Лінкі ўнівэрсальнага доступу

15 сакавіка – адзінаццатыя ўгодкі Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь


Севярын Квяткоўскі, Менск Менавіта 15 сакавіка 1994 году Беларусь з парляманцкай сталася прэзыдэнцкай рэспублікай. А праз чатыры зь лішкам месяцы быў абраны першы беларускі прэзыдэнт – Аляксандар Лукашэнка, чыё кіраваньне нядаўна акрэсьленае Эўрапарлямэнтам як дыктатарскае. Ці былі ў 1994 годзе альтэрнатыўныя варыянты разьвіцьця дзяржаўнасьці Беларусі? Адказу на гэтае пытаньне шукае карэспандэнт “Свабоды”.

Дзень 15 сакавіка занесены ў рэестар дзяржаўны сьвятаў, але не зьяўляецца выходным, і вялікіх урачыстасьцяў і народных гуляньняў да Дня Канстытуцыі ня ладзяць. Толькі апазыцыйна настроеныя грамадзяне рэгулярна нагадваюць пра тое, што Канстытуцыя 1994 году была парушаная рэфэрэндумам 1996 году, які даў прэзыдэнту аўтарытарныя паўнамоцтвы.

На першай Канстытуцыі стаіць подпіс апошняга старшыні Вярхоўнага Савету Мечыслава Грыба:

(Грыб: ) “У той час у парлямэнцкай краіне было вельмі цяжка кіраваць. Не было моцнай улады ні ў старшыні Вярхоўнага Савету, ні ў старшыні Савету міністраў. Яны ўсе залежалі ад волі часткі дэпутатаў – сярод дэпутатаў не было ніколі ніякага адзінства”.

Прынцыпова супраць інстытуту прэзыдэнцтва выступалі апазыцыйная фракцыя Беларускага Народнага Фронту і фракцыя камуністаў.

Першыя спробы прыняцьця Канстытуцыі ішлі праз таемнае галасаваньне, але беспасьпяхова. Да прыняцьця Канстытуцыі дэпутат Вярхоўнага Савету ХІІ скліканьня Алег Трусаў ужывае дзеяслоў “праціснулі”:

(Трусаў: ) “Не праходзіла таму, што частка людзей – нават намэнклятура – разумела, чым скончыцца прэзыдэнцтва. А калі ўжо сталі выдаваць імянныя бюлетэні, тады можна было прасачыць, хто як галасуе. І тады адпаведна галасы яны сабралі”.

Мечыслаў Грыб тлумачыць неабходнасьць увядзеньня пайменнага галасаваньня тым, што многія дэпутаты папросту ігнаравалі паседжаньні.

Мечыслаў Грыб прызнае, што часткова новую Канстытуцыю прасоўвалі пад кандыдатуру Вячаслава Кебіча ў якасьці будучага прэзыдэнта. Сам Мечыслаў Грыб галасаваў за Кебіча, і абраньне Аляксандра Лукашэнкі сталася для спадара Грыба нечаканасьцю, якая шакавала.

Сярод законных мэханізмаў, якія маглі пераламіць сытуацыю ў часе выбараў, Мечыслаў Грыб называе інцыдэнт пад Лёзна. Машына, у якой ехаў кандыдат Лукашэнка, нібыта была абстраляная. Спадар Грыб мяркуе, што дэпутаты Вярхоўнага Савету маглі зьняць кандыдата Лукашэнку зь перадвыбарчай гонкі, бо лічыць здарэньне сфабрыкаваным:

(Грыб: ) “І на сёньняшні дзень – мінула амаль адзінаццаць гадоў – застаецца нераскрытым. І яно ўжо нікому ня трэба”.

(Карэспандэнт: ) “Калі адматаць назад, Вы б за Канстытуцыю з прэзыдэнтам ужо не выступалі?”

(Грыб: ) “Не, я выступаў бы за канстытуцыю з прэзыдэнтам і зараз. Але прапаноўваў бы больш асьцярожныя варыянты. Але я не пайшоў бы на адкрытыя ўсеагульныя наўпроставыя выбары. Таму што і тады, і сёньня нашыя людзі да гэтага пакуль што не падрыхтаваныя”.

Цяпер Мечыслаў Грыб – вядомы апазыцыйны палітык, адзін зь лідэраў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі.

На здымку: Мечыслаў Грыб
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG