Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці падтрымліваеце вы патрабаваньні міжнароднай супольнасьці аб вызваленьні Міхаіла Марыніча?


Галіна Абакунчык, Менск У Беларусі і ў сьвеце нарастае пратэст супраць зьняволеньня вядомага беларускага палітыка Міхаіла Марыніча. Так, утрыманьне Марыніча ў турме асудзіў Эўрапейскі парлямэнт, з адкрытым лістом да Аляксандра Лукашэнкі аб вызваленьні палітвязьня выступіў амэрыканскі сэнатар Джон Маккейн. Як вы ставіцеся да таго, што шэраг заходніх дзяржаў выступаюць за неадкладнае вызваленьне Міхаіла Марыніча? Гэтае пытаньне мінакам на вуліцах Менску задавала наша карэспандэнтка.

(Карэспандэнтка: ) “Як вы ставіцеся да таго, што шэраг эўрапейскіх лідэраў патрабуюць неадкладнага вызваленьня Міхаіла Марыніча?”

(Спадар: ) “Яго трэба вызваліць. Такі разумны чалавек не павязе з сабой празь мяжу ні валюты, ні зброі, ні іншага. Усё!”

(Спадарыня: ) “Я думаю, што гэта нармалёвая зьява, што палітычныя лідэры сочаць за палітычнымі падзеямі ў замежных краінах. Для нас добра, што яны ўсё гэта заўважаюць, але дрэнна тое, што ў нас тут робіцца, зразумела”.

(Спадар: ) “Я разумею так, што чаму ён павінен там сядзець, калі ягонай віны не прызналі? Невінаватыя людзі ўвогуле павінны быць вызвалены, а ў нас жа шмат сядзіць невінаватых. Што вы, самі пра гэта ня ведаеце?”

(Юнак: ) “Зьняволеньне Марыніча — гэта разборкі той жа намэнклятуры. Па-сутнасьці, эўрапейскія лідэры заступаюцца за таго ж Лукашэнку. Нічога ня бачу ў гэтым добрага”.

(Спадар: ) “Ну, чаму ж? Людзі цікавяцца палітычным жыцьцём — гэта, я думаю, нармалёва. Яны не апалітычныя, а займаюць нейкую пазыцыю, і гэта нармалёва”.

(Спадарыня: ) “Я, канечне, гэта падтрымліваю. Сьмешна, канечне, калі фабрыкуюцца такія абвінавачаньні. А мы ўсе ціха маўчым заўсёды. У мяне была б іншая рэакцыя, але і я, як увесь народ, маўчу ў анучку, як гаворыцца”.

(Спадарыня: ) “Яны могуць патрабаваць усё што заўгодна, але Лукашэнка будзе рабіць усё, што ён хоча. Калі што і будзе з гэтага, то запозна, бо гэтак жа ён забіў усю краіну. А тое, што ён садзіць? Адно што ён сваіх жа садзіць — і тое прыемна, крыху”.

(Юнак: ) “Як трэба ставіцца, так і стаўлюся, я ўвогуле вельмі паважаю думку эўрапейскай супольнасьці і лічу, што яны маюць рацыю”.

(Юнак: ) “Мне падаецца, што да ніякіх далейшых дзеяньняў, акцыяў, ці працэсаў у нашай краіне гэта не прывядзе. Аднак гэта вельмі станоўча паўплывае на духоўныя і маральныя пачуцьці саміх беларусаў. Я лічу, што спадар Марыніч не вінаваты і што ён павінен заняць сваё пачэснае месца сярод беларускай эліты і на свабодзе”.
XS
SM
MD
LG