Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Другім прэзыдэнтам Беларусі магла б стаць Натальля Машэрава”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Зьяўленьне на беларускім палітычным полі былога рэктара Белдзяржунівэрсытэту Аляксандра Казуліна па-ранейшаму хвалюе і цікавіць многіх нашых слухачоў. Зь ліста на гэтую тэму зь Вільні, ад былога настаўніка гісторыі, а цяпер старшыні Таварыства беларускай мовы Віленшчыны Юры Гіля, і пачну сёньняшнюю размову:

“Нарэшце ў Беларусі нарадзілася “трэцяя сіла” — грамадзкі народны рух “Воля народу”. Ёсьць надзея, што будзе і посьпех у барацьбе за свабоду і дэмакратыю, супраць самаўладзьдзя. Наша суполка Таварыства беларускай мовы падтрымлівае гэты рух. Падпісанты заявы зрабілі гераічны ўчынак, які можа лічыцца прыкладам для іншых. Радуе, што пад заявай мы ўбачылі і подпіс старшыні нашага таварыства Ніла Гілевіча. Я і мае аднадумцы лічым, што кіраўніком Беларусі на гэтым этапе павінна быць жанчына, беларусачка. У нас шмат адукаваных прыгожых жанчын — як у самой Беларусі, так і за яе межамі. Бяда толькі ў тым, што людзі пра іх ня ведаюць, бо сродкі масавай інфармацыі знаходзяцца ў адных руках. Вельмі дастойная кандыдатура — Натальля Пятроўна Машэрава, якая для вельмі многіх людзей можа стаць сымбалем надзеі на лепшую будучыню Беларусі”.

На маю думку, спадар Гіль, пакуль рана сьцьвярджаць, што грамадзкая арганізацыя “Воля народу”, створаная былым рэктарам Белдзяржунівэрсытэту Аляксандрам Казуліным, стала той самай “трэцяй сілай”, на адсутнасьць якой у Беларусі наракаюць ужо, бадай, гадоў дзесяць і якая б займела большыя шанцы на посьпех, чым мелі дагэтуль іншыя падобныя ініцыятывы. Нягледзячы на сваю досыць памяркоўную палітычную пазыцыю і вельмі стрыманую крытыку на адрас Лукашэнкі, створаная Казуліным арганізацыя зь першых дзён сутыкнулася з жорсткім супрацьдзеяньнем з боку ўлады. І няма ніякіх падставаў чакаць, што ў яе будзе больш магчымасьцяў для палітычнай дзейнасьці, чым у іншых апазыцыйных сілаў.

Што да асобы Натальлі Машэравай. Сапраўды, значная частка беларускага грамадзтва з настальгіяй згадвае час, калі кіраўніком савецкай Беларусі быў яе бацька Пётар Машэраў. Пазнавальнае імя ў прэзыдэнцкай кампаніі шмат значыць. Але якая палітычная пазыцыя ў спадарыні Машэравай? Якое яе стаўленьне да дэмакратычнай будучыні Беларусі, да палітычных рэформаў, да беларускай незалежнасьці, урэшце — да моўнай праблемы? У ранейшыя гады яе адказы на гэтыя пытаньні былі даволі супярэчлівымі.

Новы ліст ад настаўніка-пэнсіянэра Алеся Ляскоўскага зь вёскі Сугакі Ваўкавыскага раёну. Алесь Іванавіч па-ранейшаму разважае пра лёс Беларусі і шукае адказ на пытаньне пра дэмакратычнага лідэра краіны. Ён піша:

“Пакуль што не ідуць нам на карысьць ні грузінская “рэвалюцыя ружаў”, ні ўкраінская “аранжавая” рэвалюцыя. Аднак жа, хоць ёсьць з каго браць прыклад ды вучыцца. Кансалідацыя ўсіх здаровых дэмакратычных сілаў ды гармонія волі і розуму здольныя зьдзейсьніць цуд, што так разумна і прыгожа ажыцьцявілі ў сваіх краінах грузіны ды ўкраінцы. Каб уяўную, слоўную, фальшывую дэмакратыю ў нашай краіне замяніць на сапраўдную, цывілізаваную, эўрапейскую — Беларусі сёньня яўна не хапае такіх палітыкаў, як Зянон Пазьняк, Валерыя Навадворская ці нават Павал Севярынец. На хвалях Радыё Свабода варта было б часьцей даваць слова менавіта такім палітыкам — палітыкам зь перчыкам, з разыначкай, з іскрынкай, а не гнілым аморфным лібэралам”.

У сваім лісьце Алесь Ляскоўскі прапануе правесьці апытаньне сярод слухачоў “Свабоды” — хто, на іх думку, павінен стаць наступным прэзыдэнтам Беларусі. Яму здаецца, што гэткім чынам калектыўнымі намаганьнямі можна вызначыць свайго беларускага Саакашвілі ці Юшчанку. Падобныя апытаньні, Алесь Іванавіч, мы часам праводзім. Але якія новыя імёны могуць назваць людзі, калі на ўсіх тэлеканалах ім паказваюць толькі аднаго палітыка, усіх іншых бэсьцячы ды зьневажаючы? Відавочна, грамадзтвам запатрабаваныя новыя яркія імёны — тыя, каго ы называеце палітыкамі “зь перчыкам” ды “з разыначкай”. Мы заўсёды радыя даць слова такім людзям, калі яны заявяць пра сябе, вызначацца грамадзка значнымі справамі, стануць суб’ектамі беларускай палітыкі. Але знаходзіць іх, навучаць ды натхняць на палітычныя зьдзяйсьненьні павінны ўсё ж не журналісты.

Ліст ад Юрася Навіцкага зь Менску. Слухач падзяліўся сваімі назіраньнямі і ўражаньнямі ад гутарак зь людзьмі, якія сумуюць па Савецкім Саюзе і не прызнаюць беларускай мовы.

“Неяк ехаў у аўтобусе і быў сьведкам таго, як адзін пэнсіянэр гучна, на ўвесь салён, расказваў пра тое, як яму добра жылося пры камуністах, якія былі парадак і дысцыпліна. І так упэўнена, з выклікам ён гэта даводзіў — ну, нібы на партыйным сходзе. Я не стрываў, нагадаў яму пра тое, што тыя камуністы зьнішчылі мільёны невінаватых людзей. Дык ён аж узьвіўся і ў адказ мне кінуў: “А почему ты на вашей мове не говоришь?” Вось дык аргумэнт — прычым тут мова? Што яна гэтаму дзядзьку, аблегчанаму сярпом ды прыплюснутаму молатам, спакою не дае?

А цяпер вось дабіраюся прыгараднымі цягнікамі з Магілёва да Менску і пішу гэты ліст на Свабоду. У магілёўскім дызелі прыпынкі абвяшчаюць па-расейску. Недзе паблізу зноў якісь балбатлівы дзядзька настаўляе маладую жанчыну з хлопчыкам. Азіраюся — чэша на ўвесь вагон пра развалены ворагамі Саюз, пра чаўнакоў, якія возяць кепскія тавары, хваліць Лукашэнку і хваліцца, што сам ён з Расеі. Маладая маці спрабуе ціхенька пярэчыць, нагадвае аб правах чалавека. А дзядзька ўрэшце дабраўся да мовы (можа, зачапіўся за чыёсьці беларускае слоўца). Завёў нешта пра сапсаваны (перакручаны) “русский язык”, пра тое, што даўно пара пакончыць з гэтай мовай. Дарэчы, спрэчкі на гэты конт (жартоўныя ці сур’ёзныя) бываюць нават у дэмакратычным магілёўскім асяродзьдзі. Але сёньня спрачацца ніяк не выпадала — ня лезьці ж у чужую гаворку і не крычаць праз увесь вагон. Але пачутае зачапіла”.

