Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Самая цёплая вясна ў Беларусі за апошнія 100 гадоў была ў 1921 годзе


Галіна Жарко, Менск Вясна сёлета заблукала ў сьнежных сумётах, якімі замяло такія сонечныя краіны, як Італію ды Гішпанію. У Беларусі гэткае ж халоднае прадвесьне было 18 гадоў таму. А самая цёплая вясна за апошнія 100 гадоў выдалася ў 1921 годзе...

Прыгожа ўбраныя елкі моклі на Каляды пад дажджамі. Сьнежань быў бязь сьнегу, а студзень такі цёплы, што зь бярлогаў ды нораў павылазілі мядзьведзі, барсукі й лісы. Зазелянела траўка. Але ў адпаведнасьці з сэзонам хацелася марознага паветра й сумётаў. Дзесьці ў нябеснай канцылярыі просьбы аб зіме, відаць, пачулі. У першыя сакавіцкія ночы трашчаў 25-ці градусны мароз. Расказвае сыноптык Белгідрамэтэацэнтра Людміла Парашчук.

(Парашчук: ) “Зіма, як бы апамяталася і ўзяла лейцы ў рукі... Паводле папярэдняга прагнозу сакавік сёлета чакаецца больш халодны, чым звычайна. У нас пераважае паступленьне паветранай масы з захаду. Працэнтаў 70 атмасфэрных зьяваў – з захаду. Вясна рухаецца з паўднёвага захаду. Але сёлета холадна і ў Заходняй Эўропе”.

У сярэдзіне сьнежня на поўначы Італіі было лета – больш за 25 градусаў цяпла. А на пачатку сакавіка ў навінах паведамлялі аб надзвычайных сытуацыях з прычыны сьнежных заносаў на Сыцыліі, якая ператварылася ў “міжземнаморскую Сыбір”. На вуліцах пагорыстай Генуі маглі практыкавацца горналыжнікі. Аэрапорты Эўропы былі забітыя пасажырамі, бо рэйсы адмянялі й затрымлівалі. У Чэхіі выпала рэкордная колькасьць сьнегу за апошнія 40 гадоў. У Нямеччыне моцныя сьнегапады справакавалі дарожныя коркі на 180 кілямэтраў. Холад паралізаваў жыцьцё ў Гішпаніі – дзеці не хадзілі ў школу. Па ўсёй Італіі сярэдняя тэмпэратура паветра ў першыя веснавыя дні апусьцілася ніжэй за норму на 10 градусаў...

Вясною й ня пахне. Зрэшты, паводле сыноптыкаў, вясна пачынаецца тады, калі сярэднесутачная тэмпэратура паветра пераходзіць праз нулявы градус.

(Парашчук: ) “Гэта адбываецца ў паўднёва-заходняй частцы Беларусі звычайна 13-20 сакавіка, у цэнтральнай частцы – 23-27, а на паўночным усходзе 28-31 сакавіка”.

І фальклярыст Васіль Ліцьвінка кажа, што вясна надыходзіць паводле іншага каляндарнага раскладу.

(Ліцьвінка: ) “Самы старажытны каляндар на Зямлі – сонечны. Беларусы адзіныя ў славянскім сьвеце захавалі сонечны каляндар. Маліліся ў першую чаргу на Сонца. Пакланеньне, абагаўленьне, міталягізацыя... Відаць і нам трэба маліцца на Сонца. Пакуль яно гарыць, да тае пары на Зямлі жыцьцё будзе. Валачобныя песьні сьпяваюцца на новы год, на новае лета. На першы дзень Вялікадня. Усе самыя старажытныя народы адзначаюць Новы год вясною”.

У Кітаі сёлета першы веснавы дзень быў 9-га лютага, зь якога й пачаўся адлік гадавога цыклю. Паслухаем студэнта зь Кітаю, які вучыцца ў Беларусі:

(Кітаец: ) “Сьвята Вясны называецца Ганянь. Паводле паданьня, так зваўся дзікі зьвер, ад якога моцна цярпелі людзі. Ён меў такі жахлівы выгляд, што дрэвы спалохана скідалі лісьце, калі ён прыходзіў. І зямля станавілася бясплоднай. Калі зьвер сыходзіў, прырода аджывала, распускаліся кветкі. Праганяць зьвера людзі навучыліся хлапушкамі. Гэтак цяпер сустракаюць Новы год”.

Навагодняе сьвята Вясны цягнецца ў Кітаі палову месяца. Старажытныя беларусы таксама пачыналі год зь вясны.

(Ліцьвінка: ) “Я ўпершыню на гэта зьвярнуў увагу, калі ўважліва паглядзеў зборнік майго настаўніка Рыгора Шырмы. У агульнаславянскай традыцыі было прынята разьмяшчаць песьні ад зімы – калядак, шчадровак – да восені. А ён разьмясьціў ад вясны да зімы. Я спытаў, чаму, – дык ён адказаў: а калі птушачкі пачынаюць сьпяваць? Вясной, вядома. Дык і людзі ж такія. Калі сьпяваюць, выказваюць свае пачуцьці, а не якія-небудзь прамовы гавораць”.

Расказвае біёляг Сьвятлана Ярмашэвіч:

(Ярмашэвіч: ) “Вясна ёсьць вясна. Гэта словамі цяжка апісаць. Ёсьць дадзеныя, што падаўжэньне сонечнага дня правакуе выпрацоўку адпаведных гармонаў, і мяняецца рытм паводзінаў, жыцьцёвы цыкл”.

Але зьмены ў прыродзе выклікаюць стрэс. Нападаюць стомленасьць ды апатыя.

(Ярмашэвіч: ) “Чалавек, які прачынаецца рана да ўзыходу сонца, выпрацоўвае адмысловы гармон – гармон шчасьця. Калі праспаў гэты час, ня будзе добрага настрою. Мы прачынаемся зусім у іншы час, вось і ходзім такія панурыя. А калі сур’ёзна, і чалавек, і жывёлы – адна прырода. Мы нават думаем у нейкім сэнсе на гарманальным узроўні. Да адпаведнага ўзросту чалавек вельмі адчувальны да ўсіх гэтых гарманальных веснавых перападаў. Нездарма большая частка ўсіх гэтых раманаў і закаханасьцяў пачынаецца менавіта ў веснавыя месяцы. Аналёгія з сакавіцкімі катамі. Хоць цяпер яны і ў студзені, і ў лютым... а мая нават і ў сьнежні можа пагуляць”.

(Карэспандэнтка: ) “Цывілізацыя паўплывала?”

(Ярмашэвіч: ) “Цалкам верагодна. Як і на чалавецтва, якое і жыве й харчуецца па-іншаму”.

Слабасьць, абвастрэньне хранічных хваробаў... Напачатку 1990-х амэрыканскія вучоныя праблемы са здароўем напрадвесьні вызначылі як сындром веснавое стомленасьці. Галоўная прычына – недахоп вітамінаў. І амэрыканцы рэгулярна глытаюць пігулкі. Беларусы спадзяюцца на капусту ды моркву з ўласных сотак. Але спэцыяліст у галіне харчаваньня прафэсар Валер Мурах кажа, што вітамінаў і карысных мінэралаў там надзвычай мала – такая ў Беларусі глеба, плюс колішняя татальная хімізацыя палеткаў...

(Мурах: ) “Гэта няправільнае ўяўленьне насельніцтва, што яно на лецішчах нешта вартае вырошчвае. Мы праводзілі досьледы, і яны паказалі, што ўсе групы насельніцтва адчуваюць вельмі сур’ёзны недахоп вітамінаў усіх відаў. Гэта прычына кепскага самаадчуваньня без відавочных прычынаў. Стамляльнасьць. Бяссоньне. Гэта мы называем хваробамі цывілізацыі. Нам неабходныя біялягічна актыўныя дабаўкі, мінэралы й вітаміны. Беларускую нацыю можа выратаваць толькі татальная прафіляктыка”.

Зрэшты, капаць вясною грады карысна, бо выпрацоўку сератаніну – “гармону шчасьця” – актывізуе сонечнае сьвятло. У выніку стабілізуецца праца сэрца, нэрвовае сыстэмы, паляпшаецца абмен рэчываў. Дзіва што настрой паляпшаецца! Дарэчы, мэдыкі вынайшлі, што прычынаю анкалягічных захворваньняў бываюць дэпрэсіі. Нудзіцца, аказваецца, вельмі небясьпечна. Праходка па веснавым лесе мае тэрапэўтычны эфэкт.

(Ярмашэвіч:) “Зусім іншы водар у лесе, і ў людзей мяняецца настрой. Пачынаюць рухацца сокі, адбываюцца розныя мэтабалізмы. Мы ведаем, што такое гнаць бярозавы сок, а ў Канадзе гэта сок клёна. Гэта ўсё веснавое абуджэньне жыцьця. Запускаюцца рэгулятары росту. Пачынаюць набухаць пупышкі. Нейкія расьліны адразу ж выкідаюць кветкі яшчэ да зьяўленьня лісьця”.

І ўсё гэта надзвычай хутка. Вясну можна ўвогуле не заўважыць. Сакавік – у сумётах...

(Парашчук: ) “Вялікі суткавы ход тэмпэратур. Амплітуда паміж дзённымі і начнымі тэмпэратурамі часам дасягае 20-25 градусаў”.

А ў траўні ўжо можа быць гарачае лета.

(Ліцьвінка: ) “У самым старажытным календары адпаведна руху сонца не было яшчэ 4 пораў году. Было толькі дзьве апазыцыі: цяпло – холад, лета – зіма. Пазьней выпрацавалася вясна, калі разгорнутая стала каляндарная сыстэма”.

Як і стары новы год, беларуская вясна 14 сакавіка мае шанец на больш удалы пачатак. А, назіраючы за надвор’ем 14, 15, 16 й 17 сакавіка раней вызначалі якімі будуць, адпаведна, вясна, лета, восень і зіма.
XS
SM
MD
LG