Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“International Herald Tribune”: “Газпром” зьбіраецца пастаўляць газ у Эўропу ў абыход Беларусі і Ўкраіны


Алена Радкевіч, Прага На поўначы Расеі, дзе яшчэ чакаюць свайго часу велізарныя запасы газу, энэргетычны гігант “Газпром” распрацоўвае новую шматмільярдную стратэгію паставак, – паведамляе сёньня газэта “International Herald Tribune”. “Газпром” шукае эўрапейскіх партнэраў, якія б далі грошы на новы падводны трубаправод. Ён працягнецца ад Пецярбургу да Нямеччыны, а потым, магчыма, і да Брытаніі; кошт яго, паводле ацэнак, складзе ад васьмі да дзесяці мільярдаў даляраў. Такім чынам Расея спадзяецца пастаўляць газ у Эўропу у абыход Беларусі і Ўкраіны.

“Газпром” сьцьвярджае, што новы трубаправод неабходны, каб забясьпечыць наўпроставыя, а не транзытныя пастаўкі газу ў Эўропу. “Але, паводле аналітыкаў, праект мае палітычныя прычыны, – піша“International Herald Tribune” у артыкуле “Газпром марыць аб трубаправодзе ў Эўропу”. – Расея хоча зьменшыць сваю залежнасьць ад Беларусі і Ўкраіны – найбольш важных краін транзыту расейскага газу на эўрапейскія рынкі”. Сёньня 80% паліўнага экспарту “Газпрому” у Эўропу ідзе праз Украіну.

“Паўночнаэўрапейскі газаправод зьяўляецца палітычнай заявай Расеі – і вельмі дарагой паводле цаны заявай”, – сьцьвярджае Джонатан Стэрн, які ўзначальвае газавы сэктар у Оксфардзкім інстытуце энэргетычных праблем. А Аркадыюш Сарна, экспэрт у пытаньнях энэргетыкі Цэнтру ўсходніх дасьледаваньняў у Варшаве, назваў трубаправод “праектам, які ня мае эканамічнага абгрунтаваньня”. “Эўрапейцы пра гэта ведаюць, – сказаў ён. – Прычыны, хутчэй, палітычныя. Дачыненьні Расеі зь Беларусьсю і Ўкраінай не такія ўжо добрыя.” На думк у некаторых аналітыкаў, больш мэтазгодна было б пашырыць і мадэрнізаваць два наяўных трубаправоды, якія ідуць праз Украіну і Беларусь. Плянуецца, што новы паўночнаэўрапейскі праект будзе мець прапускную здольнасьць у 30 мільярдаў кубамэтраў газу на год, але ж прапускная здольнасьць аднаго толькі беларускага трубаправоду – 20 мільярдаў кубамэтраў, а патэнцыял украінскага – 175 мільярдаў, праўда ў Беларусі Расея пабудавала толькі адну лінію, а ўкраінскі не выкарыстоўваецца на поўную магутнасьць, хаця яго можна мадэрнізаваць,”– прыводзіць “International Herald Tribune” меркаваньні экспэртаў. “Газпром” ня выявіў зацікаўленьня ніводным з гэтых варыянтаў.

Транспартаваньне паліва не было зьвязанае з рызыкай за часамі СССР, калі Крэмль выкарыстоўваў Беларусь і Ўкраіну як галоўныя транзытныя шляхі для пастаўкі газу ў тагачасную камуністычную Ўсходнюю Эўропу, а празь яе – і ў Заходнюю.

Аднак пасьля распаду СССР расейскія ўлады вымушаныя кожны раз дамаўляцца зь незалежнымі Беларусьсю і Ўкраінай пра цану транзыту. “Украіна і Беларусь спрабавалі нажыцца, прызначаючы высокія транзытныя мыты. Але абедзьве краіны залежныя ад “Газпрому” у сваіх паліўных патрэбах. У 2002 годзе, калі Беларусь спрабавала пратэставаць супраць мэтадаў “Газпрому”, Расея ў выглядзе папярэджаньня на некалькі дзён спыніла пастаўкі, – нагадвае “International Herald Tribune”. – І гэты інцыдэнт таксама прымусіў “Газпром” задумацца аб альтэрнатыўных шляхах”.

На думку аналітыкаў, новы трубаправод “Газпрому”, нягледзячы на велізарныя выдаткі, будзе ўсё адно недастаткова вялікім, каб забясьпечыць патрэбы Эўропы ў газе на бліжэйшае дзесяцігодзьдзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG