Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадпрымальнікі пішуць Навумаву, патрабуюць спыніць перасьлед іхнага лідэра


Міхал Стэльмак, Менск Перасьлед старшыні грамадзкага аб’яднаньня “Пэрспектыва” Анатоля Шумчанкі прадпрымальнікі краіны лічаць неабгрунтаваным. На іх думку, гэты інцыдэнт можа пашкодзіць у справе ўрэгуляваньня канфлікту з уладамі. Нагадаем, ад 1 сакавіка дробныя бізнэсоўцы праводзяць агульнанацыянальны страйк, мэта якога — адмена альбо маратор на ўплату падатку на даданую вартасьць.

У прадпрымальніцкім асяродзьдзі сёньня шырока абмяркоўваліся апошнія падзеі, зьвязаныя з кіраўніком “Пэрспэктывы”. Бізнэсоўцы адмаўляюцца верыць у хуліганскія дзеяньні Анатоля Шумчанкі. Яны сьцьвярджаюць, што ён ніколі ня даказваў сваю “праўду” пры дапамозе кулакоў.

На думку намесьніка старшыні “Пэрспэктывы” Аляксандра Лапоткі, які ўжо шмат гадоў ведае Анатоля, у цяперашняга здарэньня не крымінальны, а палітычны падтэкст:

(Лапотка: ) “Гэта самаўпраўства ўлады супраць супраць актывістаў-прадпрымальнікаў. А канкрэтна: супраць Анатоля Шумчанкі, які ўзначаліў гэтае прадпрымальніцкае таварыства і аб’яднаў усіх прадпрымальнікаў. Перасьлед Шумчанкі — гэта акт запалохваньня іншых лідэраў, каб яны не зьяўляліся ў Беларусі. Цяпер відавочна, што супраць людзей, у дадзеным выпадку прадпрымальнікаў, якія выйшлі на плошчу бараніць свае інтарэсы, у прыватнасьці, права на працу, дзяржава разгарнула буйнамаштабны ціск. Нас заклікаюць да дыялёгу, да круглых сталоў. Але за сваімі сьпінамі “прыгожых гальштукаў” і “белых кашуляў” яны зьдзяйсьняюць непрыгожыя справы. Аказваюць ціск на прадпрымальнікаў”.

У сувязі з новай справай Шумчанкі “Пэрспэктыва” ад імя прадпрымальнікаў краіны накіравала пратэст міністру ўнутраных справаў Уладзімеру Навумаву. Пра нэгатыўнае стаўленьне прадпрымальнікаў да перасьледу іхнага лідэра паінфармаваны і ўрадавыя структуры, якія выпрацоўваць праект рашэньня наконт падатку на даданую вартасьць для прадстаўнікоў дробнага бізнэсу.

Нагадаю, на мінулым тыдні Аляксандар Лукашэнка ў часе наведаньня аднаго са сталічных рынкаў у менскім мікрараёне Малінаўка заявіў, што канчатковы лёс падатковага новаўвядзеньня будзе абвешчаны ўжо на гэтым тыдні. Паводле “Пэрспэктывы”, прадпрымальнікі разьлічваюць, што ўлады пойдуць насустрач удзельнікам агульнанацыянальнага страйку. Тым больш, што акцыя пратэсту ў многіх рэгіёнах працягваецца. Вось, напрыклад, што паведаміў на гэты конт лідэр прадпрымальнікаў Салігорску Аляксандар Цэцура:

(Цэцура: ) “Стаім пакуль яшчэ. Я правёў сход, на якім было вырашана, што калі будзе надрукавана ў газэтах пра маратор, то тады выйдзем на працу. А так — словы словамі, але пакуль няма нічога. Вырашылі пачакаць да аўторка”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG