Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Пасьля інцыдэнту амбасада Латвіі ў Беларусі патрабуе ўзмацніць ахову будынку


Ул. інф. Адпаведная нота амбасады Латвійскай Рэспублікі перададзеная ў Міністэрства замежных справаў Рэспублікі Беларусь. Галоўнае замежнапалітычнае ведамства Беларусі паабяцала выканаць просьбу латвійскіх дыпляматаў.

Невядомыя асобы позьняй ноччу кінулі дзьве бутэлькі з чырвонай фарбай у фасад амбасады Латвіі, якая знаходзіцца ў двары будынку Беларускай акадэміі фізычнага выхаваньня ля плошчы Якуба Коласа. Адна з бутэлек разьбілася і пакінула на сьцяне некалькі яркіх плямаў. Другая таксама пабілася, але да сьцяны не даляцела і запэцкала толькі сьнег. Побач былі раскіданыя ўлёткі з сымболікай нацыянал-бальшавіцкай партыі, паведаміў другі сакратар, намесьнік кіраўніка дыпляматычнай місіі Латвіі ў Беларусі спадар Рэйма Шмітс.

Паводле ягоных словаў, пасьля кансультацыяў зь Міністэрствам замежных справаў сваёй краіны амбасада зьвярнулася ў МЗС Беларусі з нотай, у якой просіць “прыняць адпаведныя захады з мэтай знайсьці і пакараць асобаў, якія зрабілі гэты акт вандалізму, а таксама кампэнсаваць страты”. Спадар Шмітс таксама сказаў, што амбасада запатрабавала ўзмацніць зьнешнюю ахову дыпляматычнага будынку, асабліва ўвечары і ўначы. Рэйма Шмітс паведаміў, што МЗС Беларусі апэратыўна адрэагавала на іх просьбу:

(Шмітс: ) “Міністэрства ўжо адрэагавала і даволі пазытыўна, паставілася з разуменьнем. Перадусім, гэтая арганізацыя не зарэгістраваная ў Беларусі, і яны ня маюць права тут адкрыта дзейнічаць. Гэта ўсё робіцца падпольна. І МЗС паведаміла, што будуць шукаць вінаватых і рабіць, каб гэта больш не паўтаралася”.

Адначасова дыпляматы з Латвіі зьвярнуліся і ў праваахоўчыя органы. Там таксама паабяцалі дапамогу, і ўжо 16 сакавіка гатовыя ўласнымі сіламі перафарбаваць фасад будынку амбасады Латвійскай Рэспублікі ў Беларусі.
XS
SM
MD
LG