Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агляд прэсы: канец страйку, гандаль беларускімі жанчынамі, новыя гаспадары Драздоў


Падрыхтавала Галіна Абакунчык Агляд незалежнага друку.

Першая паласа сёньняшняга нумару “Белорусской деловой газеты” прысьвечаная страйку прадпрымальнікаў і падзеям вакол яго. У прыватнасьці, падаюцца падрабязнасьці ўтрыманьня пад вартай лідэра грамадзкай арганізацыі “Пэрспэктыва” Анатоля Шумчанкі. Як вядома, ён быў асуджаны на 10 сутак арышту за арганізацыю несанкцыянаванага мітынгу, а цяпер лідэра прадпрымальнікаў вінавацяць нібыта ў зьбіцьці сукамэрніка. Супраць Анатоля Шумчанкі распачатая крымінальная справа.

За хадою пратэсту прадпрымальнікаў працягвае сачыць таксама “Віцебскі кур’ер”. Сёньня газэта падае падрабязнасьці судовых перасьледаў мясцовых удзельнікаў страйку з боку ўладаў Віцебска.

Другой тэмай нумару ёсьць прэзыдэнцкі дэкрэт аб папярэджаньні гандлю людзьмі. Кіраўніцай адной шлюбнай агенцыі яго пракамэнтавала наступным чынам: у Беларусі шмат кажуць аб продажы нашых жанчын у краіны Захаду. А пра тое, што беларусак шырока выкарыстоўваюць у злачынным расейскім бізнэсе, чамусьці замоўчваецца, хоць вядомыя выпадкі, калі некаторых, нават непаўнагадовых дзяўчынак, вывозілі ў маскоўскія бардэлі гвалтоўна.

У зьвязку з паведамленьнямі пра магчымае прызначэньне Дзьмітрыя Аяцкава амбасадарам Расеі ў Беларусі “Белорусская деловая газета” падае некаторыя акалічнасьці палітычнай дзейнасьці гэтай асобы. У прыватнасьці, што спадары Лукашэнка й Аяцкаў даўно знаёмыя й сімпатызуюць адзін аднаму. Пасьля адной з сустрэчаў Аяцкаў, у прыватнасьці, выказаўся пра неабходнасьць разьмясьціць на тэрыторыі Беларусі ядзерныя ракеты. “Упэўнены, што пасьля гэтага Захад будзе паводзіць сябе па-іншаму, і няхай у іх там галава баліць ад нашых ракетаў”, заявіў Дзьмітрый Аяцкаў.

У артыкуле “Драздафілы прыляцелі” “БДГ” паведамляе, што вышэйшыя дзяржчыноўнікі распачалі засяленьне “Драздоў” – паркавай зоны, разьмешчанай каля сталічнага праспэкту Машэрава. У прыватнасьці, гаспадарамі ўласных катэджаў побач з рэзыдэнцыяй прэзыдэнта стануць старшыня Менгарвыканкаму Міхаіл Паўлаў, кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі Віктар Шэйман, старшыня Цэнтрвыбаркаму Лідзія Ярмошына й іншыя.

“Камсамольская праўда ў Беларусі” ў сёньняшнім нумары падае падрабязнасьці нядаўняга здарэньня ў адной зь менскіх школаў. Там на дзяцей абрынулася цагляная кладка вакна, у выніку чаго некалькі школьнікаў з траўмамі рознай ступені цяжкасьці былі дастаўленыя ў шпіталь.
XS
SM
MD
LG