Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цытаты мінулага – 15 сакавіка


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Беларуская прэса за 15 сакавіка.

“Крыніца”, 1925 год:

“Жыхары Наваградчыны! Памятайце, што калі хочаце, каб у вас у будучым школьным годзе была ўрадовая беларуская школа і вашы дзеткі вучыліся ў роднай мове, кожны з вас да 31-га сакавіка сёл.г. павінен злажыць павятоваму інспектару асьветы асобную пасьведчаную дэкларацыю. Па ўсе спраўкі, а так-сама і па бланкі дэкларацыяў, належыць зьвяртацца да Ураду Таварыства Беларускай Школы ў Наваградку — Наваградак, Карэліцкая вул., 24. Старшыня П.Сьвірыд”.

“Калгаснік Беларусі”, 1935 год. Даклад загадчыка сельгасаддзелу ЦК ВКП(б) Я.Якаўлева:

“За стварэнне клубаў, бібліятэк, чыталень, за ўкараненне газет, кніг, радыё, кіно з кожным месяцам будуць усё мацней біцца калгасы. Недаступнай марай селяніна-аднаасобніка стагоддзі было — наесціся да адвалу і напіцца да ванітавання, а затым адаспацца ўдосталь. Цяперашні перадавы калгаснік хоча павысіць сваю працоўную кваліфікацыю. Ён хоча стаць трактарыстам, шоферам, камбайнерам, фельчарам, скотнікам. Ён хоча слухаць радыё, бачыць у кіно “Чапаева”.

“Культура”, 1995 год:

“Палітычную сістэму ў Беларусі, створаную на падставе Канстытуцыі 1994 года, можна пакуль адзначыць як няўстойлівае балансаванне ўлады паміж прэзыдэнтам і Вярхоўным Саветам. Паводле Канстытуцыі, прэзыдэнт не мае права датэрміновага роспуску парламента і прызначэння новых выбараў, не можа прызначыць без згоды Вярхоўнага Савета прэм’ер-міністра і кіраўнікоў “сілавых” міністэрстваў. Са свайго боку, парламент не можа аб’явіць імпічмент прэзыдэнту… Зрэшты, вопыт суседзяў па былым СССР вучыць, што барацьба за ўладу паміж прэзыдэнтам і парламентам, амаль непазбежная ў час складанейшых пераўтварэнняў, можа набыць і неканстытуцыйныя формы…”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG