Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падрыхтаваныя тры варыянты дакумэнта аб аплаце ПДВ прадпрымальнікамі


Міхал Стэльмак, Менск Лёс падатку на даданую вартасьць для дробных бізнэсоўцаў застаецца няясным. Падрыхтоўка канчатковага варыянту прэзыэнцкага дакумэнта пра падатковае новаўвядзеньне вядзецца пры абмежаваным удзеле прадпрымальніцкіх структураў.

Сёньня ў Менску прайшла нарада чыноўнікаў Міністэрства падаткаў і збораў з прадстаўнікамі прадпрымальнікаў. Актывістка Беларускага саюзу прадпрымальнікаў Кацярына Чыжык, якая брала ўдзел у гэтай нарадзе, паведаміла, што ўлады рыхтуюць на подпіс Лукашэнку некалькі варыянтаў дакумэнта, які вызначыць лёс падатку на даданую вартасьць:

(Чыжык: ) “Разглядаліся варыянты, каб ён мог выбраць. У прыватнасьці, прапанавана спагнаньне падатку на даданую вартасьць паводле спрошчанай сыстэмы. Таксама разглядаецца варыянт паводле заяўляльнай дэклярацыі — бяз усялякіх дакумэнтаў. Таксама ёсьць прапанова павелічэньня стаўкі адзінага падатку за кошт павелічальнага каэфіцыенту пры адмене падатку на даданую вартасьць. Яны хочуць падрыхтаваць тры гэтыя варыянты, але што будзе зацьверджана, яшчэ ніхто ня ведае. Яны самі ня ведаюць”.

Сёньня ж, паводле ўрадавых крыніцаў, пытаньне ўрэгуляваньня канфлікту прадпрымальнікаў і ўладаў разглядалася на нарадзе ў Савеце міністраў з удзелам кіраўнікоў шэрагу міністэрстваў. Аднак прайшла яна ўжо без удзелу прадпрымальніцкіх структураў. Асабліва непажаданымі партнэрамі ўлады лічаць сяброў грамадзкага аб’яднаньня “Пэрспэктыва”, якое ініцыявала распачаты 1 сакавіка агульнанацыянальны страйк. У сваю чаргу, актывісты “Пэрспэктывы” лічаць, што ўзаемны давер падрываюць найперш дзеяньні ўладаў. Гэты разлад яшчэ больш абвастрылі падзеі вакол старшыні прадпрымальніцкага аб’яднаньня Анатоля Шумчанкі. Удзельнікі страйку, які ўсё яшчэ працягваецца ў многіх рэгіёнах, заяўляюць, што абвінавачаньне ў крымінальным злачынстве, у якім падазраецца кіраўнік “Пэрспэктывы”, сфальшаванае. Гаворыць лідэр прадпрымальнікаў Рэчыцы Леанід Невар, які днямі выйшаў на волю пасьля 10 сутак арышту за арганізацыю страйку:

(Невар: ) “Яны спэцыяльна трымаюць яго, каб засудзіць. Каб зьліквідаваць нашу арганізацыю. Я толькі зразумеў адно, будучы ў гэтых засьценках, што ў нас у рэспубліцы мае месца 1937 год”.

Паводле Леаніда Невара, яго ўтрымлівалі за кратамі насуперак мэдычным паказьнікам — у яго хворыя сэрца і бронхі. І наступствы гэтага адчуваюцца ўжо цяпер. Сёння лідэр рэчыцкіх прадпрымальнікаў мусіў тэрмінова зьвярнуцца да лекараў.
XS
SM
MD
LG