Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Маскве адбудзецца чарговае паседжаньне саюзнага ўраду Беларусі і Расеі


Алесь Дашчынскі, Менск 15 сакавіка ў Маскве дэлегацыя Беларусі на чале з прэм’ер-міністрам Сяргеем Сідорскім возьме ўдзел у пасяджэньні так званага саюзнага ўраду. Да гэтага часу не зацьверджаны саюзны бюджэт на 2005 год...

Гэтага пытаньня ў парадку дня няма, аднак відавочна, што яно будзе абмяркоўвацца. Кіраўнік ураду Сяргей Сідорскі будзе настойваць на хуткім вырашэньні гэтай праблемы. Беларускі бок вінаваціць Пастаянны камітэт саюза, які не дапрацаваў дакумэнт і ня ўнёс яго на подпіс старшыні.

Апроч таго, праектам бюджэту не задаволеныя міністэрствы фінансаў як Беларусі так і Расеі. У выніку некалькі разоў зрывалася паседжаньне так званага саюзнага парлямэнта, які мусіў зацьвердзіць праект бюджэту.

Паводле кіраўніка прадстаўніцтва Парлямэнцкага сходу саюза ў Менску Мікалая Канцавога, афіцыйны Менск гатовы пагасіць запазычанасьць за мінулыя гады перад саюзным бюджэтам у памеры амаль у 260 мільёнаў расейскіх рублёў. Спадар Канцавы спадзяецца, што беларускай дэлегацыі ўдасца дамовіцца з расейскім бокам.

(Канцавы: ) “Спрэчкі вядуцца па сёньняшні дзень. Нязначныя дробязі – недарэчныя і балючыя, я не разумею нават. Наш беларускі бок лічыць, што калі застаюцца рознагалосьсі па дробных пытаньнях, то іх можна як бы пакінуць за дужкамі і вырашаць іх у ходзе выкананьня бюджэта. Такая пазыцыя ў нашага ўрада. З гэтым яны едуць на паседжаньне саюзнага ўрада, каб там гэта выказаць і знайсьці падтрымку ў расейскага боку”.

Затое ў парадку дня савета міністраў саюза Беларусі й Расеі фігуруе пытаньне аб выкананьні саюзнага бюджэту за 2003 год. Праверкай гэтай справы займалася Падліковая палата Расеі й Камітэт дзяржкантролю Беларусі. У часе праверкі выкрытыя сур’ёзныя недахопы ў працы Пастаяннага камітэта саюзнай краіны. Кантралёры цьвердзяць, што 1,6 мільёна рублёў былі выкарыстаныя не па прызначэньні. У карыстаньні пастаяннага камітэта знаходзіліся 39 аўтамабіляў, а працавала ў гэтай структуры 112 чалавек. У агульнай суме выдаткаў для ўтрыманьня камітэта на аплату транспартных паслугаў пайшло амаль 35 мільёнаў рублёў (альбо 40%).

Дамовы аб набыцьці тавараў, выкананьні паслугаў заключаліся дзяржсакратром саюза Паўлам Барадзіным зь перавышэньнем службовых паўнамоцтваў і зь іншымі парушэньнямі. Пры парушэньні адпаведнага палажэньня было выдадзена больш за 250 службовых пасьведчаньняў асобам, якія не знаходзіліся ў штаце пастаяннага камітэта. На ўтрыманьне тэлерадыёкампаніі саюза выдаткоўваецца амаль 150 мільёнаў расейскіх рублёў. Нямэтавае выкарыстаньня саюзных сродкаў, раздуты бюракратычны апарат – гэта асаблівасьці беларуска-расейскай інтэграцыі.

Паводле палітоляга Андрэя Фёдарава, саюзны бюджэт, які складае на год прыкладна 100 мільёнаў даляраў, ня мае асаблівай вагі ні для эканомікі Расеі, ні для Беларусі. Справа тут значна глыбей.

(Фёдараў: ) “Проста там ужо сапраўды адносіны паміж Расеяй і Беларусьсю складваюцца такім чынам, што ўжо не да бюджэту, ужо трэба вырашаць прынцыпова пытаньне, як мост будаваць – ці ўздоўж, ці ўпоперак, ці будаваць яго ўвогуле. Здаецца, тут прыйшлі ўжо да больш прынцыповых праблем, чым да гэтага невялічкага бюджэту – наконт існаваньня самой саюзнай дзяржавы”.
XS
SM
MD
LG