Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Маладыя галасы пра жыцьцё ў інтэрнатах, пра рэпэтытараў і здольнасьці да моваў, анархію і анархістаў


Ягор Маёрчык, Менск (moladz@tut.by) (эфір 6 сакавіка). Новая перадача сэрыі “Маладыя галасы”.

Дзьве з паловай сотні навучэнцаў Менскага дзяржаўнага тэхналягічнага каледжу ня могуць болей жыць у экстрэмальных умовах. (Гэта калі тэмпэратура ў пакоях не вышэй за 15 стопняў цяпла, калі ў душ можна патрапіць раз на тыдзень, а прыгатаваць ежу магчыма толькі калі адстаіш чаргу да электрапліты.) Маладыя людзі другі раз сабралі подпісы пад патрабаваньнем выправіць хібы. Мінулы зварот да кіраўніцтва каледжу вынікаў не прынёс, а таму гэтым разам яны накіравалі ліст у Міністэрства адукацыі. Вось толькі адна цытата: “Усім вядома, што ўзровень навучаньня наўпрост залежыць ад умоваў пражываньня студэнтаў. Але сёньняшнія ўмовы не спрыяюць ня толькі добраму навучаньню, але ставяць пад пытаньне магчымасьць выжываньня студэнтаў у сваім інтэрнаце”. Паводле закону, чыноўнікі мусяць зрэагаваць цягам месяца. А тым часам на мае пытаньні адказвае адна з ініцыятарак кампаніі пратэсту.

(Карэспандэнт: ) “Юля, што за сытуацыя склалася ў інтэрнаце тэхналягічнага каледжу, што выклікала ваша абурэньне?”

(Дзяўчына: ) “Мы пачалі зьбіраць подпісы. Абураныя адразу падпісваліся, не падпісваліся толькі тыя, хто казаў: “Нас выселяць”. Сабралі гэтыя подпісы, мы іх аднесьлі камэнданту, гэтыя ўсе подпісы пайшлі да нашага дырэктара. Асаблівай рэакцыі не пайшло пасьля гэтага, толькі ён сабраў пэдсавет і куратарам было нагадана на ўсіх накрычаць. Пасьля некаторыя мелі праблемы пры засяленьне, тыя подпісы не прынесьлі ніякага плёну”.

(Карэспандэнт: ) “А як вы выходзіце з сытуацыі, калі няма гарачай вады? Як вы выходзіце з такога становішча, калі не працуюць электрапліты?”

(Дзяўчына: ) “Кожны мае ў Менску дзядзьку ці цётку, брата, сястрычку ці проста сяброў. Прыходзіцца нейкім чынам навязвацца да сваякоў. Наконт плітаў — вось так мы і харчуемся. Мы харчуемся ў асноўным такой ня вельмі добрай для страўніка ежай, бо гэтая ежа зьяўляецца хуткай. Некаторыя выстойваюць па дзьве гадзіны на кухнях, чакаюць гэтыя чэргі, вось так гатуюць”.

(Карэспандэнт: ) “Бог зь ім, калі няма гарачай вады, але ёсьць электрычнасьць альбо газ, калі ваду можна нагрэць. А калі няма нават гэтай электрычнасьці, то бок няма крыніцы цяпла, увогуле атрымліваюцца нейкія экстрэмальныя ўмовы?”

(Дзяўчына: ) “Так, так, так. Самае цікавае, карыстацца тымі самымі пліткамі, імбрыкамі й кіпяцільнікамі забаронена. Проста ідзе пагалоўная канфіскацыя. Была нядаўна ў пакоі, дзе знаходзяцца ўсе гэтыя прыборы, тым проста цэлая гара плітак і шмат чайнікаў. Гэта проста жах!”

Дырэктар тэхналягічнага каледжу Аляксандар Гайдук тлумачыць сытуацыю са сваёй званіцы. Зь ягоных словаў вынікае, што Міністэрства адукацыі ўсталявала паказьнікі расходу электрычнасьці і цяпла. Спадар Гайдук запэўнівае, што выконваць патрабаваньняў студэнтаў ён ня будзе, бо гэта прывядзе да пераспажываньня тых самых электрычнасьці і цяпла. А невыкананьне паказьнікаў, у сваю чаргу, пагражае яму штрафам і нават крымінальнай адказнасьцю.

