Лінкі ўнівэрсальнага доступу

2004 стаў самым горшым для журналістаў за апошнія 10 гадоў


Юры Дракахруст, Прага Мінулы год быў найгоршым для журналістаў за ўсё дзесяцігодзьдзе – такая выснова ўтрымліваецца ў абнародаванай учора штогадовай справаздачы міжнароднай арганізацыі Камітэт абароны журналістаў.

Летась у сьвеце загінула 56 журналістаў. Экспэрты Камітэта зьвяртаюць асаблівую ўвагу на пагаршэньне ўмоваў працы журналістаў у большасьці краінаў СНД.

Выканаўчы дырэктар арганізацыі Эн Купэр мяркуе, што цяпер расейцы атрымліваюць менш рознабаковай і аб’ектыўнай інфармацыі, чым у часы перабудовы, напрыканцы 80-х гадоў. Яна адзначае ўсталяваньне поўнага кантролю Крамля над апошнім агульнанацыянальным каналам НТВ, паводле Купэр, нешматлікія расейскія выданьні, якія дазваляюць сабе крытыку ўладаў, маюць малыя наклады і амаль невядомыя па-за межамі Масквы.

У справаздачы гаворыцца, што дыктатары ў Беларусі, Туркмэністане і Ўзбэкістане нішчаць незалежны друк, а іх афіцыйныя мэдыі працуюць, як машыны прапаганды. У гэтых краінах грамадзяне маюць мала крыніцаў збалянсаванай інфармацыі і вымушаныя зьвяртацца па яе да Радыё Свабода і іншых кароткахвалёвых радыёстанцыяў, як гэта было ў часы “халоднай вайны” – гаворыцца ў справаздачы.

Паводле Камітэту абароны журналістаў ўлады Казахстану, Кыргызстану і Таджыкістану шырока практыкуюць ціск супраць друкаваных мэдыяў і інтэрнэт-выданьняў, і сумнеўнае лідэрства сярод краінаў СНД паводле колькасьці рэпрэсаваных журналістаў утрымлівае Ўзбэкістан.

Камітэт абароны журналістаў прыгадвае зьнікненьне і забойства ў 2000 годзе беларускага журналіста Зьмітра Завадзкага, да якіх паводле экспэртаў камітэту быў датычны Аляксандар Лукашэнка.
XS
SM
MD
LG