Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ізалятары ў астматыка Саранчукова канфіскавалі інгалятар


Сяргей Астраўцоў, Горадня Сёньня ў Горадні з ізалятару часовага ўтрыманьня выйшаў Вадзім Саранчукоў, намесьнік старшыні гарадзкой арганізацыі партыі БНФ. Яго арыштавалі на 10 сутак нібыта за ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу прадпрымальнікаў, які адбыўся яшчэ 10 лютага. Выйшаў на волю і Зьміцер Іваноўскі, якога пакаралі таксама за гэты мітынг.

Вадзіма Саранчукова выпусьцілі ў 12.20. Ён сядзеў у адзіночнай камэры, у ёй было халаднавата. Першыя чатыры дні яму не дазвалялі перадаць зубную пасту і шчотку і адразу забралі інгалятар. Вадзім ім карыстаўся, бо ў яго астма.

(Саранчукоў: ) “Першыя пяць сутак я быў на першым паверсе, там да паста міліцэйскага мэтраў дваццаць. На другім паверсе пост быў далей, і прыходзілася барабаніць у дзьверы некалькі разоў нават па паўгадзіны, каб адчынілі акенца — гэтак званую “кармушку” і падалі інгалятар, які стаяў насупраць за дзьвярыма”.

Яму пашанцавала, што сур’ёзных прыступаў астмы падчас знаходжаньня за кратамі ў яго не было. Вадзім лічыць, што яго ізалявалі, каб перашкодзіць выбарчай кампаніі Сяргея Антусевіча, які балятуецца ў Палату прадстаўнікоў у Гарадзенскай-Цэнтральнай выбарчай акрузе N52.

Вадзім адказвае ў яго за выраб кандыдацкіх улётак. Першы наклад улётак сканфіскавалі спэцслужбы, як удалося даведацца камандзе кандыдата. Надрукаваць новы наклад не атрымалася дагэтуль. Вось меркаваньне самога Сяргея Антусевіча, які прыходзіў сёньня сустракаць Вадзіма Саранчукова:

(Антусевіч: ) “На Вадзіма была завязаная ўся тэхнічная частка кампаніі, перш за ўсё агітацыйная. На яго былі аформленыя ўсе дакумэнты, па якіх ён павінен быў атрымліваць улёткі. Нам тэрмінова прышлося перарабляць дакумэнты, здаваць іх наноў. Але ж так здарылася, што нічога не зьмянілася. Мы спадзяваліся, што атрымаем агітацыйныя матэрыялы і будзе працу рабіць пры адсутнасьці Вадзіма”.

Сяргей Антусевіч гаворыць, што яму кожны дзень абяцаюць, што ягоныя ўлёткі будуць надрукаваны. Але ўлётак дагэтуль няма, а паўторныя выбары дэпутата Палаты прадстаўнікоў у Горадні адбудуцца ўжо ў нядзелю 20 сакавіка.

Сёньня выпусьцілі на волю таксама кіраўніка дэмакратычнага руху “Гарадзенскі выбар” Зьмітра Іваноўскага. Ён 20 дзён хаваўся ад міліцыі, але яго знайшлі, завезьлі ў суд і пасадзілі на 15 сутак за арганізацыю несанкцыянаванага мітынгу прадпрымальнікаў, які адбыўся 10 лютага.

Усяго за акцыі пратэсту гарадзенскіх прадпрымальнікаў пасадзілі пяць чалавек. За кратамі застаецца пакуль Мікола Лемяноўскі — прадпрымальнік і праваабаронца. Яго пасадзілі на 15 сутак і павінны выпусьціць 18 сакавіка.

А ўчора зь міліцэйскага спэцпрыёмніка выпусьцілі Андрэя Пачобута —журналіста вэбсайту “Газэта “Пагоня”, яго пасадзілі на 10 сутак таксама нібыта за ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу прадпрымальнікаў.
XS
SM
MD
LG