Аляксандар Гайдук прызнае, што праблема ёсьць. І гэта станоўчы момант. Яшчэ пры канцы мінулага году, калі ў “Маладых галасах” упершыню ўздымалася тэма экстрэмальнага камфорту ў інтэрнаце тэхналягічнага каледжу, намесьніца дырэктара Валянціна Ажар заяўляла літаральна наступнае:

(Ажар: ) “Ужо абмяркоўвалася гэтае пытаньне. Пліты ўключаныя. Яны нічога ня вараць! Там у інтэрнаце цёпла, я вось нават цікаўлюся ў дзяцей. І тое, што яны кажуць, гэта няправільна, няпраўда! І вада ў нас ёсьць, і ацяпленьне ўключанае. А тыя, хто ня хоча стварыць у сябе сваю ўтульнасьць, так як трэба, і будуць скардзіцца. Хлопцаў хочуць прыводзіць, але — прабачце! Таксама зразумейце, што гэта мараль! У нас у інтэрнаце жывуць дзеці, якія яшчэ толькі закончылі 9 клясаў, а ёсьць, якія на апошнім курсе. Таму ў нас там вельмі ўзмоцнены кантроль. Там нармальны мужчына — кіраўнік інтэрнату, там працуе мора выхавацеляў, якія глядзяць за ўсім. Паўтаруся, умовы нармальныя, не абмежаваныя. Калі яны так незадаволеныя, хай ідуць жывуць на кватэру. Знойдуцца іншыя, якія хочуць тут жыць”.

Высьвятліць, хто гаворыць праўду — студэнты альбо кіраўніцтва каледжу — выправіўся Франак Вячорка. Прапаную вашае ўвазе ягоныя ўражаньні:

maladyja halasy - маладыя галасы

(Вячорка: ) “Пранікнуць у будынак інтэрнату пабочнай асобе вельмі няпроста. Каб патрапіць у будынак інтэрнату і паглядзець, якія там умовы для студэнтаў, мы вымушаныя чакаць дзявятай гадзіны вечара, калі адчыняць дзьверы чорнага ўваходу дзеля студэнтаў, каб тыя вынесьлі сьмецьце, і мы паспрабуем зайсьці разам са студэнтамі. Нам удалося прабрацца ўнутар інтэрнату. Адразу патрапілі на вочы студэнцкія мыйні й студэнцкія кухні. Кухня ўсяго адна на паверх. Якія ў вас праблемы на кухні? Бачу, у вас тут ёсьць цудоўныя пліты “Электра 1001”, і графік працы даволі-такі пашыраны. Здаецца, студэнтам павінна хапіць часу ўсё прыгатаваць, якія праблемы?”

(Дзяўчына: ) “Справа ў тым, што гэта графік, ён трошкі не прыстасаваны пад расклад заняткаў нашых студэнтаў. Калі студэнт прыходзіць з пары, яму трэба вельмі доўга чакаць, пакуль уключацца пліты. На ўвесь паверх, дзе пражывае, па-мойму, 120 чалавек, працуюць толькі дзьве пліты. Таму шмат хто проста не пасьпявае прыгатаваць сабе ежу”.

(Вячорка: ) “Ацяпленьне, як кажуць, тут ёсьць. Аднак штодня студэнты вымушаныя прачынацца ва ўмовах 14 стопняў цяпла”.

(Дзяўчына: ) “Мы паглядзелі на тэрмомэтры мабілкі, у нас ужо нават 11 градусаў паказвае. Халодна, вельмі. Пры такой тэмпэратуры ў пакоях, вядома, вельмі халодна. Мы спрабуем накрыцца ўсімі коўдрамі, якія ў нас толькі ёсьць. Дарэчы, у нас усе коўдры ўсе звычайна вязуць з дому, свае цёплыя, таму што гэтыя вельмі халодныя і мала чым грэюць. А тыя, што нам выдаюць, яны наверх накрываюцца. Таму што нас хатнія, цёплыя коўдрачкі не саграюць. Шмат у якіх пакоях, дзяўчаты, я ведаю, сьпяць у адзеньні, штонікі падапранаюць. Насамрэч халодна зраніцы прачнуцца й ісьці потым кудысьці на пары, калі тут такі дубар, і нават вылазіць з-пад коўдрачкі ня хочацца. Здаецца, спаў бы і спаў пад ёй”.

(Вячорка: ) “Краты на вокнах, дзяжурныя ў пад’езьдзе, на чорным уваходзе, якія цябе кантралююць і правяраюць дакумэнты. Усё гэта проста страшна. Зайшоўшы ў прыбіральню, мы ўбачылі брудныя разьбітыя бачкі і ўнітазы, вада, як кажуць студэнты, і то нячаста бывае ў іх. Што да мыйняў, то гарачай вады сёньня не было”.

(Іншая дзяўчына: ) “Бывае, калі выйдзеш на вуліцы, там, здаецца, нават цяплей, чым тут. Пахадзіць няма дзе, а тут прыйсьці, пераначаваць і зноў сысьці раніцай”.

Гаворкі пра рэпэтытарства

Назіраючы за баталіямі ў менскім тэхналягічным каледжы, неяк зусім забыўся, што надышла вясна. З гэтым, уласна кажучы, усіх і віншую.

Абуджэньне прыроды, таксама як і час закаханасьці, яшчэ наперадзе, а пакуль на фініш выходзіць кампанія падрыхтоўкі да ўступных іспытаў у навучальныя ўстановы. Рознага кшталту курсы і прыватныя заняткі ціснуць на гаманец бацькоў, але гэта яшчэ і дадатковы цяжар на галовы і целы абітурыентаў.

У нас у гасьцях студэнтка Менскага лінгвістычнага ўнівэрсытэту Антаніна. Яна вучыцца сама і адначасна вучыць францускай мове іншых. Пры мікрафоне мы разважаем пра рэпэтытарства.

maladyja halasy - маладыя галасы

(Антаніна: ) “Гэта тое ж самае, што і настаўнік, толькі такі прыватны, хатні, які займаецца індывідуальна з вучнем і досыць такі папулярны, асабліва ў апошні час, калі ўзровень нашай адукацыі і настаўнікаў падае. У гэтым ёсьць свае плюсы й мінусы. Мінусы — такім чынам не заробіш. Але гэта лепш, зразумела, чым нічога. Плюсы: ты можаш займацца гэтым, калі ты хочаш, з кім ты хочаш, і яшчэ раз — ты маеш дачыненьне з мовай, якую ты вывучаеш”.

(Карэспандэнт: ) “Самае некарэктнае на сьвеце пытаньне: а ці шмат можна зарабіць такой працай, такімі заняткамі?”

(Антаніна: ) “Пытаньне якраз нармальнае, зарабляць гэтым можна. Я думаю, менавіта з гэтага жывуць нашыя настаўнікі, якія выкладаюць ў ВНУ, таму што яны працуюць з абітурыентамі, і, зразумела, плюс — гэта добрыя грошы. Яны ведаюць усю гэтую сыстэму: яны бяруць на сябе адказнасьць падрыхтаваць. Студэнты бяруць менш грошай за заняткі, але яны не рыхтуюць да паступленьня ў нейкую вышэйшую ўстанову, таму што гэта вельмі адказна, трэба мець узровень, трэба выкладаць 10–20 гадоў у гэтай установе, каб сапраўды выйсьці на пэўны такі ўзровень выкладаньня”.

(Карэспандэнт: ) “На дадзены момант колькі ў вас кліентаў?”

(Антаніна: ) “Колькасьць кліентаў залежыць ад часу, ад магчымасьці працаваць. Напрыклад, сёньня ў мяне тры вучні. Можна мець больш вучняў, але на гэта ў мяне фізычна не хапае проста часу. Мне больш падабаецца працаваць зь дзецьмі, бо зь імі прасьцей, і вынік ты бачыш адразу. Зь імі лягчэй, яны ўсё гэта хапаюць, і адразу адзнакі становяцца вышэйшыя. Бацькі задаволеныя, дзеці задаволеныя. І я таксама атрымліваю задавальненьне такое маральнае. З дарослымі цяжэй: дарослыя сьлізкія бываюць”.

(Карэспандэнт: ) “Цікава, якія гэта — сьлізкія дарослыя? Яны што, бачаць вас, адразу запрашаюць у рэстарацыю, у кіно і забываюцца пра францускую мову? Ці яны ня хочуць вучыцца? Ці яны недысцыплінаваныя?”

(Антаніна: ) “У мяне быў такі выпадак, калі я займалася з жанчынай, якая вучыла самастойна мову, і нешта яна ўжо ведала. Але яе веды былі вельмі слабыя на самай справе. Але яна думала, што яна ўжо файна размаўляе. І так здаралася, што вучыла яна мяне, як трэба яе вучыць. Гэта быў сапраўдны жах — цяжка працаваць з такімі людзьмі. Яшчэ быў такі цікавы выпадак, я займалася з чалавекам, які добра размаўляў на францускай мове, зь ім таксама цяжка было. Я яму казала: вы добра размаўляеце. Ён казаў: “Не, не, не! Я нічога ня ведаю. Вучыце мяне!”

(Карэспандэнт: ) “Паводле чаго ў вас складваюцца ўражаньні пра вашага кліента?”

(Антаніна: ) “Нейкая ёсьць пэўная стратэгія, як пытаньні задаваць, як адказваць, як сябе паводзіць. У першую чаргу я задаю такія пытаньні: для чаго гэта патрэбна? І як вы зьбіраецеся займацца мовай? Колькі часу нам патрэбна і дзе мы будзем займацца?”

(Карэспандэнт: ) “Якое ўражаньне мусіць на вас зрабіць чалавек, як ён мусіць адказаць на вашыя пытаньні, каб пасьля першай сустрэчы вы адмовіліся ад яго?”

(Антаніна: ) “Такое складанае пытаньне. Зразумела, я магу адмовіцца, але такіх выпадкаў не было ў маёй практыцы, таму што я лічу — ва ўсялякім разе можна паспрабаваць”.

(Карэспандэнт: ) “А безнадзейныя кліенты бываюць?”

(Антаніна: ) “Ну яны неяк адсейваюцца самі. Гэта нейкі натуральны адбор атрымліваецца”.

(Карэспандэнт: ) “Уявім сытуацыю, што вы размаўляеце з чалавекам. У вас складваецца ўражаньне, што ў гэтага чалавека нічога, у сэнсе вывучэньня францускай мовы, не атрымаецца. Што вы робіце? Вы яму адкрыта скажаце: “Не, выбачаюся, у мяне на вас няма часу, а ў вас няма шанцаў”, альбо ўсё ж такі скарыстаеце магчымасьць і заробіце грошай?”

(Антаніна: ) “Я пераканана ў тым, што кожны з нас мае здольнасьці да вывучэньня моваў, і калі чалавек ня вельмі здольны, але ўпарты, то ў яго будзе прагрэс, безумоўна. Я б узялася за такога чалавека, калі б я пабачыла, што ён хоча працаваць, што ён будзе працаваць”.

Гаворкі пра анархістаў

“Грамадзка-палітычны рух, які выступае за зьнішчэньне ўсялякай дзяржаўнай улады” — такое азначэньне анархізму падавалі некалі савецкія энцыкляпэдыі. Аўтары тады зазначалі, што анархісты — марксізму і камуністычнага руху ворагі. Гэта было ў савецкі час. А пра сучасных беларускіх анархістаў у рубрыцы “Моладзевыя плыні” я гутару зь дзяўчынай, якая прадставілася Вольгай.

maladyja halasy - маладыя галасы

(Вольга: ) “Часьцей за ўсё, калі ўжываюць слова “анархіст”, разумеюць пад гэтым чалавека, які думае ня так, як усе, для якога найвялікшай каштоўнасьцю зьяўляецца свабода, які ёсьць бязьлітасным змагаром зь любой сыстэмай у любых яе праявах. Гэтым яны і адрозьніваюцца ад іншых субкультураў. Яшчэ можна дадаць, што ад іншых субкультураў яны адрозьніваюцца тым, што яны спрабуюць быць па-за любой сыстэмай, бо любая субкультура, яна сама па сабе ёсьць сыстэмай. І сказаць, што такое анархія, гэта тое самае, што ўвесьці анархію ў нейкую сыстэму, якой яна не павінна зьяўляцца”.

(Карэспандэнт: ) “Чым сыстэма, чым дзяржаўны лад не задавальняе анархістаў?”

(Вольга: ) “Тым, што яны гвалцяць асобу. Любая сыстэма, яна, калі яна ўключае асобу, яна яе гвалціць. Яна яе шаблёніць на свой манер. Проста анархісты, гэта тыя людзі, якія імкнуцца быць па-за сыстэмай, па-за шаблёнам. Быць такімі, якімі яны ёсьць. Гэтае змаганьне выглядае як нейкая публічная нязгода з тым, што адбываецца, гэта выглядае як такое вальнадумства на мяжы з усёдазволенасьцю, выглядае з гледзішча звычайнага чалавека, які сядзіць заўжды моўчкі і слухае, што яму кажуць, і выконвае… Даволі часта можна бачыць зьнешнія адрозьненьні: анархісты ходзяць ва ўсялякіх байках, на якіх напісана “Punks not dead” і з анархіямі на шыі. Але часьцей за ўсё гэта людзі, якія ну ня вельмі глыбока пранікаюцца культурай, яны не разумеюць, што такое літара “А”, якая сымбалізуе анархістаў, таксама зьяўляецца часткай усеагульнай сыстэмы, нейкага падзелу на субкультуры, на нейкія падразьдзяленьні ў грамадзтве”.

(Карэспандэнт: ) “Чаму вы лічыце сябе анархісткай?”

(Вольга: ) “Так склалася, таму што, памятаю, у школе, заўжды была чалавекам, які выбіваўся з агульнага шэрагу, і вельмі часта з-за гэтага ўзьнікалі праблемы, таму што шмат хто з маіх аднаклясьнікаў не хацеў прымаюць нейкую “іншасьць”, нейкую такую своеасаблівасьць, сталася так, што я была не такая, як яны, і таму мяне часта не прымалі. І я падумала: я не павінна станавіцца такой, як яны, каб мяне прынялі, што яны павінны прыняць мяне такой, як я ёсьць”.

(Карэспандэнт: ) “Як можна перамагчы сыстэму, дзяржаву і ўсе стандарты?”

(Вольга: ) “Калі б хто-небудзь ведаў, як можна перамагчы сыстэму, дзяржаву і стандарты, думаю, што перамаглі б. Кожны змагаецца, як умее, як можа. Перш за ўсё спрабуюць вызваліць сябе ад нейкіх такіх грамадзкіх забабонаў, ад фармальнасьці думак. Менавіта зь сябе. Анархісцкі рух нонканфармісцкі па сваёй прыродзе — такое татальнае непадпарадкаваньне сыстэме”.

(Карэспандэнт: ) “Людзі, якія далучаюць сябе да анархістаў, на глебе чаго, якіх навуковых працаў, на глебе якіх літаратурных твораў фармуюць свае погляды?”

(Вольга: ) “У сучаснай анархіі я б вылучыла асноўныя два кірункі: адзін — сацыялістычны, які нават больш на камунізм змахвае, што, маўляў, трэба чалавека вызваліць, трэба вызваляць усіх людзей, трэба змагацца з сыстэмай, крушчыць яе, каб усе былі роўныя, каб усе былі шчасьлівыя, каб ва ўсіх было ўсё добра. А ёсьць індывідуалісты, якія лічаць, што галоўнае, гэта не вызваленьне грамадзтва, а вызваленьне асобы ад сыстэмы. Калі казаць пра сацыялістычны кірунак, то гэта клясычныя прыклады, такія, як Бакунін, Крапоткін, Прудон; пра індывідуалістычны — пачатак быў пакладзены вельмі даўно, быў такі нямецкі філёзаф Макс Штырнэр, у яго была кніжка, якая называлася “Адзіны і яго ўласнасьць”.

(Карэспандэнт: ) “Сярод вядомых беларусаў, гістарычных постацяў, як вы лічыце, хто прытрымліваўся анархічных поглядаў? Каго можна лічыць анархістам?”

(Вольга: ) “Быў такі Ігнат Абдзіраловіч, які напісаў твор “Адвечным шляхам”. Але ў гэтым самім творы ён абвяргаў, што ён анархіст. Ён там казаў пра творчасьць, пра вызваленьне асобы. Таксама пра тое, што людзі вакол, яны — шэрасьць. І што трэба тварыць і вызваляць сябе. Але ён у гэтай самай кніжцы напісаў, што не анархіст, таму што анархія — гэта штамп. І калі на цябе вешаюць шмамп “анархіст”, калі чалавек, які цябе ня ведае і будзе, напрыклад, знаёміцца з тваім творам, яму скажуць, што гэта анархічны твор, ёсьць ужо пэўнае ўяўленьне, можа, ён яго і ня стане чытаць”.

(Карэспандэнт: ) “А анархізм, гэта ўзроставае, гэта праходзіць ці гэта на ўсё жыцьцё?”

(Вольга: ) “Ведаеце, у Чэрчыля ёсьць такая выдатная фраза: “Хто ў маладосьці ня быў бунтаром, той ня мае сэрца; а хто, пасталеўшы, ня стаў кансэрватарам, той ня мае розуму”. Выпадкі здараюцца розныя. Ёсьць сярод маіх знаёмых людзі, якія ўжо даволі сталыя, але лічаць сябе анархістамі. Але пры гэтым усім у іх ёсьць праца, у іх ёсьць сям’я. Безумоўна, з узростам анархізм, ён становіцца больш філязофіяй, чым стылем паводзінаў”.
XS
SM
MD
LG