Далей у сваім лісьце Юрась Навіцкі расказвае пра тое, якім адкрыцьцём асабіста для яго стала знаёмства са слоўнікам так званай “старажытнарускай” мовы — там ён знайшоў мноства словаў, якія ў расейскай мове даўно не ўжываюцца, а вось у беларускай жывуць і сёньня — “мыта”, “апошні”, “бортнік”, “перамога”, вельмі і шмат іншых. Свой ліст на Свабоду Юрась Навіцкі заканчвае так:

“На падставе гэтага слоўніка я ўпэўніўся, што спадкаемцай так званай “старажытнарускай” мовы зьяўляецца менавіта мова беларусаў, а не расейцаў. І гэта беручы пад увагу дзьвесьце год жорсткай русіфікацыі, якая не спыняецца і сёньня. Таму, мне здаецца, сорамна павінна быць тым “расейцам”, якія пагарджаюць нашай мовай”.

Пагарджаюць, спадар Навіцкі, ня столькі расейцы, колькі самі беларусы. Шукаць прычыны цяперашняга стану беларускай мовы за межамі Беларусі і беларускага грамадзтва — шлях, на маю думку, памылковы і бясплённы. Паглядзіце на этнічны склад беларускага насельніцтва: тры чвэрці лічаць сябе беларусамі. Пацікаўцеся, чые прозьвішчы стаяць пад дакумэнтамі, згодна зь якімі беларуская мова выціснута з грамадзкага ўжытку — са справаводзтва, з сыстэмы адукацыі, са сродкаў масавай інфармацыі? Гэта прозьвішчы этнічных беларусаў.

Ніякая палітыка русіфікацыі ня здолела прымусіць адмовіцца ад сваёй мовы нашых суседзяў — літоўцаў, латышоў, украінцаў… Хоць сытуацыя з засяленьнем гэтых краінаў расейскамоўнымі мігрантамі была ў шэрагу выпадкаў значна больш сур’ёзная, чым у Беларусі. Словам, карані заняпаду мовы, на маю думку, трэба шукаць найперш унутры самога беларускага грамадзтва, а не па-за ім.

На заканчэньне — фрагмэнт ліста Леаніда Валошкі з Радашковічаў Маладэчанскага раёну. Слухач напісаў пад уражаньнем нядаўняга выпадку, калі дзяржаўныя тэлеканалы некалькі разоў паказалі фільм амэрыканскага рэжысэра Майкла Мура “Фарэнгейт9/11”.

“Напэўна, улады разьлічвалі, што гэтым фільмам пакажуць беларусам, якая дрэнная Амэрыка і амэрыканская ўлада, — піша слухач. — Але ж атрымалася па-іншаму. Усе людзі ў Беларусі ўбачылі, што ў Злучаных Штатах рэжысэр можа, нічога не баючыся, зьняць фільм, дзе ёсьць рэзкая непрыемная крытыка на адрас прэзыдэнта. І гэты фільм зусім легальна паказвалі ў кінатэатрах па ўсёй Амэрыцы. А цяпер уявім, што ў Беларусі нейкі тэлеканал ці кінатэатар адважыліся паказаць фільм Юрыя Хашчавацкага “Звычайны прэзыдэнт” — пра Аляксандра Лукашэнку. Дзе апынуліся б кіраўнікі такой тэлекампаніі ці кінатэатра?”

Пытаньне гэтае, спадар Валошка, рытарычнае. Хоць, зрэшты, больш-менш пэўны адказ на яго можна даць — ведаючы, як пацярпелі за рэзкія публікацыі супраць Аляксандра Лукашэнкі журналісты Мікола Маркевіч, Павал Мажэйка і Віктар Івашкевіч (яны былі пазбаўлены волі і адбывалі пакараньне на так званай “хіміі”), а таксама прадпрымальнікі Валеры Леванеўскі і Аляксандар Васільеў, якія дагэтуль застаюцца ў турме.

На мінулым тыдні нам таксама даслалі лісты Мікола Сасквіч з Калінкавічаў, Галіна Сутула з Глыбокага, Дзьмітры Ахрымук з Кобрыні і Генадзь Арлукевіч зь вёскі Багданаўцы Шчучынскага раёну. Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG