя’днаньня “Азот” Сяргей Антусевіч і генэрал Валеры Фралоў.

Прадстаўнік Нацыянальнага сходу Сьвятаслаў Ліс сказаў, што Сяргея Маскевіча не хапае ў Палаце, бо там няма ніводнага прафэсара і доктара навук, таму камісіяй у справах навукі кіруе дырэктар школы. Спадар Ліс хваліў рэктара за тое, што хоча адкрыць у купалаўскім унівэрсытэце ваенны факультэт, дзе будуць рыхтаваць “ад сяржантаў да афіцэраў”.

Потым далучыліся пэнсіянэры. Адзін сказаў, што гаркам КПБ ухваляе кандыдатуру Маскевіча, і што за яго шмат якія члены партыі ўжо прагаласавалі. Хаця датэрміновае галасаваньне пачалося толькі нядаўна. Пэнсіянэр пачаў даволі агрэсіўна крытыкаваць кандыдатаў ад апазыцыі. Нават кіраўнік выбарчай камісіі Юры Нерат мусіў яго спыніць. Затое наступны пэнсіянэр пачаў літаральна параўноўваць генэрала Фралова з генэралам Уласавым. І сказаў, што Фралову трэба даць адстаючы калгас, каб ён даказаў — чаго варты.

Тады адзіны прадстаўнік каманды Фралова выйшаў да трыбуны. Але ён ня мог адказаць на шмат якія пытаньні, бо займаецца тэхнічным бокам выбарчай кампаніі. Вось меркаваньне старшыні выбарчай акругі N52 Юрыя Нерата адносна адсутнасьці на сустрэчы двух апазыцыйных кандыдатаў:

(Нерат: ) “Яны ня выкарысталі сваю магчымасьць пазнаёміцца. Мы іх нават ня бачылі. Ну я, дапусьцім, у камісіі бачыў іх па адным-два разы. А вось выбаршчыкі маглі бачыць іх толькі на здымках. Таму гэта іхняя памылка, я лічу”.

Некаторыя ўдзельнікі сустрэчы таксама гаварылі, што вельмі дарэмна апазыцыйныя кандыдаты ды іхнія давераныя асобы не захацелі выкарыстаць яе для сваіх агітацыйных мэтах. Сёньня — у першы дзень датэрміновага галасаваньня я наведаў некалькі ўчасткаў, але выбаршчыкаў там не заўважыў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG