Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці будзе ў Беларусі помнік бульбе?


Іна Студзінская, Менск У Беларусі зьбіраюцца паставіць помнік бульбе. Ініцыятарам ўзьвядзеньня такога помніку выступіла ўрадавая газэта “Рэспубліка”, супрацоўнікі якой прапанавалі ўвекавечыць “другі хлеб” беларусаў у знак прызнаньня заслуг бульбы перад нацыяй. Як ставіцца да такой ідэі грамадзкасьць і мастакі?

Журналісты газэты “Рэспубліка” аргумэнтуюць сваю прапанову тым, што быццам бы Беларусь “уваходзіць ў лік сямі вядучых вытворцаў бульбы ў сьвеце і займае першае месца па вырошчваньню бульбы на душу насельніцтва”. І па ўсіх інтэрнэт-выданьнях пайшла гуляць лічба, што “летась у Беларусі было сабрана больш за 9,9 мільёнаў тон бульбы – амаль па тоне на душу насельніцтва”.

Член-карэспандэнт Акадэміі навук Іван Нікітчанка паставіўся да гэтых зьвестак скептычна:

(Нікітчанка: ) “Ну дык вы схадзіце ў "Макдональдз", запытайцеся, адкуль яны бульбу вязуць”.

(Карэспандэнтка: ) “Кажуць, з Галяндыі...”

(Нікітчанка: ) “Ну дык які помнік бульбе на Беларусі? Бульбу вязем з Расеі, з Польшчы, самі вырошчваем, як умеем. Гэта чарговы пыл ідэалягічны. Няма чым тут хваліцца. Ураджаі нізкія, гатункі ня вельмі добрыя. Сеем і вырошчваем па дзедаўскай тэхналёгіі, як некалі нашы далёкія продкі. Ну і вынік такі ж”.

Але, здаецца, і сама ідэя не новая – штосьці пра помнік бульбе ўжо мы чулі... Летась наўгародзкі пэнсіянэр Мікалай Зарадаў паставіў помнік бульбе каля свайго дому ў вёсцы Ільмень. На высокую мэталічную трубу ён узгрувасьціў вялізны валун, па колеру і форме падобны да бульбіны. Каля помніка надпіс: “Спасибо Колумбу, спасибо Петру, пришлась ты, родная, нам по нутру!” з прысьвячэньнем “Царыцы гародаў”. Як тлумачыў сам Мікалай Зарадаў, ён паставіў помнік бульбе, каб сучаснае пакаленьне не забывалася, што менавіта гэты няхітры прадукт выратаваў жыцьці мільёнаў у цяжкія галодныя гады.

У Беларусі конкурс на праект помніка бульбе пакуль не абвешчаны – на мінулым тыдні журналісты “Рэспублікі” толькі выступілі з ідэяй... А як адрэагавала на яе творчая інтэлігенцыя?

Скульптар Уладзімер Жбанаў прызнаўся, што пакуль не ўяўляе, як бы ён гэта зрабіў. Сябе лічыць ён прадстаўніком “старой” школы, якога цягне да клясыцызму, а вось маладыя скульптары, якія вырасьлі ў кампутарны век, на авангардным мастацтве, магчыма, прапануюць нешта неардынарнае, сказаў Жбанаў.

(Жбанаў: ) “Ідэя мне падабаецца. Добрая ідэя. Трэба толькі кінуць кліч, хто гэта арганізуе, каб было гэта досыць прафэсійна, і каб мастаку было выгадна працаваць, а не так, як калгас з бульбай”.

(Карэспандэнтка: ) “А калі такі конкурс будзе абвешчаны, вы будзеце ўдзельнічаць?”

(Жбанаў: ) “Я стараюся ўдзельнічаць ва ўсіх конкурсах. Сама ідэя такая касьмічная – помнік бульбе. Калі ўявіць гэта “ў лоб” – атрымаецца нейкі мэтэарыт. Скульптура – яна адрозьніваецца па ўспрыняцьці ад жывапісу, да прыкладу. Помнік бульбе – тут павінна быць нейкае наватарства і нават гумар”.

Што да гумару, з Уладзімерам Жбанавым цяжка не пагадзіцца. Дарэчы, многія помнікі задумваюць людзі, не пазбаўленыя пачуцьця гумару. У Ялце, да прыкладу, ёсьць помнік партфэлю сатырыка Міхаіла Жванецкага. У Маскве абвешчаны конкурс на лепшы праект помніка салёнаму гурку, які плянуецца ўсталяваць каля Цэнтральнага Дому мастака. Модны маскоўскі скульптар Аляксандар Рукавішнікаў працуе над помнікам плаўленаму сырку, а таксама ўжо зрабіў гіпсавы нацюрморт “гарэлкі з селядцом”.

Беларускі мастак Артур Клінаў, аўтар шматлікіх пэрфомансаў, лічыць, што з сымбалем тут крыху памыліліся...

(Клінаў: ) “Тое, што кожная эпоха ставіць свае помнікі – гэта абсалютна нармальна. Адзінае, што мяне бянтэжыць – гэта выбар сымбалю. Бо сымбалем нашай эпохі зьяўляецца ня бульба, а чарка і шкварка. Да таго ж, як мастак, я не ўяўляю плястычнага выражэньня помніка бульбе. Уявіце сабе нешта прадаўгаватае, акруглае, карычневага колеру, яшчэ і вялікае. Думаю, гэта будзе выклікаць у гледача няправільныя асацыяцыі. А вось чарку і шкварку можна было б вельмі элегантна вырашыць у выглядзе фантанчыка, ці нейкага келіха, ці гранёнай шклянкі, зь якіх выцякаюць струмені любімай народам вадкасьці”.

Што тут дадаць? Магчыма, сапраўды, з выбарам сымбаляў цяжкавата. То сымбалем “Беларусі партызанскай” абіраюць жанчыну на зубры, то вось цяпер бульбіну...
XS
SM
MD
LG