Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ў Менску не адкрылі інфармацыйную чытальню НАТО?


Уладзімер Глод, Менск 15 сакавіка ў Менску зьбіраліся адкрыць інфармацыйную чытальню НАТО. Амбасада Літвы ў Беларусі, якая выконвае функцыі кантактнай амбасады Паўночна-Атлянтычнага альянсу ў Менску, з гэтай нагоды нават разаслала адмысловыя запрашэньні. Натаўская чытальня павінна была разьмясьціцца ў Нацыянальнай акадэміі навук. З кіраўніцтвам акадэміі дамовіліся пра тое, што кожны, хто цікавіцца праблемамі міжнароднай палітыкі і бясьпекі, зможа бесьперашкодна наведваць новую чытальню. Аднак учора амбасада Літвы нечакана скасавала запрашэньні. Што ж здарылася?

Калі мінулагодняй восеньню амбасада Літвы зьмяніла ў якасьці кантактнай сваіх калегаў з Турцыі, адразу стала бачна зацікаўленасьць літоўскіх дыпляматаў у пашырэньні інфармацыі пра структуры, мэты ды задачы Паўночна-Атлянтычнага альянсу. Дзеля гэтага ў штат амбасады нават уключылі новага супрацоўніка – спадарыню Явіту Пранэвічутэ, якая пачала курыраваць натаўскую тэматыку. Літоўцы арганізавалі сэрыю міні-сэмінараў для навукоўцаў і журналістаў, якая цягнецца і да гэтага часу, накіравалі групу аналітыкаў у Бэльгію, дзе месьціцца штаб-кватэра НАТО.

Чарговай справай у пашырэньні ведаў пра альянс мусіла стаць адкрыцьцё інфармацыйнай чытальні. Для яе генэральны штаб НАТО і амбасады краінаў НАТО, якія акрэдытаваныя ў Беларусі, падрыхтавалі шмат цікавай літаратуры. Ну і вось сёньня а 16-й гадзіне павінна была прайсьці цырымонія адкрыцьця інфармацыйнай чытальні – аднак яе адмянілі. І вось як тлумачыць сытуацыю супрацоўніца літоўскай амбасады Явіта Пранэвічутэ:

(Пранэвічутэ: ) “Справа ў тым, што нам паведамілі па тэлефоне зь Міністэрства замежных справаў і з Нацыянальнай акадэміі навук, што адкрыцьцё, якое было заплянаванае на 15 сакавіка, не адбудзецца. А калі адбудзецца, пакуль ніхто ня ведае”.

А што кажуць з гэтай нагоды ў Міністэрстве замежных справаў і ў Нацыянальнай акадэміі навук? Выканаўца абавязкаў кіраўніка ўпраўленьня інфармацыі МЗС Руслан Есін на маю просьбу пракамэнтаваць сытуацыю сказаў, што я зьвяртаюся не па адрасу:

(Есін: ) “Гэта міжведамасныя кантакты, таму трэба размаўляць з Нацыянальнай акадэміяй навук. МЗС да гэтага не мае адносінаў”.

Пасьля гэтага я зьвязваўся з сябрам прэзыдыюма Нацыянальнай акадэміі навук спадаром Міхаілам Маханьком. І вось як ён трактуе сытуацыю:

(Маханёк: ) “Акадэмія навук гатовая прадаставіць плошчу, мэблю ды ўсё іншае, што патрэбна. І мы пра гэта паведамілі амбасадзе Літвы. Але, паколькі гэта міжнародная дзейнасьць, дык мы вымушаныя запрасіць у МЗС Беларусі афіцыйнае пацьверджаньне. Мы адмысловы ліст туды напісалі. Але МЗС гаворыць, што пакуль дакумэнтальнае пацьверджаньне ў іх не падрыхтаванае. А мы ж структура дзяржаўная... На словах усё добра, а паперкі няма”.

Без паперкі, мабыць, і сапраўды ў Беларусі нічога не зробіш. Цікава, а як рэагуюць на гэта беларускія экспэрты ў справах НАТО? Я размаўляў з палітолягам Андрэем Фёдаравым, які да таго ж зьяўляецца сябрам грамадзкай арганізацыі “Беларускі эўраатлянтычны форум” і таму добра ведае натаўскую тэматыку. Ён зьвязвае затрымку альбо адмену адкрыцьця натаўскай чытальні ў Менску з апошнімі рашэньнямі і выказваньнямі міжнародных структураў адносна становішча ў Беларусі.

(Фёдараў: ) “Даволі сымптаматычна тое, што гэты ціск з боку Эўразьвязу ідзе, рэзалюцыя, фонд Бэртэльсмана друкуе стратэгію, плян дзеяньняў прапануе дэлегацыі ў справах Беларусі. Пра Злучаныя Штаты я ўжо ўвогуле нічога не кажу. Можа, вось гэты ціск з Захаду і прывёў да такой рэакцыі зь беларускага боку. Хоць якраз Паўночна-Атлянтычны альянс у гэтым сэнсе нічым сябе апошнім часам “не запляміў”, ніякіх умоваў не вылучаў, заяваў не рабіў. Але паколькі фактычна бальшыня краінаў Эўразьвязу ды Злучаныя Штаты ўваходзяць у НАТО, можа, такім чынам беларускія ўлады даюць зразумець, што адказ будзе жорсткі, і на пагадненьні яны ісьці ня будуць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG