Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Васіль Лявонаў не выключае свайго ўдзелу ў прэзыдэнцкіх выбарах


Ігар Карней, Менск Старшыня апякунскай рады Фонду “За новую Беларусь” Васіль Лявонаў выступіў у Менску з публічнай лекцыяй на тэму “Як мы будзем будаваць беларускую дзяржаву?” Сярод акрэсьленых тэмаў — пэрспэктывы Беларусі на месца ў дэмакратычным сьвеце, шанцы апазыцыі на прэзыдэнцкіх выбарах, а таксама грамадзкае абмеркаваньне праекту Канстытуцыі ў новай рэдакцыі.

Напярэдадні заплянаванай сустрэчы адміністрацыя гатэлю “Юбілейная” скасавала дамоўленасьць на арэнду канфэрэнц-залі, у выніку чаго лекцыю перад студэнтамі беларускіх ВНУ і навучэнцамі Нацыянальнага гуманітарнага ліцэю спадар Лявонаў чытаў у адной зь недабудаваных аптэк на ўскрайку Менску. Аднак форс-мажорныя абставіны яму не перашкодзілі.

(Лявонаў: ) “Трэба расчараваць, разваражыць нашую будучыню, зьняць зь яе праклён. Перадусім, у гэтым зацікаўленыя маладыя. Але ў гэтым ёсьць абавязак і старэйшых пакаленьняў — яшчэ і таму, што абавязаныя несьці адказнасьць за мінулае. Трэба прызнаць, што мы захапіліся лёзунгамі, але ня здолелі спрагназаваць, дапамагчы скіраваць разьвіцьцё працэсу ў нашай краіне, і ў выніку прыйшлі да чарговай “смуты”.

Падчас абмеркаваньня тэмы лекцыі я пацікавіўся ў спадара Лявонава: якім чынам ён сам зьбіраецца браць удзел у будаўніцтве новай беларускай дзяржавы? Ці разглядае верагоднасьць свайго ўдзелу ў прэзыдэнцкіх выбарах? І як увогуле ставіцца да новых імёнаў, якія зьявіліся на палітычным небасхіле?

(Лявонаў: ) “Я вельмі рады, што ёсьць новыя кандыдатуры, і таму бяру на сябе абавязак падтрымліваць усіх, хто за зьмену гэтай улады, усімі сродкамі”.

(Карэспандэнт: ) “А самі будзеце ўдзельнічаць ў прэзыдэнцкай кампаніі?”

(Лявонаў: ) “Я ўвесь час удзельнічаю. Але думаю, што ёсьць вартыя людзі, і мяркую, што яшчэ не апошнія аб’явіліся. Калі я знайду вартага, каму буду служыць, і буду бачыць, што ён зьбіраецца рабіць, я буду на яго працаваць. А калі такога не знайду — тады пагляджу…”

Паводле Васіля Лявонава, дзейная Канстытуцыя — гэта набор зьвестак пра тое, як адна асоба на пасадзе прэзыдэнта прыбрала да сябе бязьмежныя паўнамоцтвы на кіраваньне краінай і грамадзянамі Беларусі. Новая рэдакцыя Канстытуцыі мусіць выразна акрэсьліць адказнасьць вышэйшага кіраўніцтва перад сваім народам, перакананы спадар Лявонаў. А пляцоўкай для дыскусіі мусіць стаць інтэрнэт-сайт Фонду “За новую Беларусь” (www.newbelarus.org), дзе да 1 траўня будуць “акумулявацца” прапановы — якім чынам зрабіць грамадзкае абмеркаваньне найбольш эфэктыўным.

(Лявонаў: ) “Мы заклікаем усіх: давайце задумаемся, і выпрацуем звод правілаў, на падставе якіх зможам наняць дзейную ўладу і зьмяніць яе ў выпадку неабходнасьці. Каб народ кіраваў краінай, мы з вамі, а ня ўлада нас паганяла”.

На думку спадара Лявонава, Канстытуцыя павінна быць абароненая ад бясконцых пераробак на патрэбу ўлады і мусіць заставацца стабільнай хоць бы цягам жыцьця аднаго пакаленьня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG