Лінкі ўнівэрсальнага доступу

20% зваротаў аб парушэньнях правоў спажыўцоў застаецца без разгляду


Ігар Карней, Менск Сёньня адзначаецца міжнародны Дзень правоў спажыўцоў. У ролі спажыўца прадукцыі ці паслугаў штодня выступае кожны чалавек, таму пытаньне якаснага абслугоўваньня актуальнае заўсёды. Як у Беларусі абараняюцца правы спажыўцоў?

Штодня на гарачую лінію менскага Таварыства абароны правоў спажыўцоў тэлефануе паўсотні чалавек. Прычыны, якія прымушаюць людзей шукаць тут парады ці дапамогі, самыя розныя: ад няякасных харчоў у крамах да бракаваных прасаў ды пыласосаў, набытых на рынку ці ў дзяржаўным унівэрмагу. Леташнюю статыстыку агучвае старшыня сталічнага Таварыства абароны правоў спажыўцоў Ірына Астаф’ева:

(Астаф’ева: ) “За мінулы год зваротаў было больш за 6 тысяч. Непасрэдна на прыём прыйшло 1200 грамадзянаў. 526 чалавек мы абслужылі на платнай аснове. Але з улікам, што судзьдзі не заўсёды спаганяюць зь вінаватага боку выдаткі спажыўцоў па судах, нам вельмі складана працаваць”.

(Карэспандэнт: ) “У вашым выпадку абарона спажыўцоў ажыцьцяўляецца ад імя дзяржавы?”

(Астаф’ева: ) “Ад імя грамадзкасьці. Адбываецца кантроль за якасьцю, прававая дапамога аказваецца і элемэнтарная адукацыя спажыўцоў”.

Рэгуляваньне спрэчак паміж спажыўцамі і тымі, хто прапануе тавар ці паслугі, адбываецца на падставе закону “Аб абароне правоў спажыўцоў”, які набыў моц 1 студзеня 1994 году. Летась у ліпені была ўхваленая другая рэдакцыя закону, якая, на думку Ірыны Астаф’евай, пакідае спажыўцам куды большае поле для манэўраў у судовых інстанцыях.

(Астаф’ева: ) “У нас вельмі прыгожа супаў Дзень абароны правоў спажыўцоў з Днём Канстытуцыі. І гэта насамрэч першы закон, вельмі дэмакратычны, паколькі ён быў падрыхтаваны на падставе эўрапейскага заканадаўства”.

Тым ня менш, як кажа кіраўніца менскага Таварыства абароны правоў спажыўцоў, у Беларусі істотна адкарэктаваны заходні досьвед.

(Астаф’ева: ) “Вымалявалася такая гіерархія: вядучы дзяржаўны орган у асобе Міністэрства гандлю, мясцовыя ўлады, упаўнаважаныя па абароне правоў спажыўцоў... Такога вялікага штату не дазваляе сабе ніводная краіна ў зьвязку з эканоміяй бюджэтных сродкаў. Там усё аддадзена грамадзкасьці”.

Найбольш нараканьняў паступае ў таварыствы абароны спажыўцоў на якасьць прадуктаў харчаваньня. У асобных выпадках гэта пратэрмінаваныя малочныя прадукты; у іншых — сапсаваныя харчы, з-за неналежных умоваў захоўваньня. Другім радком у рэйтынгу “антыпапулярнасьці” — прэтэнзіі да якасьці абутку і адзеньня. Ірына Астаф’ева апавядае, што ў бальшыні выпадкаў дапамагчы людзям удаецца.

(Астаф’ева: ) “Ад тых, хто зьвярнуўся, адсоткаў на 80 праблему спажыўца вырашыць нам удаецца. Але 20% мы ня можам да канца задаволіць, бо не існуе, як гэта ёсьць ў іншых краінах, інстытуту незалежнай экспэртызы пры грамадзкіх арганізацыях”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG