Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Афіцыйны Менск ліст Джона Маккейна ў абарону Міхаіла Марыніча пакуль не камэнтуе


Алег Грузьдзіловіч, Менск Беларускія афіцыйныя асобы не камэнтуюць ліст амэрыканскага сэнатара Джона Маккейна ў абарону Міхаіла Марыніча. Тым часам сынам Міхаіла Марыніча адмовілі ў магчымасьці наведаць бацьку ў калёніі, дзе днямі зь ім здарыўся інсульт.

Прэсавая служба Аляксандра Лукашэнкі не камэнтуе адкрытага ліста ў абарону Міхаіла Марыніча, які напярэдадні распаўсюдзіў амэрыканскі сэнатар Джон Маккейн. Кіраўнік прэсавай службы Павал Лёгкі заявіў для Радыё Свабода на просьбу пракамэнтаваць зварот вядомага амэрыканскага сэнатара:

(Лёгкі: ) “Вы можаце сказаць, што ў прэсавай службе на гэты конт ніякіх камэнтароў не атрымалі”, — сказаў Павал Лёгкі.

Паводле яго, у прэсавай службе не атрымлівалі ліста Маккейна і там няма зьвестак, што такі ліст быў Аляксандру Лукашэнку накіраваны. Пры гэтым Павал Лёгкі прызнаў, што на сайтах некаторых электронных мэдыяў ён бачыў тэкст, названы лістом Джона Маккейна.

Амэрыканскі сэнатар Джон Маккейн зьвярнуўся з адкрытым лістом да Аляксандра Лукашэнкі на падставе апошніх падзеяў вакол былога беларускага міністра і амбасадара, а цяпер апазыцыйнага дзеяча Міхаіла Марыніча. Сэнатар праінфармаваў беларускага прэзыдэнта, што з 3 сакавіка, цягам чатырох дзён супрацоўнікі аршанскай калёніі не давалі Міхаілу Марынічу лекі, у выніку 7 сакавіка зь ім здарыўся інсульт. “Я заклікаю вас вызваліць Міхаіла Марыніча неадкладна і без папярэдніх умоваў і дазволіць яму атрымаць адэкватную мэдычную дапамогу ў нармалёвых мэдычных установах”, — заклікаў Аляксандра Лукашэнку сэнатар ЗША Джон Маккейн. Гэты заклік пакуль застаецца без адказу. Адмовіўся камэнтаваць ліст Джона Маккейна і Руслан Есін, які выконвае абавязкі кіраўніка ўправы інфармацыі МЗС Беларусі.

Што вядома пра цяперашні стан здароўя Міхаіла Марыніча? У дэпартамэнце выкананьня пакараньняў кажуць, што Марыніч адчучае сябе “значна лепей”. У якасьці доказу кіраўнік дэпартамэнту Ўладзімер Коўчур распавёў пра значную падзею ў асабістым жыцьці Міхаіла Марыніча — 12 сакавіка ў калёніі Марыніч зарэгістраваў шлюб з Тацянай Баранавай. Новая жонка Міхаіла Марыніча Тацяна Баранава паведаміла, што дрэнныя сымптомы перанесенага інсульту ў Марыніча яшчэ застаюцца, але “з мовай у суботу было лепей”.

Сынам Міхаіла Марыніча ў магчымасьці сустрэцца зь ім адмоўлена. Паводле Ігара Марыніча, гэта патлумачылі тым, што “ліміт спатканьняў сваякі ўжо выкарысталі”. Ігар Марыніч атрымаў зьвесткі пра здароўе бацькі ад доктара хуткай дапамогі, які аглядаў Міхаіла Марыніча адразу пасьля перанесенага інсульту. Вось што ён распавёў пра вынікі гэтага агляду:

(Ігар Марыніч: ) “Доктар, які выяжджаў да яго ў ноч з 7 на 8 сакавіка, канстатаваў востры сардэчны прыступ са звужэньнем сасудаў кары галаўнога мозгу. І ён лічыць, што гэта з той прычыны, што яму не давалі лекі”.

Сваякі Міхаіла Марыніча працягваюць настойваць на тым, што яму немагчыма аказаць кваліфікаваную дапамогу ва ўмовах звычайнай мэдычнай часткі пры калёніі. Жонка Марыніча Тацяна Баранава таксама лічыць, што “ўмовы лячэньня ня самыя лепшыя”.
XS
SM
MD
LG