Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Вэртыкальніка” з Івацэвічаў арыштавалі на рабочым месцы


Алег Супрунюк, Берасьцейская вобласьць Арыштаваны старшыня Івацэвіцкага райвыканкаму Віталь Дзьмітраніца. Яго абвінавачваюць у хабарніцтве: паводле папярэдніх зьвестак, кіраўнік мясцовай вэртыкалі атрымаў 5 тысяч амэрыканскіх даляраў.

Віталя Дзьмітраніцу затрымалі непасрэдна на рабочым месцы. Адмысловую апэрацыю праводзілі супрацоўнікі адразу некалькіх сілавых структураў Берасьцейскай вобласьці. Факт затрыманьня раённага чыноўніка пацьвердзіў начальнік аддзелу ў барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй абласной пракуратуры Сьцяпан Ляшок.

(Ляшок: ) “Заведзена крымінальная справа паводле часткі 3 артыкулу 430 Крымінальнага кодэксу (атрыманьне хабару асобай, што займае адказнае становішча) у адносінах да старшыні Івацэвіцкага райвыканкаму Дзьмітраніцы”.

Затрыманьне кіраўніка раённай вэртыкалі адбылося ў часе атрыманьня ім хабару памерам 5 тысяч даляраў. Паводле неафіцыйных зьвестак, за гэтыя грошы спадар Дзьмітраніца нібыта зьбіраўся паспрыяць аднаму зь бізнэсоўцаў у адкрыцьці станцыі тэхнічнай дыягностыкі аўтамабіляў, а таксама атрыманьні дазволу на валоданьне тэрыторыяй для паляваньня.

Віталь Дзьмітраніца працаваў на пасадзе старшыні Івацэвіцкага райвыканкаму трохі больш за год. Дагэтуль ён адказваў за стан сельскай гаспадаркі ў Берасьцейскім раёне.

Мясцовыя жыхары згадваюць, што сёлета ўпершыню пачулі прамову спадара Дзьмітраніцы на беларускай мове. Здарылася гэта ў часе ўрачыстасьцяў з нагоды дня нараджэньня славутага выхаванца івацэвіцкай зямлі Тадэвуша Касьцюшкі.
XS
SM
MD
LG