Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Камісія ААН у правох чалавека патрабуе рэфармаваньня


Вячаслаў Ракіцкі, Прага Камісія ААН у правох чалавека ў Жэнэве распачала сваю шасьцітыднёвую сэсію з сур’ёзнай дыскусіі адносна сваёй эфэктыўнасьці. Кіраўнік камісіі Луіза Арбур пераконвала сяброў камісіі, што трэба адкінуць у бок разважаньні пра культурныя і палітычныя адрозьненьні краінаў, і дзейнічаць болей рашуча, каб пакласьці канец парушэньням правоў чалавека ў сьвеце.

Вярхоўны камісар ААН у правох чалавека Луіза Арбур падкрэсьліла на адкрыцьці сэсіі, што ўсе краіны-сябры ААН праз пагадненьні выказалі падтрымку асноўным правам чалавека, але праца камісіі не гарантуе захаваньня гэтых правоў ва ўсіх краінах. Яна выказала занепакоенасьць новымі інтэрпрэтацыямі канвэнцыі супраць катаваньняў у зьвязку з практыкай, якую прымяняюць ЗША супраць падазраваных у тэрарызьме.

Луіза Арбур таксама прывяла прыклад з Суданам, дзе ў выніку этнічных чыстак зьнішчаныя дзесяткі тысячаў цывільных людзей, і ў той жа час Судан быў абраны сябрам камісіі ў правох чалавека ААН ад свайго рэгіёну. У камісію ўваходзяць таксама Зімбабве, Куба, Кітай, дзе таксама рэгулярна парушаюцца правы чалавека. І гэтыя краіны, да якіх часам далучаюцца і дэмакратычныя, аб’ядноўваюцца, каб заблякаваць асуджэньне асобных краінаў. Вось і ўчора, у дзень адкрыцьця паседжаньня камісіі прадстаўнікі Пакістану, Кітаю і Эгіпту заявілі, што шэраг рэзалюцыяў былі палітычна матываванымі.

Прадстаўнік Інданэзіі Макарым Вібісона, якія старшынюе на сэсіі, выказаў сваю нязгоду з мэтадамі працы камісіі.

(Вібісона: ) “Адзін з самых эфэктыўных шляхоў паляпшэньня сытуацыі з правамі чалавека палягае ва ўзмацненьні міжнароднага супрацоўніцтва, а не ў ганьбаваньні. Прасоўваньне канструктыўнага дыялёгу, каб дзеяздольнасьць нацыянальных юрыдычных сыстэмаў – вось тая роля, якую павінна выконваць камісія.”

Аднак, старшыня камісіі Луіза Арбур заявіла, што акурат такая пазыцыя вельмі часта і паралізуе працу камісіі.

(Арбур: ) “Такая падача пытаньня становіцца тэарэтычнай плятформай, на якой мы дэманструем нашу негрунтоўнасьць і апраўдваем нашу бязьдзейнасьць, а бязьдзейнасьць нараджае абыякавасьць, цьвярозы разьлік і безнадзейнасьць.”

Цягам 6 тыдняў камісія разгледзіць справаздачы пра стан з правамі чалавека ў Аўганістане, Узбэкістане, Іраку, а таксама і Беларусі. Прадстаўнік Міністэрства замежных справаў Францыі заявіў журналістам у Жэнэве, што Эўразьвяз і ЗША падтрымаюць рэзалюцыю асуджэньня Беларусі.

Назіральнікі перакананыя, што камісія ААН у правох чалавека патрабуе кардынальнага рэфармаваньня, але шляхі пакуль не ясныя. Чакаецца, што генэральны сакратар ААН Кофі Анан выступіць на паседжаньні 21 сакавіка і зробіць асобныя прапановы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG