Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывістка АГП у Калінкавічах суд прайграла


Казімер Яноўскі, Калінкавічы У Калінкавічах судзьдзя Галіна Загвозьдзіна задаволіла пазоў падатковай інспэкцыі супраць актывісткі Аб’яднанай грамадзянскай партыі, незарэгістраванага кандыдата ў дэпутаты парлямэнту Людмілы Краснасельскай.

Паводле рашэньня суду Людміла Краснасельская забавязана сплаціць у бюджэт 2 мільёны 797 тысяч рублёў падаходнага падатку. Калінкавіцкія падаткоўцы падлічылі ўсе камунальныя плацяжы актывісткі АГП. Да іх прыплюсавалі інфармацыю з банкаў пра пакупку валюты ў розныя гады на імя спадарыні Краснасельскай. Параўнаўшы ўсё гэта з дэклярацыяй даходаў, якую падала летась Людміла Краснасельская перад выбарамі ў парлямэнт, падаткоўцы прыйшлі да высновы, што спадарыня Краснасельская атрымала ў 2003 годзе даход блізу 16 мільёнаў рублёў — нашмат большы, чым пазначаны ў дэклярацыі. З гэтай сумы актывістка АГП і павінна сплаціць падатак ды яшчэ судовыя выдаткі амаль на 300 тысяч рублёў.

Тлумачэньні адказчыцы ды шэрагу сьведкаў, для якіх спадарыня Краснасельская набывала валюту, судзьдзя Загвозьдзіна ў разьлік не ўзяла. Не задаволіла яна і хадайніцтва наконт атрыманьня непасрэдна з банкаў пісьмовай інфармацыі пра пакупку валюты на імя адказчыцы. Гаворыць адвакатка спадарыні Краснасельскай Ніна Дакучаева:

(Дакучаева: ) “Я лічу, што рашэньне незаконнае. Мы прадстаўлялі доказы, што грошы дзеля набыцьця валюты Краснасельская брала і ў доўг, і на падставе дамоваў-даручэньняў. Пакуль ёсьць толькі фраза: суд вырашыў спагнаць 2 мільёны 797 тысяч рублёў. Няма апісаньня, на падставе чаго судзьдзя так вырашыла. Я брала ўдзел у працэсе і пераканана, што рашэньне незаконнае і яго трэба абавязкова абскарджваць”.

Сама Людміла Краснасельская мяркуе, што новы судовы пераслед — гэта працяг парлямэнцкай выбарчай кампаніі.

(Краснасельская: ) “Гэта працяг парлямэнцкіх выбараў. Раней мяне таксама каралі. Апраўдаць цяпер — значыць, пярэчыць ранейшаму выраку суду. Я сапраўды купляла даляры на свой пашпарт і маці, і знаёмым. Падаткоўцы з гэтага зрабілі выснову, што мае расходы не адпавядаюць даходам. Яны хочуць здушыць мяне да канца. Хочуць даказаць, што я такая-сякая, падрываю эканоміку Беларусі”, — кажа спадарыня Краснасельская.

Раней Калінкавіцкі суд з ініцыятывы падатковай інспэкцыі ўжо караў штрафам Людмілу Краснасельскую за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасьць. Было гэта летась, акурат за дзень да рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты парлямэнту. Падставай для пакараньня сталі заявы супрацоўнікаў раённага Дому культуры наконт таго, што спадарыня Краснасельская прывозіла ім з Польшчы ў 2003 годзе каўбасу ды паштэты на 214 тысяч рублёў.
XS
SM
MD
LG