Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лідэра прадпрымальнікаў будуць трымаць за кратамі


Любоў Лунёва, Менск Лідэр грамадзкай арганізацыі “Пэрспэктыва” Анатоль Шумчанка падазраецца ў злосным хуліганстве. Супраць яго распачалі крымінальную справу за тое, што ён нібыта зьбіў сукамэрніка ў часе адбыцьця пакараньня (10 сутак арышту) за ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу прадпрымальнікаў 1 сакавіка.

Лідэр прадпрымальнікаў Анатоль Шумчанка, адбыўшы 10 сутак арышту ў спэцпрыёмніку, зноў апынуўся за кратамі.

Ужо трэція суткі яго трымаюць у камэры ізалятару часовага ўтрыманьня. Нагадаем, 11 сакавіка скончыўся тэрмін яго пакараньня за арганізацыю мітынгу прадпрымальнікаў 1 сакавіка. Паплечнікі Анатоля сабраліся ля брамы спэцпрыёмніка, каб сустрэць свайго лідэра, але да іх выйшаў дзяжурны і паведаміў, што Шумчанку адпусьцілі на гадзіну раней. Міліцыянт запэўніў прысутных, што былы вязень на волі. Але Анатоль дахаты не прыйшоў і нікому не патэлефанаваў.

Толькі раніцай высьветлілася, што яго ўтрымліваюць за кратамі ізалятару, бо ён падазраецца ў зьдзяйсьненьні крымінальнага злачынства. Сам Анатоль Шумчанка пасьпеў сказаць некалькі словаў на перапынку ў часе допыту. Паводле яго, сукамэрнікаў штодня выводзілі на працу, а ён заставаўся ў камэры адзін. Аднойчы прывялі ўсіх, за выключэньнем таго арыштаванага, у якога на лбе быў фурункул. Сьледчы паведаміў Анатолю, што ён падазраецца ў зьбіцьці гэтага чалавека. Крымінальную справу за злоснае хуліганства распачалі супрацоўнікі Маскоўскага ўпраўленьня ўнутраных справаў.

Паплечнікі Анатоля Шумчанкі гэты інцыдэнт расцанілі як мэтанакіраваны ціск на прадпрымальніцкі рух. Яны накіравалі лісты міністру ўнутраных справаў і кіраўніку Міністэрства статыстыкі. Гаворыць намесьнік Анатоля Шумчанкі Аляксандар Лапотка:

(Лапотка: ) “Мы абураныя. Улады жадалі правесьці ўсё гэта ціха. Але прадпрымальніцкая хваля абурэньня ахапіла ўсю рэспубліку. Мы даслалі факсы міністру ўнутраных справаў, міністру статыстыкі і прэзыдэнту. Мы папярэдзілі іх, што выходзім зь перамоўнага працэсу, пакуль ня вызваляць нашых лідэраў. Папярэдзілі, што прадпрымальнікі зноў пойдуць на актыўныя дзеяньні. Мы склікаем агульнарэспубліканскую раду. Там мы вырашым, якія мэханізмы задзейнічаем дзеля вызваленьня Анатоля Шумчанкі і дзеля вырашэньня нашых праблемаў. Дзяржава сама паставіла сябе ў дзіўнае становішча. Улады разьлічвалі, што прадпрымальнікі ня выйдуць 25 сакавіка. Але дабіліся таго, што яны яшчэ больш згуртаваліся і 25 сакавіка абавязкова выйдуць на вуліцу”.

Пракуратура Маскоўскага раёну прыняла рашэньне яшчэ тыдзень трымаць Анатоля Шумчанку за кратамі. Калі яго абвінавацяць у злосным хуліганстве і справа дойдзе да суду, лідэр прадпрымальнікаў можа апынуцца за кратамі тэрмінам да трох гадоў.
XS
SM
MD
LG